У Беларусі нельга проста так пахаваць гадаванца. Што тады рабіць і колькі гэта каштуе
Цела жывёлы пасля смерці нельга проста пакінуць у зямлі ў лесе ці ў двары, гэта лічыцца парушэннем.

Алена (імя змененае) памятае гэты дзень вельмі дакладна. Яна выходзіла з ветклінікі з невялікай скрынкай у руках. Унутры быў прах сабакі, якога яна ўзяла ў валанцёраў некалькі месяцаў таму.
— Гэта вельмі дзіўнае адчуванне. Ты яшчэ нядаўна насіў яго на руках, карміў, гаварыў з ім. А цяпер — вось гэта, толькі скрыначка, — узгадвае дзяўчына.
Алена яшчэ ў 15 гадоў пачала падбіраць жывёл з вуліцы і займацца валанцёрствам.
— У мяне заўсёды хто-небудзь ёсць на ператрымцы. Гэта ўжо як звычка. Ты проста не можаш прайсці міма. Кагосьці ўладкоўваеш, знаходзіш яму дом і добрых гаспадароў. А хтосьці затрымліваецца ў цябе даўжэй, — распавядае Алена.
Апошні сабака з’явіўся ў яе некалькі месяцаў таму. Праз пэўны час у яго праявіліся праблемы са здароўем. Пачаліся бясконцыя паходы да дактароў: агляды, аналізы, лячэнне. Потым пачаліся ўскладненні. Грошы на лячэнне разыходзіліся хутка.
— У нейкі момант ты ўжо не думаеш пра суму. Ты думаеш: а раптам яшчэ можна выратаваць і проста робіш усё, што можаш.
Аперацыя каштавала прыкладна 1300 рублёў. Некалькі дзён пасля яе Алена жыла ў пастаянным напружанні: тэлефанавала ў клініку, чакала навін. Але нягледзячы на ўсе намаганні сабака памёр.
Першае пытанне, якое ўзнікае пасля такога — што цяпер?
Што ў Беларусі можна зрабіць з целам гадаванца пасля смерці
У Беларусі пасля смерці хатняй жывёлы ўладальнік мае некалькі варыянтаў, і ўсе яны рэгулююцца ветэрынарна-санітарнымі нормамі.
Найбольш распаўсюджаны і даступны шлях — гэта так званая ўтылізацыя. Яе арганізуюць дзяржаўныя ветэрынарныя службы, камунальныя прадпрыемствы або самі ветклінікі.
У многіх гарадах цела можна здаць бясплатна або за сімвалічную плату — як правіла, да некалькіх дзясяткаў рублёў. У гэтым выпадку жывёлу вывозяць на спецыяльныя прадпрыемствы, дзе адбываецца тэхнічная ўтылізацыя. Уладальніку нічога не вяртаецца, і працэс адбываецца без яго ўдзелу.
Другі варыянт — крэмацыя. Гэта камерцыйная паслуга, якая найбольш развітая ў Мінску.
Крэмацыю прапануюць прыватныя сэрвісы або ветклінікі праз партнёраў. Яна бывае двух фарматаў. Пры агульнай крэмацыі спальваюцца некалькі жывёл адначасова, і прах не вяртаецца — такі варыянт звычайна каштуе ў межах 50—250 рублёў. Індывідуальная крэмацыя прадугледжвае асобнае спальванне і вяртанне праху ў урне або боксе. Яе кошт у сярэднім складае ад 100 да 400 рублёў і залежыць ад вагі жывёлы, кошту урны і дадатковых паслуг.
У рэгіёнах магчымасці значна абмежаваныя: часта крэмацыя недаступная, і ўладальнікам даводзіцца самастойна везці цела ў Мінск або шукаць пасярэднікаў. Некаторыя агенцтвы рытуальных паслуг для жывёл прапануюць выезд у іншыя гарады, але гэта каштуе дадатковых грошай.
Самастойнае пахаванне жывёлы ў Беларусі фармальна не дазваляецца. Гэта датычыць як гарадскіх тэрыторый (двары, паркі, лясы), так і прыватных участкаў. Такія абмежаванні звязаныя з санітарнымі нормамі — каб пазбегнуць распаўсюджвання інфекцый і забруджвання глебы і вады. На практыцы людзі часам усё ж робяць гэта неафіцыйна, часам нават ствараючы лясныя «могілкі хатніх жывёл», але юрыдычна такі спосаб лічыцца парушэннем.
Паміж «здаць» і «развітацца»
Алена выбрала варыянт індывідуальнай крэмацыі. Для яе нават запісалі відэапацвярджэнне, што крэміруюць менавіта яе сабаку.
— Мне было важна, каб мая дзяўчынка не была «разам з усімі». Гэта, можа, эмацыйна, але ў той момант гэта было адзінае, што мела значэнне.
Крэмацыя каштавала некалькі сотняў рублёў. Ёй прапанавалі невялікі бокс для праху. Усё адбывалася хутка і даволі арганізавана.
— Я забрала прах на наступны дзень. І вось гэты момант, калі ты стаіш з гэтай скрыначкай, ён вельмі запамінальны. Напэўна, гэта таксама пра адказнасць. Не толькі ўзяць жывёлу і любіць яе. Але і разумець, што будзе ў канцы, — адзначае дзяўчына.
Каментары