«Прыватны дэтэктыў прапанаваў зрабіць на суперніцу нагавор ці падкінуць наркотыкі»
У Мінскім гарадскім судзе працягваецца працэс па справе выхавацелькі дзіцячага садка і былой актывісткі БРСМ. Год таму 27-гадовая Аліна Шульганава папрасіла Аляксандра Жыльнікава і Вячаслава Сухарку — свайго суседа і яго сябра — «пакласці ў бальніцу» новую каханку свайго бойфрэнда. А мужчыны зладзілі разню і забілі і бойфрэнда, і яго новую дзяўчыну.
На пасяджэнні 19 снежня суд працягнуў слухаць паказанні Аліны Шульганавай.

«Думала, што наўрадці яны штосьці зробяць»
Раней яна расказала, што знайшла «прыватнага дэтэктыва» Мацвеева, які паабяцаў, што знойдзе кампрамат на Вікторыю — каханку Вячаслава, былога хлопца Шульганавай. А калі кампрамату не будзе — яго «зробяць».
Па словах Шульганавай, Мацвееў прапаноўваў ёй звярнуцца да экстрасэнса і зрабіць на суперніцу нагавор («я спужалася і адмовілася») ці нават падкінуць наркотыкі (Аліне гэты варыянт таксама не спадабаўся).
16 снежня Аліна перадала Мацвееву $600. На той момант у яе ўжо была дамоўленасць з Сухаркам і Жыльнікавым — але на іх «дапамогу» яна не надта спадзявалася.
«Я думала, што наўрад ці яны штосьці зробяць, - кажа Шульганава. — Больш разлічвала на Мацвеева. Увечары 16 снежня ён даслаў мне паведамленне, што рыхтуе справаздачу, хутка дашле… праўда, аніякай справаздачы я так і не ўбачыла».
А Сухарка з Жыльнікавым увечары 16 снежня пайшлі да Вячаслава і Вікторыі, зарэзалі абодвух і абрабавалі іх кватэру.
Але ж калі яны паведамілі пра гэта Аліне Шульганавай, тая вырашыла пасля заехаць на кватэру Вячаслава са сваім «дэтэктывам» Мацвеевым.
— Вы ведалі, што Вячаслава з дзяўчынай забілі?, — пацікавілася пракурорка.
— Так.
— А з кім збіраліся тады аднаўляць зносіны з дапамогай Мацвеева?
— Атрымліваецца, ўжо ні з кім, — пасля доўгай паўзы адказала Шульганава.
Яна патлумачыла, што хацела спраўдзіць, што Жыльнікаў і Сухарка ёй не схлусілі — і Вячаслаў з Вікторыяй сапраўды забітыя.
«Мае хлопцы не разлічылі сілу»
Са сваім суседам Аляксандрам Жыльнікавым Аліна пазнаёмілася ў канцы лістапада. Той выпіваў, час ад часу яго выганяла жонка. Праз пару дзён, пасля аднаго з такіх выпадкаў, Жыльнікаў папрасіўся зайсці да Шульганавай — пагрэцца і выпіць гарбаты.
Яны разгаварыліся. Аліна расказала пра сваю гісторыю з Вячаславам і Вікторыяй. Жыльнікаў вызваўся вырашыць пытанне.
«У мяне ёсць знаёмы, які сустрэнецца з дзяўчынай, і тая пасля пакіне маладога чалавека», — нібыта паабяцаў ёй Жыльнікаў.
Шульганава зацікавілася і напісала яму на паперцы свае кантакты, прозвішча, імя і імя па бацьку Вікторыі, яе ўзрост, месца працы, адрас, прыкладны гафік працы, апісала знешнасць дзяўчыны.
Праз пару дзён, 2 снежня, Жыльнікаў пазнаёміў яе з Вячаславам Сухаркам.
Жыльнікаў сыйшоў. Аліна распавяла Сухарку, што ёй трэба.
«Сфармулявала так: разышліся з маладым чалавекам, хочацца аднавіць зносіны. Трэба, каб дзяўчына з’ехала з кватэры. Якім чынам гэта адбудзецца, мяне не цікавіла. — сказала Шульганава. — Але ж я папрасіла, каб да Вячаслава не было аніякіх… дзеянняў».
Па яе словах, Сухарка пачаў прапаноўваць варыянты вырашэння праблемы, але яна адмовілася слухаць. Але ж пра гвалт і не думала, запэўніла Аліна.
У выніку яны дамовіліся, што пытанне будзе вырашана цягам двух тыдняў. Сухарка папрасіў за «працу» даць, колькі ёсць.
«Я прапанавала ўсё, што было на картцы — каля 5 мільёнаў. Той пагадзіўся», — распавяла Шульганава.
2 мільёны яна зняла адразу і выдала Сухарку аванс.
Роўна праз два тыдні, уначы з 16 на 17 снежня Шульганавай пазванілі ў дамафон. Гэта быў Жыльнікаў — ён запрасіў дзяўчыну выйсці пагаварыць на лесвічную пляцоўку.
«Справа зробленая… Моцна не крыўдуй, але з дзяўчынай ты больш не пабачышся», — сказаў ён.
«А што здарылася?», — пацікавілася Аліна.
«Нічога страшнага, проста не пабачыш і ўсё».
«А малады чалавек?»
«Там таксама не ўсё так гладка…».
Тут раздаўся яшчэ адзін званок у дамафон — да іх далучыўся Сухарка.
«Жыльнікаў дастаў з кішэні пашпарт і спытаў — пазнаеш дзяўчыну? Кажу, так… Ён намякнуў — яе ты больш не пабачыш. Я спыталася — зусім? Так, кажа, зусім. Ну, добра…», — распавяла Шульганава.
Але Сухарка ўдакладніў, што Аліна больш не ўбачыць і свайго хлопца.
«У нас адбылася сутычка, мы намагаліся выправадзіць дзяўчыну, заступіўся малады чалавек… прыйшлося прымяніць сілу да яго. І да дзяўчыны таксама», — патлумачылі дзяўчыне.
Шульганава спытала, а што канкрэтна здарылася.
«Табе лепш не ведаць», — адказаў Жыльнікаў.
«Іх забілі, — сказаў Сухарка. — Мае хлопцы не разлічылі сілу».
«На вочы навярнуліся слёзы. Я спытала — за што маладога чалавека, калі я прасіла не шкодзіць яму?», — узгадала Шульганава.
Сухарка з Жыльнікавым выбачыліся, апошні патлумачыў, што «недаглядзеў».
Пасля Сухарко сказаў, што ў Шульганавай ёсць дзень, каб разлічыцца з імі канчаткова. Інакш — «пацерпіш альбо ты, альбо твая маці». Але дзяўчына запэўніла, што грошай пакуль няма, разлічыцца трохі пазней.
Палову ночы Шульганава праплакала. А раніцай ёй пазваніў Сухарка і нагадаў пра грошы. У абед ён пазваніў яшчэ раз і прызначыў сустрэчу ўвечары ля ўнівермагу «Беларусь».
Пасля працы Шульганава зняла з карткі 2,5 мільёна рублёў. Прыехала да ўнівермага, перадала грошы Сухарку.
«Таксама я папрасіла пазваніць хаця б у хуткую… Але мне быў адказ — лепш не лезці, само рассмокчацца, — сказала Шульганава. — Ды і я яшчэ цалкам не магла ўцяміць і зразумець, што адбылося».
Але ж праз дзень Сухарка з Жыльнікавым пазванілі дзяўчыне і папрасілі яшчэ грошай. Грошы былі патрэбныя «сябрам», якія нібыта і здзейснілі забойства, каб з’ехаць з горада.
Якраз у той дзень Шульганава атрымала 1,5 мільёна пенсіі (дзяўчына — інвалід праз скаліёз). Мільён яна аддала Сухарку.
Але ў Шульганавай засталіся ключы ад кватэры свайго забітага хлопца. Яна хацела ці то вярнуць іх (кінуць у паштовую скрыню), ці то падкінуць каму, каб адвесці ад сябе падазрэнні. Сухарка вызваўся дапамагчы.
Але ж ключы яму так і не перадалі. Неўзабаве Аліну Шульганаву, Вячаслава Сухарку і Аляксандра Жыльнікава затрымалі.
«Я люблю і любіла гэтага маладога чалавека… Я не хацела смерці ані яго, ані Вікторыі. Рэўнасць — так, але помсты я не хацела», — сказала Шульганава.
Каментары