Улада33

Абітурыенты правалілі цэнтралізаванае тэставаньне

Настаўнікі кажуць: «Мы не чакалі надта высокіх вынікаў. Але каб настолькі кепска… А зь іншага боку, чаго было чакаць?»

Падводзяцца вынікі цэнтралізаванага тэставаньня. Па расейскай мове 41,7% абітурыентаў набралі менш за 20 балаў, па беларускай — 27%, таму Міністэрства адукацыі вымушана было падчас уступнай кампаніі тэрмінова перагледзець шкалу балаў.

28 чэрвеня абітурыенты здавалі апошні тэст па хіміі. Па пяці прадметах працы абітурыентаў ужо правераныя (па беларускай і расейскай мовах, гісторыі Беларусі, усясьветнай гісторыі, матэматыцы).

Паводле правілаў, калі абітурыент на цэнтралізаваным тэставаньні набірае па прадмеце менш за 20 балаў, ён ня можа паступаць у ВНУ. Сёлетнія вынікі цэнтралізаванага тэставаньня несуцяшальныя — так ацаніў іх адказны сакратар Дзяржаўнай камісіі па кантролі за ходам падрыхтоўкі і правядзеньнем уступных іспытаў Валер Аўсяньнікаў. Асабліва ўражваюць вынікі па мовах і матэматыцы: больш за 40% атрымалі менш за 20 балаў са ста магчымых па расейскай мове, 27% — па беларускай, больш за 30% фактычна правалілі матэматыку.

Таму дзяржаўная камісія вымушана была перагледзець так званую шкалу балаў, кажа Валер Аўсяньнікаў:

«Вельмі шмат здалі на бал, ніжэйшы за 20, альбо наагул не здалі. Таму мы вымушаны былі неяк выходзіць з такой складанай сытуацыі. Кожны прадмет цяпер будзе ацэньвацца сваёй мінімальнай шкалой».

Мінімальная шкала — гэта мінімальны бал, на які напісалі 10% абітурыентаў. Па беларускай і расейскай мовах сёлета мінімальная шкала вызначана ў 13 балаў. Але гэта вырашана літаральна сёньня. А на мінулым тыдні шмат абітурыентаў, даведаўшыся пра такія вынікі, не прыйшлі на тэставаньне па іншых прадметах: так, на хімію не зьявіліся больш за паўтары тысячы зарэгістраваных на ЦТ. Тлумачэньне Валера Аўсяньнікава:

«Несуцяшальныя, вынікі, так. Але сёньня ёсьць яшчэ магчымасьць у абітурыентаў прайсьці тэставаньне, але не па беларускай і расейскай мовах, а па тых прадметах, на якія яны не пайшлі: біялёгія, замежныя мовы, хімія. Яны могуць здаць гэтыя дысцыпліны ў рэзэрвовы дзень, 2 ліпеня. Але мы сёньня не назіраем ажыятажу на рэзэрвовы дзень».

Вельмі шмат здалі на бал, ніжэйшы за 20, альбо наагул не здалі

Чаму так адбылося? Чаму такія прыкрыя вынікі? Настаўніца расейскай мовы Сьвятлана Дамковіч кажа:

«Мы, настаўнікі, не чакалі надта высокіх вынікаў. Але каб настолькі кепска… А зь іншага боку, чаго было чакаць? Гадзіны на вывучэньне моваў усё скарачаюцца: калі ў 5—6 клясах яшчэ па 3 гадзіны на тыдзень, у 10—11 — па адной гадзіне. Гэта мізэр. На замацаваньне матэрыялу часу амаль няма. Веды ў вучняў павярхоўныя. Вось таму такі і вынік».

Гутару з Валерам Аўсяньнікавым, які ачольвае Дэпартамэнт якасьці адукацыі:

Карэспандэнтка: «Пра што гэта сьведчыць? Што дзеці дрэнна ведаюць, што настаўнікі дрэнна вучаць, ці што тэсты складаныя?»

«Для таго каб разабрацца, у чым асноўная прычына, трэба правесьці адмысловае дасьледаваньне, аналіз. Але ёсьць, напэўна, крыху і аднаго, і другога, дый тэсты таксама былі празьмерна складаныя».

Мы, настаўнікі, не чакалі надта высокіх вынікаў. Але каб настолькі кепска…

Настаўніца расейскай мовы Сьвятлана Дамковіч кажа:

«Я не магу сказаць, што тэсты не адпавядаюць школьнай праграме. Там, у прынцыпе, усё, што праходзяць — я кажу толькі за расейскую мову. Яны ня тое што сталі складанейшыя — іх ускладнілі па структуры. І асабліва так званыя пытаньні‑пасткі: памылка, дапушчаная ў адным слове ў шэрагу, ці памылка — у двух словах шэрагу… Ускладнілі менавіта структуру».

«Нават калі тэсты завышанай складанасьці, усё адно яны аднолькавыя для ўсіх. Але гэта не адзнака школьная, а рэйтынгавая адзнака агульнай масы абітурыентаў. Так што, магчыма, пры паступленьні будзе крыху ніжэйшы прахадны бал, чым летась. То бок складанасьцяў дадатковых не ўзьнікае».

Можна шмат спрачацца, наколькі аб’ектыўна тэстамі можна ацаніць якасьць ведаў. Але ясна адно: чыноўнікам ад адукацыі, настаўнікам давядзецца сур’ёзна прааналізаваць, чаму так шмат вучняў, па сутнасьці, прадэманстравалі вельмі нізкія веды.

Іна Студзінская, Радыё Свабода

Каментары3

Цяпер чытаюць

Першы беларускі пашпарт з «Пагоняй» атрымаў Лукашэнка, а другі — школьнік Юрый Чарняк. Як склаўся лёс хлопца?10

Першы беларускі пашпарт з «Пагоняй» атрымаў Лукашэнка, а другі — школьнік Юрый Чарняк. Як склаўся лёс хлопца?

Усе навіны →
Усе навіны

«Шматпартыйнасць, плюралізм меркаванняў — гэта брахня, заходняя брахня». Лукашэнка разглядае канстытуцыйнае вяртанне да савецкай сістэмы86

Маладую маці з Гомеля асудзілі за палітыку6

УСУ апублікавалі відэа знішчэння дэсантных караблёў у бухце Севастопаля4

Дызайнерка стварае шыкоўныя інтэр'еры з беларускім каларытам ФОТЫ4

МТЗ пачаў вырабляць па 90 супертрактароў за месяц11

УСУ нанеслі паўторны знішчальны ўдар па НПЗ і порце ў Туапсэ20

У Беларусі нельга проста так пахаваць гадаванца. Што тады рабіць і колькі гэта каштуе13

У часы ШІ каштоўнымі кадрамі робяцца тыя, хто ўмее гуртаваць і сцэментоўваць

Былая палітзняволеная Наста Лойка ўпершыню за 3,5 года ўбачылася са сваім сабакам1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Першы беларускі пашпарт з «Пагоняй» атрымаў Лукашэнка, а другі — школьнік Юрый Чарняк. Як склаўся лёс хлопца?10

Першы беларускі пашпарт з «Пагоняй» атрымаў Лукашэнка, а другі — школьнік Юрый Чарняк. Як склаўся лёс хлопца?

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць