На датэрміновых парламенцкіх выбарах у Грэцыі лідзіруе Кааліцыя радыкальных левых сіл (СІРЫЗА) з 35%, у яе галоўнага суперніка — правацэнтрысцкай «Новай дэмакратыі» (НД) — 28%.
На трэцім месцы знаходзіцца ўльтраправая «Хрысі Аўгі» («Залаты світанак») з 7% галасоў. За ёй ідуць кааліцыйны блок левацэнтрысцкай ПАСОК з «Дэмакратычнымі левымі» (6,3%), Кампартыя Грэцыі (5,6%), а таксама цэнтрысцкая «Патамі» («Рака») (4,1%).
Правацэнтрысцкая партыя «Незалежныя грэкі», што раней уваходзіла ва ўрад разам з СІРЫЗА, набірае 3,7%, і застанецца партнёрам СІРЫЗЫ ва ўрадзе.
СІРЫЗА выйграла парламенцкія выбары ў студзені 2015 г., але ў жніўні урад Цыпраса сышоў у адстаўку.
Цыпрас неаднаразова выказваўся пра супрацьстаянне з ЕС і пагражаў выхадам з еўразоны, але вымушаны быў выконваць патрабаванні крэдытораў з ЕС. Рашэнне пра жнівеньскую адстаўку было выклікана адмовай крайне левай часткі дэпутатаў Сірызы падтрымаць новую дамову з крэдыторамі.
Большасць аналітыкаў упэўненая, што Сірыза працягне выкананне патрабаванняў міжнародных крэдытораў, каб утрымацца ў еўразоне.
Камуністы і радыкалы і раней уваходзілі ва ўрадавыя кааліцыі ў еўрапейскіх краінах. Гэта здаралася ў Францыі пры Франсуа Мітэрану, у Італіі ў 1990—2000-я. Гэта не прывяло да дэзінтэграцыі ЕС, але накладвала адбітак на палітыку саюза. У часе свайго кіравання Сірыза не наклала вета на рашэнні Еўрасаюза па пытаннях вайны ва Украіне і адносін з Расіяй.
Каментары