Каханне і сэкс2727

У Мінску з'явіўся рамантычны сэрвіс новага тыпу

Маладая сям’я з Мінска ўпэўненая, што таямнічыя скрынкі для спатканняў прыходзяць на змену кіно і ружам. Антон і Марыя Гуніч-Герашчанка заснавалі ўнікальны сэрвіс крэатыўных сустрэч «Гэта наш спеў».

Антон і Маша — сям'я, разам робяць рамантычныя гульні.

Гадавіны, юбілеі, Дзень Закаханых 14 лютага — выпрабаванні для мужчыны, які жыве ў горадзе са слабаразвітай інфрастуктурай паслуг.

Гульня па-беларуску аформленая нацыянальнай стужкай.

З канца мінулага года маладая сямейная пара з Мінска абвесціла аб адкрыцці нестандартных паслуг. Скрынкі з гатовымі ідэямі і заданнямі для спатканняў «Гэта наш спеў» абяцаюць стварыць свята і рамантычную атмасферу нават пры самых звычайных умовах. 

Стваральнікі брэнда «Гэта наш спеў» Антон і Марыя Гуніч-Герашчанкі распавядаюць, чаму іх справа дапамагае аднаўленню і пабудове адносін і што схавана ў таямнічых скрынках.

У пошуках беларускай рамантыкі

— Калі ўбіць у Google чароўнае спалучэнне «беларуская рамантыка», пашукавік выдасць выявы таннага віна «Бенефіс», радыёкропку, выраб глінянага збанка і здымак кітайцаў на ровары. Няўжо ў Беларусі з рамантыкай усё так кепска, што патрабуюцца адмысловыя паслугі?

Марыя: Калі думаеш пра «беларускую рамантыку», на жаль адразу ўяўляецца хлапец, які самотна стаіць на Кастрычніцкай плошчы з белай ружай. Так і ўяўляеш, як ад яго пахне туалетнай вадой. Схадзіць разам «з малыхай» у «BurgerKing», набыць даражэзны букет з «1000» ружаў, на крайняк — у кіно. У Беларусі існуе страшэнны вакуум рамантыкі.

— Гэта і сталася першапачатковай матывацыяй для стварэння справы?

М: Насамрэч, мы з мужам доўга думалі, чым бы маглі займацца менавіта разам. У нас у краіне жудасная статыстыка разводаў — штогод на 82 000 зарэгістраваных шлюбаў фіксуюць больш за 32 000 разводаў. Большасць з іх адбываецца з простай, але дзіўнай прычыны — «не сышліся характарамі». Пытанне палягае ў тым, што, мабыць, людзі проста не ведалі тых характараў і баяліся іх раскрыць.

Антон: У мяне ў галаве доўга круціліся думкі, як можна было б адкрыць сэрвіс для спатканняў. У дадатак працяглы час не мог знайсці працу. Скончыў Лінгвістычны ўніверсітэт, працаваў дызайнерам, а потым неяк быў у пошуках. Пераломны момант адбыўся, калі адна сяброўка прыйшла да нас у госці, я выклаў ёй нашыя з Марыйкай думкі, а дзяўчына адказала, што мы проста «вынайшлі ровар»!

Дагэтуль мы часта аб’ядноўвалі розныя думкі і марылі распачаць справу з дэвізам «Што рабіць, калі няма чаго рабіць?». Мы прыдумлялі і адкладалі іх у далёкую скрыню, думалі, што ў нас гэта немагчыма рэалізаваць. Сябры нас часта падначвалі і здзіўляліся, як мы прыдумляем незвычайныя і цікавыя рэчы, але не робім іх. Напрыклад, нас здзіўляла, чаму людзі ходзяць на спатканні ў кіно. Паглядзелі фільм, памаўчалі і пайшлі дадому. Так нарадзілася першая назва праекту «Толькі не ў кіно!».

Жанчыны маюць патрэбу ў крэатыўных спатканнях

— Такім чынам, «Гэта наш спеў» азначае, што вы замест кіно прапануеце людзям «караоке» ці «ўгадаць мелодыю»?

А: Не! Шмат у якіх пар ёсць той самы «іх спеў», тое, што іх яднае і мае толькі для іх асаблівае значэнне. Мы вырашылі абраць гэты выраз, які адпавядаў мэтам нашага праекта. Не маглі ж мы назваць справу проста «Скрынкі для спаткання». Мы прапануем цікавыя сцэнары для спатканняў і сумесных спраў, ідэі, якімі людзі могуць скарыстацца, а могуць да іх нешта дадаць і нават удасканаліць.

М: Ёсць шмат тэматычных скрынак: з ежай, з півам і чыпсамі, гульнямі і цацкамі для дзяцей… Але ва ўсім гэтым няма нейкага ідэйнага складніка, бо гэта зрабіць значна цяжэй. У свеце праглядаецца такая тэндэнцыя, што людзі здабылі шмат дабротаў і перасталі цаніць іх. Іх не радуе шосты iPhone, ім патрэбны ўжо сёмы! Спажывецкае стаўленне да жыцця захапляе. Іміджавасць, якую мы ствараем у Instagram і сацыяльных сетках. Людзі робяць рэкламу паспяховага жыцця. Тэма квітнення і паспяховасці, за якой губляюцца адносіны. Што дадаць тут пра рамантыку, калі яе нельга вымераць.

Вялікая доля гульні — гэта хэнд-мэйд.

— Ці гатовыя беларусы да паслуг у такой асабістай і інтымнай сферы?

М: У ЗША ўжо існавала нешта падобнае, і нам быў зададзены кірунак. Ідэі для спатканняў і рамантычных адносінаў у скрынках. Увогуле ў Штатах у гэтай сферы функцыянуюць шэсць буйных кампаній. Мы, як людзі творчыя, вырашылі, што не будзем займацца плагіятам. Мы прааналізавалі, што ўжо існуе, і падумалі, што можам рэалізаваць гэта па-свойму ў нашым кантэксце. Па-першае, беларусы не гатовыя да таго, што прапануюць у ЗША. Там, напрыклад, існуюць «скрынкі на цэлы год», і ў план уключанае спатканне, прысвечанае выпечцы кекса, а мы не можам пакласці яйкі і муку! У ЗША прадаецца ўсё парашковае, і яно будзе захоўвацца 5 гадоў. У нас так не прынята.

А: У ЗША камусьці проста не хочацца парыцца, і яны замаўляюць скрынку ці падпіску на скрынкі на год. У нас людзі рэдка плануюць так далёка.

— Што тады з сябе ўяўляюць вашы скрынкі для спатканняў? Дапамога тым, у каго безвыходнасць?

М: У нас заўжды ёсць прапрацаваны сцэнар, але мы пакідаем прастор для чагосьці ўласнага. 

А: Калі мы распавядаем парам пра скрынкі, звычайна мужчына надзімаецца і кажа: «Я што, дурань? Не магу прыдумаць нічога?!» А жонка ці сяброўка, наадварот, кажа: «Ну калі ласка, набудзь нам яе!» Гэтая скрынка — не для тых, у каго безвыходнасць. Яна для тых, хто хоча палепшыць якасць сваіх адносін. Жанчынам хочацца больш крэатыўных спатканняў. Мужчынам у гэтым, напэўна, цяжэй прызнацца.

Гульня мае беларускі кантэкст.

— А што ж знаходзіцца ўнутры скрынак?

А: Пакуль мы маем тры розныя варыянты скрынак і яшчэ адну збіраемся прэзэнтаваць увесну, як толькі пацяплее. Пакуль мы прапануем унікальную аўтарскую настолку з карткамі. Яна накіраваная на тое, каб людзі маглі добра правесці час і пачаць размаўляць, дзяліцца і абмяркоўваць. Там ёсць і смешныя пытанні тыпу «які вы сабака», ёсць і сур’ёзныя пытанні, якія тычацца вашага стаўлення да тых ці іншых рэчаў і падзей, якія існуюць толькі ў беларускіх рэаліях і характарах.

Яшчэ адна рэч — гэта адвэнт-каляндар. 30 парных заданняў на цэлы месяц. Сапраўдны такі рамантычны чэлэндж для пар. Ён больш для тых, хто ўжо жыве разам. У скрынцы знаходзіцца хэнд-мэйд каляндар з кішэнькамі і датамі. У кожную з іх складзеныя падрыхтаваныя заданні на кожны дзень для пары. Насамрэч, не так і лёгка часам бывае так інтэнсіўна быць разам цэлы месяц.

Трэцяя рэч — каляндар успамінаў. Ён дапамагае занатоўваць і асэнсоўваць, што важнага ці добрага адбывалася ў вас у жыцці. Калі мы распрацоўвалі каляндар, ідэя была ў тым, каб людзі запаміналі нешта добрае, бо кепскае нават запамінаць не трэба. Мы часта рэагуем, калі нешта добрае адбываецца — «ну, нармальна» і не заўважаем усіх цудаў жыцця. Людзі вымушаныя шмат працаваць, у іх амаль няма часу для таго, каб прысвячаць яго адно аднаму. Максімум — ідуць у кіно, за кубкам кавы абмяркоўваюць працу, і не болей. Пазбягаюць глыбокіх размоў.

М: Мы жывём у Мінску і ствараем усё ў нашым кантэксце, вакол беларускасці. Вакол фігур з саломы на палях ці жывёл, зробленых з пакрышак. Дарэчы, усе вырабы мы робім сваімі рукамі.

— А што за сюрпрыз рыхтуецца да вясны?

М: Калі мы наважыліся пачынаць справу, першапачаткова распрацавалі адмысловы квэст-шпацыр па Мінску. У ім можна было б пагуляць па пунктах цэнтра горада, а таксама выканаць цікавыя парныя заданні. Яно не нагадвае спробу адкапаць скарб у зямлі, які мы папярэдне закапалі, але робіць «пытанні-ўкіды». Мы планавалі стартаваць якраз з гэтай скрынкі ў кастрычніку, але снег сапсаваў нашыя планы, і мы адклалі яе на вясну. 

— А чым вы займаецеся апроч «Гэта наш спеў»?

М: Антон у нас афіцыйны дырэктар, а я яшчэ працую ў студыі «АМ-Point». Для «скрынак» я больш шыю, малюю. Год таму перабірала шафу, знайшла свае рэчы з мастацкай вучэльні і засумавала, што, стаўшы краўцом, зусім згубіла матывацыю маляваць. А маляваць дома ў стол жадання проста не было. Мы пагутарылі, чаму я не малюю, і так вырашылі набыць графічны планшэт. І мы набылі — «хай будзе». Антон знайшоў яго на «барахолцы» — дарэчы, гэта было нашая першае сумеснае набыццё. Свайго часу ён дачакаў толькі праз паўгода, калі мы вырашылі ствараць справу. І гэта таксама нашая фішачка, што ў нас паўсюль аўтарскія ілюстрацыі з жанчынамі з ГУМа, аўтобусамі «МАЗ» і шмат яшчэ чым актуальным і зразумелым беларусам. Таксама бацькі на Раство падарылі нам «шродэр», з дапамогай якога аздабленне скрынак стала яшчэ цікавейшым. Цікавы падарунак, праўда?

Мова. Як «Это наша песня» сталася «Нашым спевам»

— Першапачаткова вы стартавалі як выключна рускамоўны сэрвіс «Это наша песня», з-за чаго зрабілі беларускамоўныя версіі?

М: Мы распачалі ўсю справу выключна па-руску, бо карыстаемся рускай у штодзённым жыцці. Але летась трапілі на тры паказы фільмаў па-беларуску ў кінатэратры «Перамога» («Беларускія ўікэнды», арганізаваныя ініцыятывай «Кінаконг»), пабачылі чэргі людзей розных узростаў і зразумелі, што проста абавязаныя пачаць рабіць свае справы на беларускай мове. Перакапалі пару слоўнікаў, карысталіся інтэрнэтам і парадамі сяброў — так зрабілі пераклад. За месяц продажаў мы пабачылі, што беларускамоўныя версіі карыстаюцца большым попытам. Беларускамоўныя выглядаюць больш актыўнымі.

Адвэнт-каляндар 

— А як жа ваша ўласная рамантычная гісторыя?

А: У нас была асаблівая рамантыка. Мы з Марысяй вельмі даўно сябравалі і проста аднойчы зразумелі, што з гэтым трэба нешта рабіць. Вырашылі пажаніцца.

М: Нам падабаліся тэмы з каляровымі штанамі, Формулай-1. Мы маглі б нават зладзіць паказ мод. Калі ў мяне быў дзявочнік, дзяўчаты задавалі мне пытанні, на якія ўжо адказваў Антоха. Было пытанне: «Колькі колераў штаноў ёсць у Антохі», я пачала ўсур’ёз лічыць, а ён аказваецца адказаў проста — «усе». Мне яшчэ ў 14 гадоў сяброўка казала, што мой муж мусіць быць басістам і футбольным брамнікам, бо мне падабаецца «Ювентус» і Буфон. І Антон проста ідэальна гэтаму адпавядаў — ён басіст і проста веельмі падобны да брамніка Ціба Куртуа! Ідэальна,не?!

А: Мы часта завісалі ў кавярнях і гадзінамі размаўлялі. Выпілі проста галоны кавы і абмеркавалі ўсё на свеце. Цудоўна ведалі адно аднаго. І цяпер пэўныя, што якраз камунікацыя, якой людзі так часта баяцца і якой не навучаныя, — ключ да адносінаў. Мы нядаўна хадзілі адзначаць нашую гадавіну ў адну мінскую рэстарацыю, але, трошкі пасядзеўшы, сышлі, бо там была ну надта гучная музыка і проста няўтульна размаўляць. Жывое піяніна, здаецца, усё класна, але шчыра, лепш было б дома пасядзець пры свечках.

* * *

Набыць і пратэставаць скрынкі для спатканняў можна на адмысловых старонках «Это же наша песня» у сацыяльных сетках, а таксама на сайце symbal.by.

Каментары27

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Усе навіны →
Усе навіны

Трамп вымушана спыняе рэйды супраць імігрантаў у сельскай гаспадарцы і гатэльным бізнэсе3

Навукоўцы знайшлі просты спосаб паспрыяць росту раслін — музыка, але не кожная20

Ryanair будзе штрафаваць пасажыраў, якія парушаюць парадак1

У Гомелі 7 гадоў таму пабудавалі прыбіральню ледзь не за мільён даляраў. Як у ёй цяпер?4

У Дубаі загарэўся 67-павярховы хмарачос3

Што можа чакаць тых, каго будуць судзіць па справе «Беларускага Гаюна»?

Лукашэнка парэкамендаваў беларусам не налягаць на бульбу13

Ізраільцянам прыходзяць шпіёнскія паведамленні ад карэспандэнткі АНТ10

Усплёскі заказаў піцы каля Пентагона маглі сведчыць пра будучую атаку на Іран9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная16

Тэгеран гарыць. Ізраільскія знішчальнікі працягваюць удары, пакуль СПА Ірана бяссільная

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць