«Такую гісторыю, як у нас, яшчэ пашукаць трэба»: рэпартаж з вёскі на краі Браслаўскага раёна

Найбяднейшы раён Беларусі — гэта Браслаўшчына. Не зважаючы на прыгажосць прыроды і турыстычны патэнцыял, тут самыя малыя заробкі ў краіне. Уся моладзь з гэтых мясцін з’язджае ці ў сталіцу, ці ў Латвію. Але як жыве сяло? Журналісты «Нашай Нівы» заехалі ў самую глуш — у Барадзенічы.


Жылых хат тут засталося ўсяго 14. Калі глядзім на вёску з вокнаў машыны, то і не зразумееш, ёсць тут жыццё ці няма, бо на вуліцах і на падворках пуста.

Галоўная адметнасць Барадзенічаў — гэта касцёл, якому сёлета 180 гадоў. Мясцовыя кажуць, што храм узнік тут праз тое, што некалі шляхціч Лапацінскі прайграў у карты амаль усе свае землі, апроч Барадзенічаў. Тады ён пакляўся, што верне ўладанні, і пабудаваў касцёл, каб прасіць Боскай дапамогі.

Юрый Ноцунь
Сёння ў гэтым касцёле служыць ксёндз Юрый Ноцунь. Ён жа вядзе і мясцовую прыхадскую школу, куды ходзяць 7 дзяцей. Толькі на ягоным падворку і відаць нейкі рух.

«Мала тут людзей засталося, — кажа пробашч, — але крэпкія. У маёй парафіі найстарэйшай бабулі 95 гадоў і ёсць адна праваслаўная, якой сёлета 100 будзе. Так яшчэ цікава склалася, што і мая бабуля ў гэтых краях жыла. Пасля вайны з сям’ёю ў Польшчу пераехала».

«Я адразу падумаў, што выгадуем, будзе ўпрыгожваць нашую парафію, — расказвае пробашч Юрый, чухаючы бусла пад дзюбай. — Ён сваю тэрыторыю ведае і ахоўвае. Сабак ганяе — яны яго здалёк абыходзяць, і курэй, калі трэба. А пеўні яго баяцца і хаваюцца».
Пробашч таксама кажа, што палавое выспяванне цягнецца ў буслоў тры гады. Таму, імаверна, налета ён знойдзе сабе пару і адляціць.
«Шкада будзе: прывязаліся да яго ўсе. Асабліва мяне здзіўляе, як птушка энергетыку адчувае. Ёсць тут у мяне адзін хлопец у прыхадской школе, ён зладзюжка дробны. Неяк быў нават залезшы ў хату. Бусел гэта чуе і вельмі не любіць яго. Як бачыць, дык б’е, гатовы нават на галаву заскочыць. А таксама Фомка крыўдуе: цяперака я яго на вуліцу не выпускаю, бо холадна, можа куды адляцець і змерзнуць. Ён не разумее ды есці адмаўляецца, б’е мяне, калі я заходжу ў ягоны пакой», — кажа святар.

Паводле Юрыя, утрыманне бусла недарагое — есць ён мясныя адкіды раз-два на дзень. Хіба што, кажа, не варта трымаць птушку ў хаце, дзе ёсць рамонт — загадзіць.
«Калі хаджу ў касцёл, то ён стане ля дзвярэй і стаіць, зазірае ўнутр, але не заходзіць», — дзеліцца назіраннем Юрый.
Мясцовыя бусла любяць: дзеці гуляюцца, а старым ён не замінае.
«У нас тут яшчэ мастак ёсць, знакаміты страшна, вы да яго зайдзіце — хата налева ад крыжа будзе, чырвоная», — развітваецца з намі святар.
Ян Рыдзіка
У той чырвонай цаглянай хаце жыве Ян Рыдзіка са сваёй жонкай. Абодвум па 78 гадоў, былыя настаўнікі — гэдакая вясковая інтэлігенцыя.

Пакой спадара Яна ўпрыгожаны бела-чырвона-белым сцягам, там жа стаіць вялікі мальберт з пэндзлямі. Ян называе гэты пакой «студыяй».

«Я цяпер дома сяджу і жывапісам сваім займаюся, — сустракае гасцей Ян. — Няма тут да каго хадзіць: там старая з сынам маларазвітым жыве, а ў той бок таксама ўдава з сынком- алкаголікам. Рэдка хто заходзіць, і пагаварыць няма з кім. Моладзі няма ўжо гадоў як дзесяць — усе, хто мог грошы зарабляць, адсюль з’ехалі. Цяперака ў суседніх калгасах заробкі каўбасой выдаюць. Калі не пенсіянер, то яшчэ і мільён на хлеб. Але ж мы некалі з жонкай гэтую хату тут і ставілі, бо гэта культурны цэнтр быў. У школе мясцовай па 34 гады адпрацавалі, а цяперака і следу ад яе не засталося. Як мы памром, то ў нашым крыле вёскі людзей не застанецца зусім».

Рыдзікі — па мужчынскай лініі «рукастыя», як іх называюць у народзе, і хітрыя.
Бацька Яна быў знаным майстрам па дрэве — рабіў скрынкі з чорнага дубу, партабакі з загадкамі, ланцугі выразаў з дрэва без швоў паміж звёнамі, маляваў, будаваў. Дзед таксама быў неахвочы да гаспадаркі — рабіў вазы і печкі. А за часамі адмены прыгоннага права адзін з Рыдзікаў навучыўся падрабляць адкупныя граматы і такім чынам раней за астатніх стаў свабодным.
«У Барадзенічах гэдакі культурны цэнтр быў здаўна, — расказвае пра месца спадар Ян. — Яшчэ ў 30-я тут жыў такі ксёндз Шутовіч, правіў багаслужбу на беларускай мове, моладзь п’есы ставіла ў парафіяльным доме. Ставілі там і «Паўлінку», «Пінскую шляхту», «Збянтэжанага Саўку», «Моднага шляхцюка». Звычайныя сяляне гэтым займаліся, не артысты. Потым той парафіяльны дом партызаны спалілі».
У ягонай хаце мноства малюнкаў, шмат прац раскупленыя ў прыватныя калекцыі ва ўсім свеце. Ян — аўтар выставы «Грымотная слава дзядоў». Цяпер ён працуе над новай серыяй па матывах айчыннай гісторыі.

«Вось тут Гусоўскі чытае Боне «Паэму пра зубра», а тут Скарына, доктар лекарскіх навук, прыйшоў да пацыента, а тут князь Брачыслаў засноўвае Браслаў», — паказвае мастак свае творы, якія яшчэ не да канца скончаныя.

Спадар Ян кажа, што плануе скончыць карціны да лета, але ў такім узросце, маўляў, планаваць наперад не выпадае.

Мастак размаўляе па-беларуску. Кажа, што прыйшоў да гэтага ў юнацтве, пазбавіўшыся ад нацыянальных комплексаў.

«Я раней нічога пра Беларусь не ведаў. Чытаў польскія кнігі ды думаў, як ім пашчасціла, якая культура ў іх багатая, колькі слаўных герояў. А мы бедныя, нічога не маем. Але потым неяк дазнаўся пра Беларусь, зразумеў, што такую багатую гісторыю яшчэ пашукаць трэба. Вось і жыву з гэтым, малюю карціны на гістарычныя тэмы», — кажа спадар Ян, за спінаю якога стаіць вялізная шафа, забітая кнігамі.

«Якіх вялікіх людзей наша зямля нараджае!»
«Шмат нашая зямля вялікіх людзей нараджае. Вазьміце вось Барыса Кіта, Дамейку, Судзілоўскага. Хто ў Чылі, хто на Гаваях жыццё скончыў. Усё чаму так? Бо дзяржавы беларускай не было. Калі дзяржавы няма, то нашыя геніі робяцца чужымі, бо выбітному чалавеку, каб рэалізавацца, трэба да некага прыбіцца. «Litwo, Ojczyzno moja!» — нават Міцкевіч пісаў. Але палякі яго сваім лічаць. Хоць ягоныя балады беларускім духам прасякнутыя. Ён жа сюды, на Браслаўшчыну, да дзядзькі свайго Маеўскага на лета прыязджаў!» — усхвалявана кажа Яна Рыдзіка і ўспамінае мясцовыя легенды.
«У Барадзенічаў ёсць сваё паданне. Нібы за часамі Паўночнай вайны патапіўся ў нашым возеры буйны шведскі магнат, вайсковы начальнік. Прыехала сюды ягоная маці, заплыла ў лодцы на сярэдзіну возера і кінула туды чорны жалобны грэбень. Ад таго часу возера торфам зарасло, а дубы пачарнелі. Так і стаяць дагэтуль там чорныя дрэвы. Ну, і жыў побач некалі пан, які забараніў сыну ажаніцца з простай дзеўкай. Яны ўсё адно сустракацца не кінулі, пану пра гэта расказалі, і ён моцна пакараў сына. Тады той з каханай разам уцёк, і патапіліся яны, каб сустракацца на дне возера і далей ад чужых вачэй», — успамінае фальклорныя гісторыі мастак.

Далей гаворка зноў ідзе пра літаратуру.
«Шкада мне Караткевіча: не ў той час ён нарадзіўся, — кажа Ян Рыдзіка. — Вось успомніце Сянкевіча [Генрык Сянкевіч — вядомы польскі пісьменнік, аўтар гістарычнай прозы — АЯ]. Ён значна слабейшы за Караткевіча па сваіх мастацкіх якасцях: сентыментальны не ў меру, пафасны месцамі, слязлівы. Але ён у патрэбны час нарадзіўся, на ягоных кнігах выхоўваліся некалькі пакаленняў палякаў, кнігі былі зразумелыя ўсім абсалютна — ад простых людзей да інтэлігенцыі. Яны ганарыліся продкамі, іхнімі подзвігамі. У Караткевіча таксама ўсё гэта ёсць, але літаратура ўжо перастала быць такой важнай, як была, цяжка цяперака прывучыць моладзь да кнігі, спазніўся чалавек».
Без арыстакратыі і эліты няма народа
«Ну і калі жыў чалавек у д’ябальскай дзяржаве, то мусіць аддаць даніну д’яблу. Апроч «Каласоў пад сярпом тваім» у яго ўсе як ні магнат, то кепскі. Гэта завядзёнка такая, што я — мужык-беларус, не для вас, паноў, песеньку складаю. Хвароба нейкая літаратурная. Добра, што сучасныя аўтары пачалі станоўча паказваць Сапегаў, Радзівілаў. Мо яны гэтага і не заслугоўваюць, але без арыстакратыі і эліты няма народа», — працягвае Ян.
Вельмі хвалюе мастака і будучыня Беларусі.
«Складанае пытанне пра лёс наш. Некалі я думаў, што Быкаў занадта песіміст, асабліва ў выказваннях, у прыватных размовах. А цяпер выглядае, што ён меў рацыю. Бо які ж мы шанец згубілі ў 90-я! Вось, здавалася, нарэшце я жыву ў сваёй краіне. А потым катастрофа — і ўсё пакацілася назад. Таму я бачу наш шанец у слабай Расіі. Чым яна слабейшая, тым мы мацнейшыя», — дзеліцца думкамі мастак.

У размовах пра пакутны лёс беларускай інтэлігенцыі заходзіць гаворка і пра вайну.
«За вайной вёсцы пашанцавала, — кажа Ян Рыдзіка. — У першы прызыў не шмат каго забралі, але тыя ўсю вайну прайшлі. А «запаснякоў» адмабілізавалі ў 1941 годзе. У Шаркаўшчыне эшалон стварылі і на Полацк пагналі. Пару перагонаў праехалі, і навіна: у Полацку немцы! Уся ахова гэтага эшалона некуль змылася, а мужыкі падумалі ды вярнуліся дамоў. Калгасаў у нас тады яшчэ не было, таму ўсе на асобных гаспадарках працавалі ды немцам плацілі падаткі, а тыя сюды амаль і не заглядалі да зімы 43-га. Прыехалі неяк іхнія салдаты, мы ўсе напалохаліся, думалі, што лютаваць будуць. Але тыя толькі кватараваліся, нікога не чапалі. Нашыя бабы потым пасмялелі і пачалі па немцавы аб’едкі хадзіць, каб свіней карміць. І так было, пакуль партызаны тут не з’явіліся. Мо гэта НКВД сваіх дыверсантаў закідаў, не ведаю. Толькі быў у іх штаб побач, хлопцаў нашых яны пад прымусам да сябе забіралі, маглі і да сцяны паставіць. Памятаю, прыходзяць яны ноччу, па 5—6 чалавек, глядзяць на нас, як на ворагаў, ды давай ім, маці, усяго: самагонкі, сала, масла».
Састарэлы мастак перакананы, што дзеянні партызанаў не вартыя былі той рызыкі, на якую яны выракалі народ.

«Колькі яны там шкоды тым немцам зрабілі? Дробязь, — кажа Ян. — Не параўнаць, колькі праз іх цывільныя бяды сцярпелі, ледзь не пазабівалі нас. Неяк паставілі партызаны міну ля самага ўезду ў вёску. Добра, што хтосьці з мужыкоў разбіраўся і міну тую выкруціў. Узарвіся на ёй пару немцаў — спалілі б вёску».
«А як вайна скончылася, то бацьку майго забралі Мінск адбудоўваць. Ён там ледзь з голаду не сканаў. Адпусцілі яго сюды паміраць, дык я на надворку гуляў і не пазнаў яго. Забег у хату ды крычу маці, што да нас нейкі жабрак страшны ідзе. Трохі адкармілі яго, дык і калгас стварылі — зноў голад», — са смуткам успамінае мастак і змаўкае.

Цяпер, пасля перанесенага інсульту, яму цяжка шмат гаварыць.
«Дам я параду вам адну, — кажа Ян на развітанне. — Трэба быць сумленным чалавекам. Калі чалавек сумленны, ён дрэннага іншым і краіне сваёй не зробіць».

Зацемна з вёскі ўжо не выбрацца — апошні транспарт ідзе ля 15 гадзіны. Таму нас падбіраюць двоё маладзёнаў, што на машыне неслілся па вясковай дарозе. За некалькі хвілінаў за акном праносяцца яшчэ некалькі такіх вёсак, юнак за стырном і ягоны сябра ні разу не азіраюцца па баках — яны едуць у горад.

***
Барадзенічы — вёска ў Браслаўскім раёне Віцебскай вобласці. Некалі вялікая і жывая, а цяпер у заняпадзе — сёння ў Барадзенічах жыве менш за 50 чалавек. Браслаўшчына — адзін з самых прыгожых раёнаў беларускага Паазер'я.
Каментары