21 красавіка ў Гомелі на вуліцы Гагарына 50-гадовы кіроўца, пазбаўлены пасведчання за кіраванне транспартам у стане алкагольнага ап'янення, на аўтамабілі «Нісан» пры павароце не прадаставіў перавагі і ўчыніў наезд на пешахода. 60-гадовая жанчына пераходзіла праезную частку дарогі па пазначаным пешаходным пераходзе.
Як паведамілі БелаПАН ва УДАІ УУС Гомельскага аблвыканкама, вадзіцель, не паведаміўшы аб тым, што здарылася, у міліцыю, адвёз пацярпелую дадому. Адчуўшы пагаршэнне стану здароўя, жанчына звярнулася ў бальніцу. Пасля аказання медыцынскай дапамогі яна была адпушчана дадому.
У выніку праведзеных аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў кіроўца быў устаноўлены. У яго налічваецца 41 парушэнне правілаў дарожнага руху.
У гэты ж дзень, 21 красавіка, у Гомелі адбылося яшчэ адно ДТЗ з удзелам пешахода.
Вадзіцель «Пежо», рухаючыся па вуліцы Царыкава, не прадаставіў перавагі і ўчыніў наезд на пешахода 1960 года нараджэння, які пераходзіў праезную частку па нерэгуляваным пазначаным пешаходным пераходзе. Вадзіцель адвёз пацярпелага ва ўстанову аховы здароўя. Аб дарожна-транспартным здарэнні паведамілі відавочцы, патэлефанаваўшы на 102.
У выніку здарэння пешаход атрымаў цялесныя пашкоджанні і быў шпіталізаваны ў бальніцу хуткай дапамогі.
Каментары