За апошнія пяць гадоў бізнэс Юрыя Чыжа ператварыўся ў сямейную справу.
Naviny.by даведаліся, чым займаюцца жонка і дзеці арыштаванага заснавальніка кампаніі «Трайпл».
Жонка Святлана Чыж

З будучай жонкай Юрый Чыж пазнаёміўся, калі працаваў на Мінскім трактарным заводзе, куды трапіў па размеркаванні пасля вучобы на электратэхнічным факультэце Беларускага політэхнічнага інстытута.
«Ажаніўся, працуючы ўжо на заводзе. Жонка, Святлана, вучылася на тым жа факультэце, на тры гады маладзейшая», — распавядаў ён газеце «Экспрэс Навіны».
Бізнэсам Святлана Чыж занялася, калі пасталелі дзеці.
«Свой асноўны, скажам так, грамадзянскі абавязак яна выканала — нарадзіла і выхавала траіх дзяцей. Захацелася рэалізаваць сябе. Яна цалкам захопленая сваёй працай», — казаў у інтэрв'ю газеце «Народная воля» кіраўнік кампаніі «Трайпл».
Акрамя гэтага, паводле дадзеных Міністэрства юстыцыі, Святлане Чыж належыць 3,18% у статутным фондзе СТАА «Эліт Эстэйт». Кампанія вядзе будаўніцтва шматфункцыянальнага комплексу каля цырка.
Старэйшы сын Сяргей Чыж
Старэйшы сын бізнэсмена Сяргей Чыж вучыўся ва ўніверсітэцкім каледжы Лондана і Оксфардскім універсітэце.
«Сыну было цяжка ў Англіі, яго цягнула дадому, але ён трываў. А калі скончыў навучанне, сказаў, што хацеў бы вярнуцца. Зараз працуе разам са мной», — распавядаў газеце «Народная воля» Юры Чыж.

Пяць гадоў таму ў інтэрв'ю газеце «Маяк» бізнэсмен казаў, што яго старэйшы сын працуе ў структуры ProStore. Сетка гіпермаркетаў ўваходзіць у групу кампаній «Трайпл», асноўным уладальнікам якой з'яўляецца Юрый Чыж.
Вядома таксама, што ў 2013 годзе Сяргей Чыж стаў членам назіральнай рады ААТ «Мінскі завод пеністых він», акцыямі якога валодае «Трайпл».
Акрамя таго, паводле дадзеных Мінюста, Сяргею Чыжу належыць 47,16% у статутным фондзе СТАА «Данпрод», якое спецыялізуецца на вытворчасці свініны, а таксама 30% у статутным фондзе ТАА «Проперті менеджмент груп», якое рэалізуе прадукцыю ААТ «Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў» і СЗАТ «Кварцмелпрам», якія ўваходзяць у групу кампаній «Трайпл».
Дачка Таццяна Чыж
Сярэдняя дачка Таццяна Чыж вучылася гасцінічнаму бізнэсу ў Швейцарыі.
«У нас цяпер адзін цікавы праект у сферы гасцінічнага бізнэсу з сусветным брэндам «Кемпінскі». І дачка Таццяна абрала кірунак гасцінічнага бізнесу, вучыцца ў Швейцарыі. Ёй падабаецца», — казаў Юры Чыж газеце «Маяк» у 2011 годзе.

Часопіс La Dolce Vita у чэрвені 2015 года пісаў, што Таццяна Чыж атрымала «выдатную адукацыю ў Швейцарыі» і «кіруе часткай рэстараннай справы ў бізнэсе бацькі».
Пад дадзеных Мінюста, дачцэ Юрыя Чыжа таксама належыць 70% у статутным фондзе ТАА «Проперти менеджмент груп».
Малодшы сын Уладзімір Чыж
Малодшы сын пакуль не ўцягнуты ў сямейны бізнэс, але, па непацверджанай інфармацыі, хоча стаць менеджпрам ЗАТ «ХК «Дынама-Мінск», кантрольным пакетам акцый якога валодае «Трайпл».

Браты Аляксандр Чыж і Анатоль Чыж
На сваёй радзіме — у Бярозаўскім раёне — Юрый Чыж заснаваў кампанію «Варыянт», якая вырабляе драўляныя вокны і дзверы, а таксама хаты з клеенага бруса.

Брат бізнэсмена Аляксандр Чыж з'яўляецца яе саўладальнікам з дня заснавання. Да мая 2015 года саўладальнікам кампаніі таксама з'яўляўся яшчэ адзін брат бізнэсмена Анатоль Чыж. Цяпер, па дадзеных Мінюста, 50% у статутным фондзе ТАА «Варыянт» належаць Аляксандру Чыжу, астатнія 50% — Андрэю Чыжу, сыну Анатоля Чыжа і пляменніку Юрыя Чыжа.
Каментары