Памятаеце пазітыўны відэаролік Алеся Гізуна і Аляксандра Трыпуцькі «Кіпятак — маленькі «гейзер» Наваградскага ўзвышша», які з’явіўся на сайце НН? Так, так! Тады, яшчэ ўсе каментатары, хвалілі Алеся Гізуна за сакавітую беларускую мову!

Такія крыніцы «ўзыходнага гейзернага» тыпу на Беларусі, напэўна, ёсць яшчэ… І што мы пра іх ведаем? Шмат іх, натуральна, патрапіла ў адмысловыя выданні, але ж цяпер век інтэрнэту, і мала хто наведваецца ў бібліятэкі, хіба толькі студэнты. Вось патрапіў «Кіпятак» у інтэрнэт — і ўся Беларусь пра яго ведае!

Падобная крыніца «ўзыходнага гейзернага» тыпу ёсць і на Свянцянскім узвышшы, якое, паступова знікаючы, даходзіць ўсё-такі і да Глыбокага. Гэта крыніца, якая выцякае з-пад гары, ва ўрочышчы Грамякі, што ў Асінагародскім прыходзе Пастаўскага раёна, недалёка ад вёскі Норыца. Між тым да Глыбокага ўсё ж у два разы бліжэй, чым да Паставаў. Тэрыторыя колішняга Дунілавіцкага раёна (цэнтр г.п. Варапаева), вельмі багатага на розныя гістарычныя і прыродныя цікавосткі, які потым растварыўся ў Пастаўскім, Глыбоцкім, часткова Докшыцкім раёнах. Гэта якраз тыя месцы, дзе да 1955 года наводзіў жах на савецкіх актывістаў апошні беларускі партызан Аўген Жыхар.

Адкрыццё вадасвятнага малебна ля крыніцы ва ўрочышчы Грамякі.

Адкрыццё вадасвятнага малебна ля крыніцы ва ўрочышчы Грамякі.

Штогод ля крыніцы Грамякі адбываецца вадасвятны малебен у гонар Вялікапакутніка і лекара Панцеляймона. Бывае, калі спрыяе надвор’е, народу збіраецца шмат. Ужо на пад’ездзе да ўрочышча, за пару кіламетраў, з розных прасёлкаў сцягваюцца сюды чароды раварыстаў, у большасці сваёй жанчын.

Вернікі асінагародскага прыходу запальваюць свечкі вакол крыніцы.

Вернікі асінагародскага прыходу запальваюць свечкі вакол крыніцы.

Крыніца Грамякі — здавён культавае месца. Аднак у гады «ваяўнічага атэізму» пра крыніцу забыліся, яна згубілася. Яе потым доўга шукалі. Знайшлі ў непраходных гушчарах кустоўя і алешніку. Ачысцілі, добраўпарадкавалі, і ўжо дзясятак гадоў запар тут адбываецца традыцыйны вадасвятны малебен. Праводзіць яго настаяцель асінагародскай царквы Пакрыва Найсвяцейшай Багародзіцы іерэй Анатоль Папоў.

Бацюшка строгі, жанчынам спуску не дае – усе мусяць быць у спадніцах і з пакрытай галавой. І ўсё ж дзяўчаты асінагародскага прыходу — пекныя!

Бацюшка строгі, жанчынам спуску не дае – усе мусяць быць у спадніцах і з пакрытай галавой. І ўсё ж дзяўчаты асінагародскага прыходу — пекныя!

У часе ўрачыстасці спявае хор пеўчых, святар чытае малітву, згадваецца патрыярх, мітрапаліт, епіскап, святая Еўфрасіння Полацкая і ўсе святыя зямлі беларускай. Чытаецца малебен за здароўе, называюцца імёны тых, хто прагне выздараўлення, і зычэнні ім узняцца з ложкаў у больніцах і хатах. Асвячаецца келіх крынічнай вады. Гэты келіх выліваюць потым у крынічнае азярцо.

Асвячэнне келіха крынічнай вады

Асвячэнне келіха крынічнай вады

Келіх асвечанай вады выліваюць у крыніцу.

Келіх асвечанай вады выліваюць у крыніцу.

Пасля гэтага прысутныя падыходзяць да абраза Вялікапакутніка і лекара Панцеляймона, затым — да айца Анатоля, цалуюць крыж, якім была асвечаная вада крыніцы, і ўсе атрымліваюць акрапленне святой вадой.

Пад’язджалі новыя людзі, таксама запальвалі свечкі

Пад’язджалі новыя людзі, таксама запальвалі свечкі

На заканчэнне ўрачыстасці ўсе, хто прыйшоў, прыехаў на ровары, а то і на джыпе, напаўняюць слоікі, бітоны ці пластыкавыя бутэлькі сцюдзёнай крынічнай вадой — ну й дадому.

На заканчэнне вадасвятнага малебна ўсе прысутныя напаўняюць ёмістасці крынічнай вадой

На заканчэнне вадасвятнага малебна ўсе прысутныя напаўняюць ёмістасці крынічнай вадой

— Дзякуй Богу, вады ўсім хапіла!–жартуе адна жанчынка сталага веку, бурболячы пластыкавай бутэлькай.

— Гэтая студня — вечная!­ — гэтаксама пажартаваў мужчына, які ўжо сыходзіў з поўным бідонам.

Вады хопіць усім! Яна захоўваецца доўга, не псуецца!

Вады хопіць усім! Яна захоўваецца доўга, не псуецца!

Дарэчы, прысутнічалі тут і мясцовыя каталікі, гэта вынікала з імёнаў, якія паміж сабой называлі прысутныя. Ванда ж — ніяк не праваслаўнае імя.

Вада ў крынічным азярцы мае спецыфічны зялёна-блакітны градыент, не плавае тут ні кузурка, ні жаба. Выцякае з яго хуткаплынная ручаіна шырынёй пад метр, праз 70 метраў яна ўпадае ў возера Вешняе. У крынічным азярцы, на дне вада «кіпіць», віруе, узнімаючы пясчаны пыл.

Мая калега Таццяна Смоткіна паспрабавала ўзяць інтэрв’ю ў айца Анатоля, але выйшла неспадзяванка!

— Я бачыў, што вы не цалавалі крыжа! пярэчыць святар.

— Дык я ж, каталічка!

— Усё роўна трэба пацалаваць крыж!

Прыйшлося цалаваць! Ды яшчэ зліў яе вадой ушчэнт, як «неправаверную»!

Крыніца — глыбокая! — кажа айцец Анатоль. — Адмыслоўцы сцвярджаюць — да 200 метраў глыбіні! Купацца нельга, дна няма!

У даўнія часы, як сцвярджае адно паданне, — працягвае святар, — падышоў да крыніцы папаіць каня сын аднаго князя… Конь і сын князя ў поўнай амуніцыі праваліліся разам скрозь дно. А некалі быў выпадак: 16 быкоў прыйшлі на вадапой… Усе 16 — дна не дасталі, пайшлі разам у нетры крыніцы.

Узімку, у самыя лютыя маразы, крыніца ніколі не замярзае! Швэндаюцца паляўнічыя па палях і пагорках, а здабычы няма. Ідуць на крынічнае возера — качак страляць.

Праводзілі мы і адмысловы аналіз хімічнага складу. Вада ­— смачная, добрай якасці. Шкада мой блог, па не зразумелых прычынах, выдалілі з інтэрнэта, а там былі шматлікія паданні гэтага краю, аналіз хімічнага складу вады крыніцы… Усё трэба рабіць цяпер наноў!

Таццяна Смоткіна: «Чаму крыніцу клічуць Грамякі?» Мясцовы жыхар: «Даўней, кажуць, як вывяргалася вада ў крыніцы — грымела! Грымота далёка была чуваць! Таму — Грамякі!»

Таццяна Смоткіна: «Чаму крыніцу клічуць Грамякі?» Мясцовы жыхар: «Даўней, кажуць, як вывяргалася вада ў крыніцы — грымела! Грымота далёка была чуваць! Таму — Грамякі!»

На заканчэнне дождж, які ўвесь час, рэдкімі кроплямі, палохаў сваім прыходам, усё ж уліў!

P.S. На зваротным шляху завіталі ў Норыцу, дзе ўсё яшчэ існуе вельмі разлеглы старадаўні парк, але ў вялікім заняпадзе. У парку праглядаюцца контуры абарончых валоў колішняга замка… А над сажалкамі ўзвышаюцца гмахі былога бровара, за Саветамі «перапрафіляванага» на спіртзавод. Збанкрутваў ужо даўно бровар, пустуе…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?