Амбасада ЗША папярэдзіла пра збой у рэгістрацыі на латарэю грын-карт
Праз тэхнічныя праблемы змененыя тэрміны рэгістрацыі ў конкурсе на атрыманне грын-карты. Усе адпраўленыя да 18 кастрычніка заяўкі трэба пацвердзіць паўторна, паведамляе прэс-служба амбасады ЗША ў Беларусі.
Рэгістрацыю па праграме «Візавая латарэя для імігрантаў розных нацыянальнасцяў» (DV-2019) пачалі зноўку. Так спадзяюцца забяспечыць «справядлівасць і абарону цэласнасці працэсу ў інтарэсах усіх задзейнічаных бакоў».
«Новы рэгістрацыйны перыяд для падачы электронных заяў на DV-2019 адкрываецца апоўдні (час Нью-Ёрка і Вашынгтона) у сераду, 18 кастрычніка, і закрываецца апоўдні (час Нью-Ёрка і Вашынгтона пасля пераходу на зімовы час) у сераду, 22 лістапада», — удакладнілі ў пасольстве ЗША.
Усе тыя, хто заяўляўся да 18 кастрычніка, павінны даслаць заяву зноў. Інакш анкету проста не разгледзяць. У такім выпадку раяць:
«Вы можаце падаць яшчэ адну, новую заяўку, і вы не будзеце дыскваліфікаваныя за адпраўку некалькіх анкет. Асобы, якія пададуць больш за адну анкету на працягу новага перыяду рэгістрацыі, будуць дыскваліфікаваныя».
Каментары