2 жніўня, за тыдзень да вайны, сілы ВПС, ВМФ і арміі скончылі на мясцовасьці ля грузінскай мяжы вучэньні «Каўказ-2008» — апошнюю праверку гатоўнасьці. Адначасова да пачатку жніўня Чыгуначныя войскі скончылі рамонт чыгуначных шляхоў у Абхазіі, якімі на гэтым тыдні былі перакінутыя да Інгуры танкі, цяжкая тэхніка і прадметы забесьпячэньня для прыкладна 10-тысячнай групоўкі, што ўварвалася ў Заходнюю Грузію. Піша Павал Фельгенгаўэр.
2 жніўня, за тыдзень да вайны, сілы ВПС, ВМФ і арміі скончылі на мясцовасьці ля грузінскай мяжы вучэньні «Каўказ-2008» — апошнюю праверку гатоўнасьці. Адначасова да пачатку жніўня Чыгуначныя войскі скончылі рамонт чыгуначных шляхоў у Абхазіі, якімі на гэтым тыдні былі перакінутыя да Інгуры танкі, цяжкая тэхніка і прадметы забесьпячэньня для прыкладна 10-тысячнай групоўкі, што ўварвалася ў Заходнюю Грузію. Піша Павал Фельгенгаўэр.
Сёньня для мяне цалкам відавочна, што расейскае ўварваньне ў Грузію было загадзя сплянаванае, прычым канчатковае палітычнае рашэньне скончыць падрыхтоўку і пачаць вайну ў жніўні было, выглядае, прынятае яшчэ ў красавіку.
І асяціны наўмысна правакавалі грузін, і ўсякі адказ, жорсткі ці мяккі, быў бы выкарыстаны ў якасьці нагоды для нападу. А калі б грузіны маўкліва цярпелі, то абхазы пачалі б, як цяпер, даўно падрыхтаваную апэрацыю па «зачыстцы» верхняй часткі Кадорскай цясьніны. Калі вайна заплянаваная, падстава заўсёды знойдзецца.
Да жніўня значная частка караблёў Чарнаморскага флёту была гатовая да працяглага паходу, часткі пастаяннай гатоўнасьці Сухапутных войскаў, Паветрана-дэсантных войскаў і марской пяхоты былі гатовыя да высоўваньня, а цягам вучэньняў «Каўказ-2008», якія скончыліся 2 жніўня, за тыдзень да вайны, сілы ВПС, ВМФ і арміі скончылі на мясцовасьці ля грузінскай мяжы апошнюю праверку гатоўнасьці. Адначасова да пачатку жніўня Чыгуначныя войскі Абхазіі скончылі рамонт чыгуначных шляхоў, якімі на гэтым тыдні былі перакінутыя да Інгуры танкі, цяжкая тэхніка і прадметы забесьпячэньня для прыкладна 10-тысячнай групоўкі, што ўварвалася без усякай нагоды ці фармальнай прычыны ў Заходнюю Грузію. Натуральна, ні для якіх «народна-гаспадарчых мэтаў», як афіцыйна абвяшчала Масква, тэрмінова адрамантаваная чыгунка не выкарыстоўвалася. Дзяржаўны прапагандысцкі апарат таксама правёў падрыхтоўку, апрацоўваючы падкантрольнае насельніцтва пастаяннымі паведамленьнямі пра немінучы грузінскі напад і пра тое, што за гэтым стаяць ЗША і Захад, якім быў абсалютна не патрэбны гэты канфлікт.
Натуральна, нельга бясконца трымаць войскі і флёт у 24-гадзіннай гатоўнасьці да высоўваньня. У кастрычніку сапсуецца надвор’е, сьнег закрые перавалы Галоўнага Каўкаскага хрыбта. Таму
другая палова жніўня была апошнім тэрмінам пачатку поўнамаштабнай вайны з Грузіяй.У красавіку на саміце НАТО ў Бухарэсьце, у якім Пуцін браў асабісты ўдзел, стала зразумела, што далучэньне Грузіі і Ўкраіны да альянсу, хоць пакуль рашэньне адкладзенае, непазьбежнае. Расейскія цывільныя і вайсковыя начальнікі сумленна папярэджвалі як Захад, гэтак і ўлады ў Тбілісі і Кіеве, што спробы «зацягваньня ў НАТО» (са словаў расейскіх дыпляматаў) краінаў, якія ў Маскве ўважаюць за традыцыйную вотчыну, спрычыніць крызіс. Было абвешчана, што Расея «ўсякімі сродкамі» не дапусьціць уступленьня Грузіі ў НАТО, але на Міхаіла Саакашвілі гэта не падзейнічала. Тады падзеі сталі разьвівацца з усё большай хуткасьцю.
Пуцін даручыў ураду «распрацаваць меры па аказаньні прадметнай дапамогі» Абхазіі і Паўднёвай Асэтыі, што юрыдычна адмаўляла дзяржаўны сувэрэнітэт Грузіі. Потым расейскі зьнішчальнік зьбіў у небе Абхазіі грузінскі бесьпілотнік. У Абхазію пад выглядам міратворцаў былі ўведзеныя баявыя часткі зь цяжкой наступальнай зброяй, потым — чыгуначныя войскі. Далей была сэрыя манэўраў, уварваньня расейскіх баявых самалётаў у грузінскае неба, фактычная адмова ад дыпляматычнага ўрэгуляваньня канфлікту з надуманымі падставамі і нарэшце вайна, якая павінна была конча вызваліць Абхазію і Паўднёвую Асецію ад грузінскага насельніцтва, Тбілісі — ад Саакашвілі, а Закаўказьзе — ад НАТО і амэрыканцаў. Зрэшты Масква нават гатовая фармальна захаваць тэрытарыяльную суцэльнасьць Грузіі ў выглядзе нейкай канфэдэрацыі і даць грузінам магчымасьць дэмакратычна выбіраць сабе прэзыдэнтам усякага, каго ўхваляць у Маскве.
Такім сама чынам расейскае кіраўніцтва ў 99-м рыхтавала ўварваньне ў Чачэнію.Тады яшчэ раньняй вясной, са сьведчаньняў былога прэм’ера Сяргея Сьцяпашына, было прынятае прынцыповае рашэньне пачаць вайну ў жніўні-верасьні. Усё лета ішла інжынэрная і іншая падрыхтоўка да разгортваньня ўдарных груповак. Тады Пуцін і ягоная каманда ўзнаўлялі тэрытарыяльную цэласнасьць РФ, сёньня, відаць, узяліся за выбудову постсавецкае прасторы.
У 99-м уварваньне чачэнскіх баявікоў у Дагестан стала падставай вайны, але яго нечаканы пачатковы посьпех прывёў да крызісу і да замены Сьцяпашына Пуціным. Сёньня
нечакана моцны ўдар Саакашвілі — імгненны разгром асяцінскіх утварэньняў — таксама сур’ёзна зблытаў карты.Масква больш ня мела магчымасьці ўдаваць, што гэта, маўляў, харобрыя асяціны змагаюцца з рэжымам Саакашвілі, а расейцы толькі спрабуюць разьвесьці бакі, усталяваць мір і толькі для гэтага ўводзяць войскі. Давялося пачаць непрыхаванае ўварваньне, зазнаваць страты і стаць аб’ектам ціску з Захаду, што немагчыма для інтэграванай у сусьветную фінансавую сыстэму расейскай бюракратыі.
Войскі давялося кідаць у бой параўнальна невялікімі атрадамі. У Рокскім тунэлі (6 км удоўжкі), які дзеля вузкасьці можа выкарыстоўвацца пераменна толькі для аднабаковага руху, на дарозе да Джавы і Цхінвалі паўсталі страшэнныя заторы.Пастаянна ламалася састарэлая, лядашчая расейская тэхніка. Вываз параненых і цывільных, падыход цалкам не патрэбных у дадзенай сытуацыі добраахвотнікаў — усё прывяло да жудаснага і працяглага па сёньня крызісу з забесьпячэньнем, а перадавыя параўнальна малалікія сілы давялося кідаць у бой з колаў часткамі.
Высунутыя да Цхінвалі 8 жніўня адборныя часткі, улучна з спэцназам ПДВ, амаль два дні не маглі выбіць грузін з гораду, нягледзячы на масіраванае выкарыстаньне артылерыі, танкаў і баявой авіяцыі. Нават камандуючага 58-й арміі генэрала Анатоля Хрулёва, які рушыў на перадавую навесьці парадак, грузіны паранілі.Грузінскія рэгулярныя войскі выйшлі з Цхінвалі, толькі падпарадкоўваючыся загаду палітычнага кіраўніцтва. Намесьнік начальніка Генштабу Анатоль Нагавіцын прызнаў, што збройныя сілы Грузіі ня тыя, што 15 гадоў таму прайгралі вайну сэпаратыстам: «У цяперашні момант гэта сучасная, добра адмабілізаваная групоўка, забясьпечаная сучаснай зброяй».
Пасьля выхаду з Цхінвалі грузінскія войскі працягвалі адступленьне. Да 11 жніўня амаль уся армія была сканцэнтраваная вакол Тбілісі. Да таго часу на тэрыторыі Грузіі, улучна з Асеціяй і Абхазіяй, было высунута да 20 тыс. расейскіх жаўнераў. Перадавыя атрады пайшлі да Горы, занялі Зугдзідзі, увайшлі ў Сэнакі і зруйнавалі там грузінскую вайсковую базу. Перадавыя выведкі пайшлі ў горад-порт Поці. Грузінскія войскі амаль паўсюль адступалі, ня ўвязваючыся ў баі. Расейскія войскі далёка адарваліся ад базаў забесьпячэньня, іх занадта мала для пасьпяховай акупацыі, іх перасоўваньні па Грузіі страцілі сэнс і толькі вялі да далейшых стратаў у тэхніцы праз пастаянныя паломкі. Загадаўшы адступаць, грузінскае кіраўніцтва захавала рэгулярную армію, якая маланкавым разгромам асяцінаў падняла свой прэстыж у грамадзтве. Захаваўшы армію, Саакашвілі захаваў, як яму здаецца, адзіную Грузію і адначасова апірышча ўласнага рэжыму, а разьбірацца з расейскім уварваньнем ён пакінуў заходнім лідэрам і дыпляматам.
Усю гісторыю грузінскі народ жыў на сутыку варожых сусьветных імпэрыяў і навучыўся такой гнуткасьці ў пытаньнях выжываньня і выкарыстаньня адных моцных праціўнікаў супраць іншых, што расейцам ня сьнілася.Некаторым цяперашнім расейскім кіраўнікам толькі здаецца, што яны дзейнічаюць, як Сталін.
Зруйнаваныя вайсковыя базы і іншая інфраструктура будуць узноўленыя на заходнія грошы, і пры гэтым яшчэ зьявяцца новыя працоўныя месцы. Разьбітыя радары і зброю заменяць на новыя і лепшыя. Пры гэтым Саакашвілі пасьпяхова вырашыў сваю асноўную стратэгічную задачу — канчаткова інтэрнацыяналізаваў асяцінскую і абхаскую праблемы, што ў канцавым выніку можа прывесьці да пасьлядоўнага выцясьненьня Расеі і зьніжэньня яе ўплыву ў рэгіёне. Яшчэ пры канцы чэрвеня ў Тбілісі францускі пасол у Грузіі Эрык Фарнье заявіў пры карэспандэнту «Новой газеты»: «Міжнародная супольнасьць ня лічыць Абхазію і Асэтыю сур’ёзнай праблемай. У нас ёсьць Іран, Афганістан, Судан, Лібан, Ірак. Ніхто ў Брусэлі не разглядае магчымасьці разгортваньня міжнародных міратворчых сілаў у рэгіёне. ЭС усё адно ня мае лішніх жаўнераў для падобнага малаважнага пытаньня. Гэта ўвогуле справа расейцаў, Расея — ключавы гулец у рэгіёне».
Цяпер усё кардынальна перамянілася, расейскае ўварваньне абудзіла Эўропу. Прэзыдэнт Францыі Нікаля Сарказі прапанаваў мірны плян, узгоднены з саюзьнікамі ў НАТО і Японіяй, які прадугледжвае безумоўнае спыненьне агню, вяртаньне ўсіх уцекачоў, у тым ліку ў Абхазію, поўны вывад расейскіх і грузінскіх войскаў з зон канфлікту і ўвядзеньне міжнародных міратворчых сілаў, якія будуць таксама ўключаць расейскі кантынгент. Папярэдні фармат аднаасобнага расейскага міратворніцтва больш цалкам непрымальны для Захаду, наша агрэсія ўсё перакрэсьліла. Для простых людзей на Каўказе, для асяцінаў, грузінаў, абхазаў і іншых такі вынік азначае сапраўдны мір, бясьпеку, агромністую замежную дапамогу для ўзнаўленьня і разьвіцьця рэгіёну. Для Расеі гэта можа азначаць ваенна-палітычную паразу ў выніку пасьпяховага, здавалася б, уварваньня.
Зразумела, што адразу францускі плян быў адпрэчаны расейскім паслом у ААН Віталём Чуркіным як непрымальны, але потым Масква пачала манэўраваць.
Цяперашняя залежная ад Захаду Расея можа многа гаварыць пра сваю адроджаную моц, але на справе выходзіць трохі інакш. Рэч ня толькі ў тым, што старая тэхніка пастаянна псуецца, а грузіны аказваюцца здольнымі зьбіваць расейскія звышгукавыя стратэгічныя бамбавікі.Усе расейскія лідэры, як з фракцыі «сілавікоў», гэтак і «лібэралы» — па сутнасьці бізнэсоўцы-мільярдэры, іх асабістыя інтарэсы зьвязаныя з Захадам, зь біржавымі каціроўкамі, іх галоўная палітычная мэта — «мадэрнізацыя Расеі», а ўварваньне ў Грузію іх усіх сёньня вядзе да галечы і відавочна пагражае яшчэ большымі непрыемнасьцямі ў будучыні. Захоўваючы магчымасьць інтэграцыі Расеі з Захадам, у аўторак прэзыдэнт Дзьмітры Мядзьведзеў абвясьціў «пра спыненьне апэрацыі прымусу да міру ў Паўднёвай Асеціі». Са словаў Нагавіцына, гэта азначае спыненьне агню.
Але нічога яшчэ ня скончана. У Маскве яшчэ спадзяюцца зрынуць Саакашвілі,хоць гэта наўрад ці ўдасца, і ўсякі ягоны пераемнік, напрыклад, выгнаньнік Іраклі Акруашвілі, зь якім Саакашвілі прылюдна памірыўся, будзе ня лепшы. Канфлікт ускладнены, відаць, асабістай моцнай непрыязнасьцю паміж Саакашвілі і Пуціным. У Тбілісі ў дыпляматычных і палітычных колах кажуць пра тое, што Саакашвілі пры сьведках зьняважліва адгукаўся пра «крамлёўскіх».
Няўсьцерп прымірыцца з тым, што яхідны Саакашвілі, які вывеў Грузію з СНД, абвясьціў Абхазію і Паўднёвую Асецію афіцыйна акупаванымі тэрыторыямі, зь якім расейскім кіраўнікам немагчыма спаборнічаць у публічнай вулічнай палітыцы, так і застанецца пры ўладзе ў Тбілісі. У прыкрамлёўскіх колах патрабуюць стварыць адмысловы міжнародны трыбунал па злачынствах на Каўказе. (Дарэчы, гэта было б неабходным, пры той умове, што расьсьледаваньне закране ўсе бакі канфлікту.) Аднак нават
калі падобны трыбунал будзе раптам створаны, хоць ужо існуе Міжнародны крымінальны суд, які займаецца ваеннымі злачынствамі, то ягоная юрысдыкцыя распаўсюдзіцца і на расейскае вайскова-палітычнае кіраўніцтва, якое можа ў першую чаргу трапіць пад удар за мінулыя справы на Паўночным Каўказе і за цяперашнія.Калі ўжо ўтвораны, то Міжнародны трыбунал ня будзе залежаць ад расейскіх уладаў, а будзе кіравацца правам.
Са сьведчаньняў відавочцаў, на тэрыторыю Грузіі ўведзеная праз Рокскі тунэль ракетная брыгада 58-й арміі — сыстэмы залпавага агню (РСЗА) «Ўраган» і балістычныя ракеты «Кропка-У». Сыстэмы РСЗА «Град» (калібар 122 мм) занадта малаэфэктыўныя пры ўдарах па гарадах і па войсках, якія абкапаліся, у адрозьненьне ад значна больш магутных «Ураган» (220 мм). З раёну Цхінвалі «Кропка-У» (радыюс 110 км) можа паражаць Тбілісі і прылеглыя раёны. Фугасна-аскепкавая боегалоўка «Кропкі-У» накрывае тры гектары, касэтная — 7.
РСЗА «Ўраган» і ракеты «Кропка-У» масава ўжываліся для абстрэлу Чачэніі ў 1999 і 2000 гг., што спрычынілася да масавай гібелі мірных жыхароў і разбурэньняў. На мінулым тыдні ракетамі «Кропка-У» былі абстраляныя з Абхазіі цэлі ў Заходняй Грузіі. Пусканьні былі зарэгістраваныя амэрыканскай глябальнай сыстэмай сачэньня за ракетнымі пускамі. Абхаскія ўлады заявілі, што гэта яны выпусьцілі балістычныя ракеты. Цяпер расейцы могуць сьцьвярджаць, што гэта асяціны (а не 58-я армія) чыняць удары па Тбілісі як помста, маўляў, за Цхінвалі. Падобныя ўдары, няма сумневаў, выклічуць у Тбілісі страшэнную паніку, і можа яшчэ ўдасца зрынуць рэжым Саакашвілі.
Спыненьне агню будзе вельмі хісткім да таго моманту, пакуль у Грузію ня ўвойдуць замежныя міратворчыя кантынгенты.
Каментары