Ад сачэння за топ-менеджарамі да пікантных драм ХІХ стагоддзя. Як працуе дэтэктыўнае агенцтва «Рэкс» Аляксандра Азарава
Па словах Аляксандра Азарава, сёння гэта адзінае дэтэктыўнае агенцтва ў Польшчы, заснаванае беларусамі. Ён расказаў «Нашай Ніве», як працуюць дэтэктывы ў Польшчы, навошта замежныя інвестары сочаць за сваімі дырэктарамі і якія таямніцы хаваюць старыя крымінальныя справы.

«Бізнэс ёсць бізнэс»
У пачатку нашай размовы мы дамовіліся, што гэты артыкул будзе толькі пра бізнэс і мы не будзем закранаць пытанняў і тэм, звязаных з палітыкай.
Паводле словаў Азарава, ён не хоча, каб перад апісаннем ягонай новай справы «засунулі ўвесь гэты бруд» з палітычных разборак. «Бізнэс ёсць бізнэс».
Ён кажа, што сёння сканцэнтраваны на сваім бізнэс-праекце: «Мы самі працуем, самі зарабляем грошы і ні ад каго не залежым».
Што такое агенцтва Reks
У сацсетках агенцтва «Рэкс» публікуюцца аб'явы пра паслугі. Дыяпазон шырокі: ад праверкі кампаній і «сяброў вашых дзяцей» да пошуку інфармацыі ў архівах па ўсім Еўрасаюзе.
Назва, як прызнаецца заснавальнік Аляксандр Азараў, з'явілася спантанна, але з дакладным разлікам на настальгію:

«Усе мы ў дзяцінстве глядзелі серыял «Камісар Рэкс» пра дэтэктываў. Ён дагэтуль вельмі папулярны, і, канечне, такая назва ў галаве захавалася, — расказвае Азараў. — Калі думалі, як назваць, гэта першае, што прыйшло ў галаву. Акрамя таго нямецкая аўчарка з серыяла заўсёды выклікала ў мяне пазітыўныя эмоцыі. Але ў нас напісанне іншае, праз «ks» на канцы».
«Гэта адзінае дэтэктыўнае агенцтва, адкрытае беларусамі, больш такіх не існуе, — падкрэслівае Азараў. — Я з'яўляюся сябрам Польскага таварыства ліцэнзаваных дэтэктываў (PSLD). Ліцэнзія дзейнічае на ўсёй тэрыторыі Еўрасаюза. То-бок мы можам працаваць у любой краіне ЕС, трэба толькі паведаміць мясцовым спецслужбам, куды ты едзеш, што ты будзеш працаваць там у такім горадзе такі перыяд».
«Белая разведка» і сачэнне за дырэктарамі
Галоўны кірунак працы сёння — дапамога бізнэсу і OSINT, які па-польску называецца «biały wywiad» (белая разведка). Агенцтва шчыльна супрацоўнічае з Нацыянальным рэестрам даўжнікоў Польшчы (KRD).
«Ёсць шэраг прадпрымальнікаў, якія адкрываюць фірмы, потым фірма ўводзіцца ў даўгі, яны адкрываюць новую фірму, чыстую, і працуюць па-новаму, — тлумачыць махлярскія схемы Азараў. — Мы можам адсачыць гэтыя сувязі і вызначыць, што чалавек з'яўляецца нядобрасумленным прадпрымальнікам. Каб той, хто ўносіць перадаплату, ужо ведаў, што гэты чалавек можа не выканаць свае абавязацельствы».
Частымі заказчыкамі выступаюць замежныя інвестары, якія хочуць праверыць уласных топ-менеджараў. Галоўны інструмент тут — прафесійнае вонкавае назіранне.

«Замежныя інвестары адкрылі кампанію ў іншай краіне, нанялі менеджараў вышэйшага звяна і хочуць праверыць, ці адпавядае іх маёмасны стан заробку, — расказвае дэтэктыў. — На якіх машынах яны ездзяць, ці зарэгістраваная нерухомасць на іх сваяках, якія краіны наведваюць, які лад жыцця вядуць. Можа, ён ужывае наркотыкі ці, можа, ён з'яўляецца нядобрасумленным кіраўніком і злівае канкурэнтам інфармацыю пра сваё прадпрыемства».
Шлюбныя кантракты і суды
Таксама агенцтва збірае доказы для судоў па грамадзянскіх і крымінальных справах. «Напрыклад, мы можам зафіксаваць у ходзе назірання, што сведка папярэдне сустракаецца з нейкай зацікаўленай асобай, якая яго падгаворвае даваць ілжывыя паказанні, — дзеліцца практыкай заснавальнік «Рэкса». — Рапарт дэтэктыва з'яўляецца моцным доказам для суда».
Далікатныя сямейныя пытанні таксама ўваходзяць у прайс. «У Польшчы падпісваюць шлюбныя дамовы, і ў выпадку здрады там можна атрымаць большую частку маёмасці, — кажа Азараў. — Людзі звяртаюцца да дэтэктыва, каб даказаць факт здрады, альбо каб даказаць пры падзеле дзяцей, што другі бок выхоўвае іх неналежным чынам».
Уся праца вядзецца ў строгім прававым полі Еўрасаюза. «Абавязкова падпісанне кантракта. Толькі па падпісаным кантракце дэтэктыў мае права збіраць асабістыя даныя людзей, — кажа суразмоўца. — Гэта службовая таямніца, канфідэнцыяльнасць. Ты сабраў інфармацыю, аддаў заказчыку, усё. Нельга яе нідзе публікаваць, заказчык сам вырашае, што з ёй рабіць: захаваць для сябе, звярнуцца ў паліцыю, у суд ці апублічыць».
Расстрэльныя спісы КДБ і таямніцы архіваў
Другі вялікі пласт працы — гэта пошук зніклых людзей і генеалагічныя даследаванні. Каб чытаць старыя дакументы часоў Прусіі ці Расійскай імперыі ў архівах Любліна, Варшавы ці Беластока, дэтэктывам даводзіцца разбіраць тэксты не толькі на польскай ці рускай, але нават на лацінскай мове.

Аляксандр Азараў прызнаецца, што найбольш цікавая інфармацыя хаваецца менавіта ў крымінальных справах і пратаколах допытаў. Асаблівую каштоўнасць маюць дакументы па сталінскіх рэпрэсіях супраць палякаў у 1920-1930‑х гадах, да якіх у Беларусі сёння доступу фактычна няма.
«Польшча гэтыя справы КДБ часткова адсканавала, і яны захоўваюцца ў Варшаве, і іх можна паглядзець, — расказвае ён. — А ў Беларусі КДБ іх не дае. Там дастаць вельмі складана гэтыя дакументы, закрываюць прозвішчы, шмат абмежаванняў… А тут у Польшчы значна прасцей. Яны даюць усю крымінальную справу, якую можна цалкам адзняць. І калі ласка — там будуць даныя сведак, якія далі паказанні супраць твайго продка, з-за якіх ён атрымаў вышэйшую меру пакарання».
«Нядаўна я шукаў продкаў аднаго чалавека, чыйго дзядулю ў 1940‑х гадах выслалі ў Калмыкію падчас рэпатрыяцыі, і гэтыя пошукі прывялі мяне ў вёску пад Гайнаўкай.
Я знайшоў яго сваякоў, вельмі гасцінных людзей. Гаспадар хаты — ляснік у Белавежскай пушчы. Аказалася, што ў іх было сем братоў, але ў 1940‑х толькі адзін з іх сказаў, што ён беларус, і яго выслалі ў Калмыкію, тады як астатнія шэсць назваліся палякамі і засталіся на радзіме. Хоць самі сябе яны называюць не беларусамі ці палякамі, а «тутэйшымі».
Гэты высланы брат быў звязаны з Арміяй Краёвай і меў за плячыма нямецкую турму, таму, хутчэй за ўсё, спецыяльна назваўся беларусам, каб яго добраахвотна выслалі падалей і каб савецкія ўлады не пасадзілі яго за краты».
Аляксандру расказвалі, што некаторыя названыя «беларусы» выязджалі ў высылку з цэлымі вазамі маёмасці, з коньмі і каровамі, але ў голым калмыцкім стэпе страчвалі абсалютна ўсё і потым прыязджалі адтуль назад ужо голыя і босыя.
«У сэксе ён як звер»: сямейныя драмы мінулага
Старыя дакументы часта раскрываюць гісторыі, вартыя экранізацыі. Азараў згадвае справу, якую ён знайшоў у архіве Беластоцкага інстытута высакародных дзяўчат. Гэта было прашэнне ад спадчыннай дваранкі Плявакі (імаверна, сваячкі знакамітага ў Расійскай імперыі мінскага адваката Фёдара Плявакі):
«Яна апісвае сваё гаротнае жыццё: што муж ёй здраджвае, б'е, і што ён нават «у сэксе як звер». То-бок любіць «збачэнскі сэкс». У яе там восем дзяцей, яна ўцякала праз акно… І яна просіць адну з княгінь, каб яе дзяцей бясплатна ўзялі на навучанне, бо яна не мае грошай на іх утрыманне».
Азараў кажа, што гэтыя знаходкі паказваюць, што сацыяльныя ліфты працавалі нават тады: дзеці вайскоўцаў (напрыклад, параненых у Крымскую вайну) і збяднелых дваран маглі вучыцца за кошт дзяржавы. Уразіў дэтэктыва і тагачасны ўзровень адукаванасці моладзі.
«У Любліне знайшоў атэстат аднаго чалавека, які ў гімназіі вучыўся, за 1906 ці 1908 год… Англійскай не было. Яны вучылі лацінскую, грэчаскую, французскую і нямецкую мовы, — захапляецца Аляксандр. — Гэта людзі былі вельмі адукаваныя ў той час, калі чатыры мовы ведалі. Прычым не інстытут, а гімназія!».
Яшчэ адна з гісторый, якая ўразіла Аляксандра, была напісаная маладым хлопцам гадоў 18‑19 з Валыні, які апынуўся ў Кіеве. У сваім лісце ён піша, што ў 1915 годзе, калі ішла Першая сусветная вайна, яго сям'я разам з іншымі бежанцамі вымушана была паехаць ратавацца ў бок Самары. Па дарозе немцы затрымалі яго маці і сясцёр, адправіўшы іх у нейкі лагер, але яму разам з бацькам, братам і дзядзькам усё ж удалося даехаць да Самары.

На гэтым трагедыя сям'і не скончылася: бацька неўзабаве памёр, і хлопцы засталіся сам-насам са сваім дзядзькам. Аднак родны дзядзька проста здаў пляменнікаў у дзіцячы дом, забраў усю іх маёмасць і з'ехаў назад на Валынь. Неўзабаве памёр і брат хлопца, а ён застаўся адзін.
Хлопец збег з гэтага дзіцячага дома, самастойна дабраўся да Кіева і ўжо адтуль напісаў у польскі ўрад, бо Валынь тады адышла пад уладу Польшчы, з просьбай вярнуць яго дадому.
Менавіта праца з першакрыніцамі дазваляе па-сапраўднаму зразумець мінулае. «Адна справа, што напісана ў падручніках — дзяржава хоча навязаць свой погляд на нейкія падзеі, — рэзюмуе заснавальнік агенцтва «Рэкс». — А калі ты акунаешся ў гэтыя дакументы і непасрэдна іх чытаеш, ты бачыш зусім іншае».
«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны
ПАДТРЫМАЦЬ
Каментары
[Зрэдагавана]
А много найдется западных компаний, которые захотят, чтобы чувствительная информация об их менеджерах оказалась в руках странных людей с белорусским гражданством, да еще работавших на бел.режим?