Культура1414

Беларускія абрады, арнаменты і беларуская мова паўсюль. Як нашчадак перасяленцаў зрабіў сяло каля Байкала зноў беларускім, і чаму гэта можа хутка скончыцца

У глыбокай сібірскай тайзе, дзе да бліжэйшага буйнога горада ехаць некалькі гадзін, на драўляных дамах вісяць шыльды з чырвоным беларускім арнаментам, надпісы на білбордах і будынках выкананы па-беларуску, а мясцовае кіраўніцтва ладзіць традыцыйныя беларускія абрады. Гэта не дэкарацыя для фільма, а рэальнасць аднаго сібірскага сяла, якое трымаецца выключна на ўпартасці аднаго нашчадка беларускіх перасяленцаў, які свядома бароніць свае карані.

Беларускі абрад «гукання вясны» ў Тургенеўцы. На заднім фоне надпіс па-беларуску «Тургенеўка — наперад!» Фота: «Поток»

Расійскае выданне «Поток» апублікавала вялікі рэпартаж пра 44‑гадовага Віктара Сінкевіча, кіраўніка сібірскай вёскі Тургенеўка ў Іркуцкай вобласці.

Сібірская беларушчына

Гэтае паселішча ў 1909 годзе заснавалі беларускія перасяленцы, якія рушылі на ўсход падчас сталыпінскіх рэформаў. Сёння Сінкевіч — апошні выбарны кіраўнік вёскі, паколькі расійская рэформа мясцовага самакіравання хутка ліквідуе гэтую пасаду.

Аднак самы цікавы пласт гэтай гісторыі — тое, як мясцовы чыноўнік ператварыў дэпрэсіўную тэрыторыю ў сапраўдны культурны аазіс, дзе беларуская ідэнтычнасць не проста выжывае, а канструюецца нанова.

Віктар Сінкевіч — нашчадак беларускіх перасяленцаў, якія пераехалі ў Тургенеўку па рэформе Сталыпіна. Фота: «Поток»

Працоўнае месца Віктара Сінкевіча абсталяванае не ў класічным кабінеце з расійскім сцягам, а ў мадэльнай бібліятэцы. Сярод паліц з коміксамі і энцыклапедыямі асобны стэлаж цалкам адведзены пад кнігі на беларускай мове. Нават расліны тут стаяць у вазонах, аздобленых беларускім нацыянальным арнаментам. Такі ж чырвона-белы ўзор упрыгожвае нумары на ўсіх дамах уздоўж галоўных вуліц Тургенеўкі.

Мадэльную бібліятэку ў сяле адкрылі ўсяго некалькі гадоў назад. Раней у будынку была калгасная крама, цяпер яго сцены Цэнтра беларускай культуры ўпрыгожваюць беларускія арнаменты. Фота: «Поток»

Сам кіраўнік у вольны час зачытваецца беларускамоўнай літаратурай, хоць і прызнаецца, што робіць гэта са слоўнікам. Больш за тое, у Сінкевіча прыхаваная цэлая скрыня выданняў па-беларуску, якую ён плануе распакаваць толькі тады, калі ягоныя кіраўнічыя паўнамоцтвы канчаткова скончацца.

Беларускі абрад «гукання вясны» ў Тургенеўцы. На заднім фоне білборд па-беларуску «Квітней Тургенеўка» Фота: «Поток»

Ягоная прынцыповая пазіцыя праяўляецца і ў інстытуцыянальных кроках: у 2022 годзе, пераабіраючыся на другі тэрмін як самавылучэнец, ён афіцыйна зарэгістраваў грамадскую арганізацыю «Беларусы Баяндаеўскага раёна».

Акрамя таго, дзякуючы ягоным намаганням, Тургенеўка стала першай сельскай тэрыторыяй у рэгіёне, якая заключыла пагадненне аб пабрацімстве з замежным паселішчам — беларускім аграгарадком Моталь Брэсцкай вобласці, адкуль у Сібір перыядычна прыязджаюць госці.

Сцены Цэнтра беларускай культуры ўпрыгожваюць беларускія арнаменты. Ёсць некалькі версій, чаму сяло называецца Тургенеўка: магчыма, у гонар пісьменніка Івана Тургенева, іншы варыянт — зямлю беларускім перасяленцам вылучаў чалавек па імі Тургэн. Фота: «Поток»

Беларуская аўтэнтыка супраць бюракратыі

Беларуская культура ў вёсцы прысутнічае не толькі ў выглядзе артэфактаў, яна жывая. Вясной у Тургенеўцы традыцыйна праводзяць традыцыйнае беларускае «гуканне вясны». У цэнтры вёскі ставяць штучную бярозу, упрыгожаную папяровымі гірляндамі і спечанымі птушкамі-жаваранкамі.

Жонка Віктара, Наталля, апранае доўгую клятчастую спадніцу і вядзе карагод-«маразулю», у якім удзельнічаюць не толькі этнічныя беларусы, але і мясцовыя бураты.

Абраднасць вытрымліваецца з дакладнасцю этнографаў. На свяце старшакласніца закопвае ў снег гліняны гаршчок з ячнай кашай. Потым паляць невялікую ляльку-снягурку. Згодна з беларускімі павер'ямі, якія тлумачыць аднавяскоўцам Наталля, у гэты агонь трэба кідаць старыя рэчы, каб пазбавіцца ад усяго кепскага з мінулага года.

Сярэдні сын кіраўніка сяла, дзесяцікласнік Алег Сінкевіч, лічыць сябе беларусам і носіць вышыванку. Фота: «Поток»

Сярэдні сын кіраўніка, дзесяцікласнік Алег, які надзявае вышыванку пад чорную байку з кіберпанкаўскім чэрапам, дапамагае распаліць вогнішча, якое дзеці каментуюць захопленым крыкам: «Усё згарэла, адна каса засталася!». Завяршаецца ўсё супольным смажаннем яечні на вогнішчы, прычым неўтаймаваныя дзеці выпіваюць сырыя яйкі проста са шкарлупіны.

Беларускі абрад «гукання вясны» ў Тургенеўцы. Фота: «Поток»

Захаванне гістарычнай праўды для Сінкевіча — пытанне прынцыпу, што часам прыводзіць да канфліктаў з раённымі ўладамі.

Калі ў этнаграфічны музей суседняга раённага цэнтра Баяндай перавезлі арыгінальную беларускую хату, Віктар быў абураны тым, што музейшчыкі пабялілі яе знутры. Ён наўпрост выгаварыў дырэктару, што беларусы ніколі не бялілі дамы з сярэдзіны.

Аднак мэр раёна, этнічны бурат у некалькіх пакаленнях, настаяў на сваім, бо ў яго было ўласнае «бачанне» таго, як павінна выглядаць беларуская хата.

Канфлікт ідэнтычнасцяў

У тургенеўскі этнаграфічны музей былыя вучні прыносяць з дому прадметы, звязаныя з беларускім побытам. Фота: «Поток»

Мясцовы этнаграфічны музей у самой Тургенеўцы — яшчэ адзін цэнтр захавання памяці. На ўваходзе там вісіць спіс першых беларускіх перасяленцаў з 55 чалавек, сярод якіх пазначаная толькі адна жанчына. Былыя школьнікі на выпускны традыцыйна дораць музею прадметы хатняга сялянскага побыту.

У экспазіцыі гарманічна суіснуюць драўляны ложак пачатку ХХ стагоддзя, які прывезлі ў разабраным выглядзе непасрэдна з Беларусі, ткацкі станок (кросны) і вышыты крыжыкам партрэт Леніна.

Пры гэтым Сінкевіч не мае ілюзій наконт татальнай беларусізацыі насельніцтва. Ён адкрыта прызнае, што беларускую культуру ў вёсцы ён з паплечнікамі шмат у чым «актыўна насаджвае». Калі ягоны сын Алег упэўнена лічыць сябе беларусам, то звычайны сямікласнік, які сячэ дровы ў суседнім двары, прызнаецца журналістам, што беларусам сябе не адчувае і на святы не ходзіць.

Беларускі абрад «гукання вясны» ў Тургенеўцы. Фота: «Поток»
Беларускі абрад «гукання вясны» ў Тургенеўцы. Фота: «Поток»

Як заўважае сам Віктар, калі адміністрацыя перастане рабіць святы, неба на зямлю не ўпадзе, бо большасці людзей гэта проста не трэба, яны аддаюць перавагу больш звыклай расійскай Масленіцы.

Але для Віктара гэта пытанне ўласнай місіі. Ягоны прадзед калісьці высякаў тут тайгу, каб пабудаваць вёску, і цяпер апошні кіраўнік Тургенеўкі стаіць перад выбарам.

Калі ягоная пасада будзе канчаткова ліквідаваная дзяржаўнай машынай, яму застанецца альбо разводзіць курэй і змагацца з ветракамі, альбо прыняць прапанову сваіх беларускіх пабрацімаў.

Яны ўжо даўно клічуць яго пераехаць у Моталь, абяцаючы службовую кватэру, газ і гарачую ваду — усё тое, чаго ён так і не змог выбіць для свайго сібірскага беларускага вострава.

Беларуская нацыянальная культура здольная квітнець нават у ледзяной тайзе, але толькі датуль, пакуль там ёсць сапраўдны гаспадар, якому дзяржава не замінае.

Каментары14

  • Бачыў
    19.04.2026
    Бялілі. Была абрашотка, па ёй глінай абмазана, ды й пабелена. Слонімшчына.
  • увесь Урал і Сібір вярнуцца да мовы і ВКЛ
    19.04.2026
    Моталь- то добра!, А КАЛІ мы вернемся да Уніяцтва, і лацінцы увесь Урал і Сібір вярнуцца да мовы і ВКЛ, там мільёны літвінаў-беларусаў. Масква (імерыя) гэта ужо мінулае
  • Тудаўлянін
    19.04.2026
    Вы пішыце аб сяле недзе на Байкалу, але чамусьці не пішыце аб тудаўлянах - вялікай частцы нашага народу, які не мае магчымасці ні навучацца, ні размаўляць на роднай мове. Чаму?

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Усе навіны →
Усе навіны

Вы таксама часта чуеце гул у вушах, якога іншыя не чуюць? Навукоўцы знайшлі тлумачэнне3

Зяленскі: На жаль, расійскі бок зноў выбірае вайну1

50 чалавек ехалі на грузавіку праз пустыню Сахара. Грузавік зламаўся, і амаль усе памерлі ад смагі1

У Бразіліі 37‑гадовая жанчына выдавала сябе за 12‑гадовую і трапляла ў прыёмныя сем'і, дзе жыла за чужы кошт7

Кіроўца, які ўляцеў на шалёнай хуткасці ў падземны пераход у Кіеве, перад тым справакаваў чатыры ДТЗ1

Лукашэнка ў Гродне згадаў пра Ціханоўскую ва Украіне і расказаў пра цяжкую долю беларускіх дактароў на Захадзе29

Магілёўскія студэнты зрабілі адкрыццё, разбіраючы даўнюю археалагічную калекцыю1

Загінуў калмыцкі Герой Расіі, які летась праславіўся, дакладваючы Пуціну пра поспехі13

«Выглядае як жарт». У беларускі спісалі 3740 BYN за 6 хвілін у роўмінгу4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны41

Музыка Цім Суладзэ: Розніца 30 гадоў — тое, што адпавядае маім уяўленням пра адносіны

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць