ААТ «Лідскае піва» пачало вытворчасць прадукцыі кампаніі PepsiCo на ўласных вытворчых плошчах, паведаміў на прэс-канферэнцыі ў Мінску 16 ліпеня генеральны дырэктар прадпрыемства Аўдрыус Мікшыс.

Паводле яго слоў, прадпрыемства перад пачаткам вытворчасці неабходна было мадэрнізаваць. «Асноўныя інвестыцыі былі скіраваныя на водападрыхтоўку, закуплена даволі складанае абсталяванне. Гэта было абумоўлена тым, што трэба было стварыць умовы для атрымання стабільнай высокай якасці вады. Таксама ўдасканалены купажнае аддзяленне, лінія разліву, шмат абсталявання набыта для лабараторыі. Зараз мы самі можам рабіць экспертызу сыравіны, матэрыялаў і гатовай прадукцыі. Усяго было выдаткавана прыкладна 1 млн 700 тыс. еўра», — адзначыў Мікшыс.
Прадукцыя вырабляецца на лініі магутнасцю 12 тыс. 1,5-літровых бутэлек штогадзіну. Гендырэктар не паведаміў пра магчымыя аб`ёмы вытворчасці, але падкрэсліў, што кампанія будзе старацца павялічваць долю на рынку безалкагольных напояў. Паводле яго слоў, пасля пачатку дыстрыбуцыі напояў кампаніі PepsiCo у Беларусі ў канцы 2014 года іх доля ўзрасла з 3 да 7%. «Я ўпэўнены, што для «Лідскага піва» вытворчасць напояў гэтай кампаніі — гэта найлепшая дамова за апошняе дзесяцігоддзе пасля набыцця ААТ кампаніяй Olvi. Я ўпэўнены, што мы будзем добрым партнёрам, у нас вельмі амбіцыйныя планы, мы гарантуем шырокае прадстаўленне напояў на рынку і дасягненне тых мэт, якія мы прапісалі ў кантракце. Тут выйграюць і PepsiCo, і «Лідскае піва», а самае галоўнае — беларускі спажывец», — лічыць гендырэктар.
Як паведаміла дырэктар па маркетынгу ААТ «Лідскае піва» Людміла Лыткіна, на першым этапе прадпрыемства выпускае марку Pepsi, у жніўні плануецца запуск гандлёвых марак 7up і Mirinda.
На думку дырэктара па развіцці кампаніі Olvi, якая з`яўляецца асноўным акцыянерам ААТ «Лідскае піва» (94,56% акцый), Пеэпа Акеля, супрацоўніцтва «Лідскага піва» і PepsiCo будзе ўзаемавыгадным. «Мы чакаем выхаду на акупнасць праекта на працягу пяці гадоў. Я ўпэўнены, што з гэтым праектам у Беларусі ўсё будзе ў парадку», — сказаў Акель.
Генеральны менеджар, віцэ-прэзідэнт кампаніі PepsіCo у СНД Серхіа Пая зазначыў: «Мы лічым, што ёсць выдатны патэнцыял развіцця рынку газіраваных напояў у Беларусі, і ўпэўненыя, што гэта супрацоўніцтва і аб`яднанне сіл з кампаніяй «Лідскае піва», адным з вядучых вытворцаў піва і напояў у Беларусі, дасць нам магчымасць лепш ахопліваць беларускіх спажыўцоў і ўмацуе пазіцыі нашых брэндаў на рынку. Мы лічым, што выбар аднаго з лепшых вытворцаў у якасці партнёра дазволіць лепш ацаніць якасць нашай прадукцыі».
«Лідскае піва» працуе з 1876 года. У 1994 годзе ператворана ў ЗАТ, у 2000 годзе — у ААТ. У 2009 годзе ААТ «Лідскае піва» ўвайшло ў склад міжнароднага канцэрна Olvi. Выпускае піва, квас, безалкагольныя напоі, сідр.
Кампанія PepsiCo працуе з 1902 года. Прадукцыя прысутнічае на рынках больш як 200 краін, абарот кампаніі ў 2014 годзе склаў 66 млрд. долараў, выпускае 22 брэнды. У кампаніі працуе прыкладна 250 тыс. чалавек.
Каментары