Цім Кук: «У ЗША мае быць самы сучасны ў свеце ўрад. Пакуль гэта не так»
Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп правёў у Белым доме першае пасяджэнне тэхнічнай рады, якое наведалі кіраўнікі 18 найбуйнейшых амерыканскіх IT-кампаній, уключаючы кіраўніка Apple Ціма Кука, кіраўніка Microsoft Сат'ю Наделу і гендырэктара Amazon Джэфа Безоса.

«Наша мэта — правесці радыкальную трансфармацыю тэхналогій федэральнага ўрада, якая забяспечыць значна больш якасныя паслугі для грамадзян. Ураду трэба дагнаць тэхналагічную рэвалюцыю», — сказаў прэзідэнт ЗША.
Старшыня тэхнічнай рады Джарэд Кушнер адзначыў, што ў некаторых дзяржустановах ЗША, у тым ліку ў Міністэрстве абароны, па-ранейшаму выкарыстоўваюцца дыскеты.
З ім пагадзіўся кіраўнік Apple Цім Кук, які заявіў пра адсталасць амерыканскага ўрада ў пытаннях тэхналогій. «У ЗША мае быць самы сучасны ўрад у свеце. Пакуль гэта не так», - сказаў Кук.
Як падкрэсліў кіраўнік Amazon Джэф Безас, ён бы хацеў, каб адміністрацыя Трампа выкарыстала камерцыйныя даступныя тэхналогіі, машыннае навучанне і штучны інтэлект.
На сустрэчы кіраўнік Apple падняў пытанне аб спрашчэнні працэдуры атрымання амерыканскай візы для высокакваліфікаваных спецыялістаў з іншых краін.

Тэхнічная рада была сфармаваная ўказам прэзідэнта ЗША Дональда Трампа ад 1 мая. Яго старшынёй прызначаны Джарэд Кушнер — старшы дарадца кіраўніка Белага дома і па сумяшчальніцтве муж Іванкі Трамп. Мэтай рады абвешчаныя «пераўтварэнне і мадэрнізацыя» дзяржаўных лічбавых паслуг.
Каментары