Мужчына, які памёр раніцай 22 красавіка ў прыватным медцэнтры «Экамедсэрвіс», не быў яго пацыентам, а суправаджаў сваю сужыцельку, якая прыехала ў Мінск на абследаванне.
Пра гэта паведаміў прэс-афіцэр УУС Кастрычніцкага раёна Мінска Леанід Ушэнін.
Раней ва УУС Кастрычніцкага раёна Мінска заявілі, што абследавацца ў медцэнтры планаваў сам мужчына — жыхар Рэчыцы 1952 года нараджэння. Яму стала блага падчас чакання прыёму ў калідоры, «медыкі спрабавалі яго выратаваць, але ў 8.05 зафіксавалі смерць», сказаў прэс-афіцэр. Паводле папярэдняй інфармацыі, мужчына памёр ад трамбозу, але «канчатковыя высновы будуць зробленыя пасля правядзення судмедэкспертызы», дадаў ён.
Пазней ва УУС удакладнілі, што прайсці абследаванне планаваў не памерлы, а яго сужыцелька. Паводле яе слоў, раней мужчына не знаходзіўся на медыцынскім уліку, зазначыў прэс-афіцэр.
Пра НЗ у «Экамедсэрвісе» стала вядома ад відавочцы. Пацыентка медцэнтра расказала БелаПАН, што сёння каля 10.00 у холе клінікі ляжаў накрыты прасціной чалавек, побач знаходзіліся лекары і міліцыянер. На пытанне, што здарылася, адна з супрацоўніц клінікі адказала, што мужчына памёр ад сардэчнага прыступу.
Каментаваць сітуацыю ў «Экамедсэрвісе» адмовіліся.
Каментары