Грамадства1818

«Партызанская вайна» пад Горадняй: хто адкажа за прабітыя ногі ды колы?

Невядомыя пачалі выстаўляць пасткі з цвікамі ў Румлёўскім лесе, а пацярпелыя пагаворваюць пра самасуд над адным з мясцовых жыхароў.

Румлёва — лясны масіў з векавымі дубамі ды ліпамі на беразе Нёману, улюбёнае месца адпачынку, у тым ліку бегуноў ды раварыстаў. Рэльеф тут няроўны, уверх-уніз, дзясяткі сцяжынак ва ўсе бакі, пераважна неасфальтаваныя.

І ўсё б добра, каб апошнім часам прагулкі або паездкі праз лес не пачалі ператварацца ў прыгоды: то тут, то там трапляюцца пасткі з шыхтам вострых цвікоў, разлічаныя на пешаходаў ды раварыстаў…

«У нас 9 праколатых колаў падчас трэнавання і 3 на спаборніцтвах, — распавядае трэнер дзіцячай спартовай школы раварыст Яўген Камагораў, — я сам прабіў так красовак, добра, што нага не пашкоджаная. Чатыры пасткі мы знайшлі, адну я падараваў участковаму. А колькі яшчэ засталося?»

Трэнер Яўген Камагораў з пасткамі.

Са словаў раварыста падобныя «сюрпрызы» пачаліся з вясны гэтага году: раней нічога падобнага ён не прыгадвае, хоць Румлёва ўжо здаўна традыцыйнае места трэнінгу для ягоных вучняў.

Тры асобнікі спецыфічных «яжоў» сп. Яўген узяў з сабою, каб паказаць: цвікі заточаныя адмыслова і надзвычай востра, а мацаванні, якія «топяцца» ў зямлю, дзе-нідзе маюць дадатковыя гачкі — каб цяжэй было выцягнуць. Адна пастка ўжо іржавая, то бок пастаўленая досыць даўно, але большасць — свежыя і бліскучыя. На сцежцы ўздоўж Нёману яны былі прысыпаныя пяском альбо старой лістотай у якасці маскіроўкі.

В'етнамсія пасткі, якія магчыма натхнілі румлёўскіх партызанаў

Але каму спатрэбілася займацца ў лесе «паляваннем» на мінакоў у стылі партызанскай вайны ў В’етнаме? Камагораў упэўнены, што гэта ўладальнік крайняга дому, які знаходзіцца крыху на адлегласці ад бліжэйшай вёскі Солы, фактычна ў ярку каля Нёмана. Менавіта яму прыпісвалі раней «забарыкадаваныя» голлем сцежкі або абмазванне ветак салідолам у гэтых жа мясцінах, пра што ўжо пісалі СМІ. У каментарах тады пачалі нават з’яўляцца заклікі да самасуду над «шкодным дзедам»…

Гаспадар падворку Зміцер адмаўляе свой удзел у з’яўленні пастак, але, разам з тым, крытыкуе аматараў адпачынку ў Румлёва:

«Гэтыя мясціны не прызначаныя для выгулу сабак, і ездзіць на роварах тут не трэба: зверху ад Солаў адмыслова шлагбаум і знак «цэгла» стаіць. Дык чаго ездзіць? Ходзяць увесь час, а калі п’яныя — дык крычаць, лаяцца…»

Дзед Зміцер, некаторыя лічаць, што ён віноўнік падзей

Зміцер і яго жонка Казіміра прызнаюцца, што раней, калі горад быў далёка, усё было па-іншаму. Зараз жа спальныя кварталы падышлі зусім блізка. З падворкам, скажам, у абмен на кватэру, яны б даўно развіталіся: чуткі пра знос Солаў ходзяць з часоў Брэжнева, але ніяк не зносяць, таму даводзіцца выжываць.

Справай аб пастках зараз займаецца ўчастковы, а гарадзенцам даводзіцца больш уважліва ставіцца да шпацыраў над Нёмнам, якія могуць ператварыцца ў сапраўдную паласу перашкодаў.

Каментары18

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні1

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Усе навіны →
Усе навіны

Над Беларуссю сёння цягнулі на буксіры верталёт ВІДЭА

Медсястру з «Сінэва» асудзілі на немалы тэрмін па палітычным артыкуле і абвесцілі тэрарысткай8

Пракуратура Лейпцыга не выявіла складу злачынства ў дзеяннях дэпутата Дорнау ў Беларусі4

Манашкі Свята-Елісавецінскага манастыра дабраліся да Швейцарыі12

Аляксей Лявончык пра фільм на АНТ: Нашу базу ніхто не ўзломваў6

Тэрарыст у Магдэбургу — бежанец з Саудаўскай Аравіі, але зацяты вораг іслама і прыхільнік «Альтэрнатывы для Германіі»18

Гігін: Мы павінны любіць і абараняць свой герб, сцяг, гімн, Лукашэнку — тады нас будуць паважаць у свеце24

У Гродне п'яны кіроўца маршруткі вёз 13 пасажыраў

Украіна ўпершыню правяла атаку выключна з выкарыстаннем рабатызаваных сістэм

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні1

Усё здарылася на Новы год. Смерць самай публічнай супрацоўніцы мінскага АМАПа дагэтуль пакідае пытанні

Галоўнае
Усе навіны →