Літаратура11

Санча і Панса

Пра тое, што Дзіма Войтка мой малочны брат, я даведаўся пасьля таго як зь ім пасябраваў. Яго бацька, таксама як мае тата і мама, працаваў на Смалявіцкай ДРЭС. Мы былі карэннымі дрэсаўскімі мальцамі... Алесь Аркуш. Апавяданьне.

Алесь Аркуш. Апавяданьне.

Пра тое, што Дзіма Войтка мой малочны брат, я даведаўся пасьля таго як зь ім пасябраваў. Яго бацька, таксама як мае тата і мама, працаваў на Смалявіцкай ДРЭС. Мы былі карэннымі дрэсаўскімі мальцамі, да таго ж вучыліся ў адной клясе.

З чаго пачалося наша школьнае сяброўства ўжо і ня помню. Напэўна, з музыкі. Абодва былі аматарамі заходняга року. Я выключна ў якасьці слухача, а Дзімыч, так яго называлі сябры, добра іграў на гітары. У Дзімыча быў старэйшы брат, які на той час ужо сабраў вялікую фанатэку. А я меў стрыечнага брата, што вучыўся ў Менску і пэрыядычна прывозіў мне запісы, -- на ягоным факультэце займалася багата замежных студэнтаў. У нас было чым абменьвацца і што перапісваць адзін у аднаго на свае бабінныя магнітафоны.

Дзімыч быў брунэтам і высокага росту. Я — русавалосы, і на галаву ніжэйшы за сябра. Здаецца, менавіта мая маці і прыдумала нам калектыўную мянушку «Санча і Панса». Дзімычу гэта спадабалася, ён мяне так і зваў Санча.

Я зьдзіўляўся, як лёгка Дзімыч падбіраў акорды, як складна выбудоўваў мэлёдыю. У шостым клясе бацькі купілі гітару і мне, пасьля чаго Дзімыч узяўся мяне музычна адукоўваць. Вучнем я аказаўся няздольным, далей некалькіх самых простых песенек справа не пайшла. Але Дзімыч не губляў надзею стварыць сяброўскі гурт. Пэрыядычна ў маёй кватэры, паклікаўшы яшчэ пару аднаклясьнікаў, мы наладжвалі сэйшаны. Замест барабанаў і талерак, прыстасоўвалі рондлі і патэльні. З музычных інструмэнтаў мелі толькі дзьве гітары і дзіцячы ксілафон. Аднойчы нават запісалі на магнітафон наш «дэбютны альбом». Памятаю, у той час усе гурты пры школах і ДК мелі у сваім рэпэртуары песьні пра Вялікую Айчынную вайну. З гэтай казёншчыны і неадпаведнасьці нашаму разуменьню рок-культуры мы абураліся і ўсяляк тое высьмейвалі. У выніку самі напісалі песьню пра ВАВ. Рэфрэнам у ёй быў радок «немцы пад Барысавам, немцы пад Барысавам». Звычайна «школьныя і домкультурныя» калектывы сьпявалі пра подзьвіг савецкага народа, а мы сваю песьню прысьвяцілі першым дням вайны.

Насілі мы і адпаведныя фрызуры. Дзімыч, як лідэр гурту, быў самы патлаты. У школе ўпарта але беспасьпяхова спрабавалі пазбавіць хлопца ягоных смаляных кудзераў. Кантроль фрызураў звычайна адбываўся падчас урока працы, калі хлопцы займаліся асобна ад дзяўчат. Нас вышнуроўвалі ў шыхт і за хлапечымі сьпінамі клясны кіраўнік або завуч выносілі вэрдыкт, каму трэба ісьці ў цырульню. Дзімыча накіроўвалі ў першых шэрагах. Ён сыходзіў, але назаўтра зьяўляўся ў клясе ў сваім звыклым выглядзе. Выклікі бацькоў у школу дапамагалі слаба. Дзімыч згаджаўся толькі крыху абкарнаць свае бітлоўскія пасмы.

Пра тое, што Дзімыч мой малочны брат я даведаўся выпадкова. Неяк маці, трымаючы ў руках шкляны графін, на якім было напісана «50 лет БССР», сказала, што гэта падарунак маці Дзімы. Мой сябар нарадзіўся на дзень раней за мяне, 27 траўня. У ягонай маці хутка зьнікла малако, а ў маёй мамы заставалася, прыходзілася сцэжваць. Гэтыя лішкі і патраплялі Дзімычу. Тры месяцы мама дзялілася малаком. У выніку, як я пазьней жартаваў, мой сябар і вырас такім даўгалыгам! У знак удзячнасьці маці Дзімы падарыла маёй маме прыгожы графін.

Пасьля 8 клясы я паступіў у Жодзінскі палітэхнікум. У мяне зьявіліся новыя сябры, але Дзімыч заставаўся сярод блізкіх мне людзей. Зь ім я хадзіў на танцы, па-ранейшаму слухаў музыку і ягонае брынчаньне на гітары.

У войска мы пайшлі ў адзін год — 1979-ы. Дзімыча забралі раней. Неяк зусім квола згадваюцца ягоныя провады. Помню, што «разьвітальная вячэра» ладзілася ў самым вялікім пакоі іх кватэры. У той час падобныя вечарыны колькасьцю гасьцей і выпіўкі нагадвалі вясельле. Дзімыча на маіх провадах не было, ён тымчасам праходзіў каранцін у Слуцку, а затым пачаў служыць у ракетным дывізіёне ў гарадзкім пасёлку Ўрэчча Любанскага раёну. Я ж патрапіў у вучэбку ў Печы, па сканчэньні якой служыў у Берасьці на памежнай вайсковай перавалачнай базе.

Падчас службы мы ліставаліся: пісалі пра свае праблемы, марылі пра «гражданку».

Але ўсё надалей адбылося далёка ня так як марылася, прынамсі ў Дзімыча. Пасьля арміі нашыя жыцьцёвыя шляхі пайшлі рознымі каляінамі: я паступіў у наргас, Дзімыч пачаў працаваць на СмалДРЭС. Мой музычны настаўнік неўзабаве ажаніўся і пераехаў у Вуглы -- аддалены ад пасёлку ДРЭС куточак Жодзіна. Мы пачалі бачыцца рэдка, практычна выпадкова. У Вуглах, дзе ён жыў у прымах, я, здаецца, быў усяго адзін раз.

Па сканчэньні наргасу я пераехаў на Полаччыну і нашыя сувязі канчаткова абарваліся. Весткі пра Дзімыча мне даходзілі праз маці, калі я наведваў бацькоўскі дом. Навіны былі сумнымі. Дзімыч пачаў выпіваць. Некалькі разоў я выпадкова сустрэў яго на ДРЭСе. Сябар быў нападпітку. Ад таго ранейшага энэргічнага, прыгожага Дзімыча мала чаго засталося. Агульнымі цяпер у нас былі хіба што ўспаміны пра мінулае.

Пасьля 40-годзьдзя ў Дзімыча пачалася чорная паласа. Татальна не шанцавала. Пазбавіўся працы на СмалДРЭС. Распалася сям’я. І самае страшнае: дачка загінула ў авіякатастрофе, ляцела на адпачынак тым самым самалётам, які пацярпеў аварыю над Бодэнскім возерам у Нямеччыне.

І зусім нечаканая навіна прыйшла ў 2008 годзе. Прыехаўшы ў адпачынак да бацькоў у Жодзіна, ад маці пачуў, што Дзімыча больш няма. Сэрца сябра спынілася ўвесну, калі пачала абуджацца прырода.

Толькі зараз зразумеў, што мы па войску так і не сабраліся ўсе разам, не пагутарылі, не памарылі пра нешта сапраўднае, істотнае. Прабач, Дзімыч, што не падтрымаў цябе ў цяжкую гадзіну. Ты, папросту, ня змог самастойна знайсьці выйсьце са свайго жыцьцёвага лябірынту. Мне здаецца, калі б ты быў побач, на маім відавоку, калі б мы трымаліся б надалей разам, я ня даў бы табе сасьлізнуць у невараць. Ты ня быў якімсьці канчаткова згубленым. Ты проста заблукаў.

Недзе на антрэсолях у маіх бацькоў ляжыць бабіна з запісам нашага першага і адзінага музычнага альбому. Наш гурт так і не атрымаў назвы. Я назаву яго постфактум «Санча і Панса».

* * *

Штодзённа ў рубрыцы «Літаратура» на сайце НН — новыя творы і мініятуры. Чытайце для сэрца, чытайце для розуму, чытайце для мовы.

Каментары1

Цяпер чытаюць

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу66

Грамадствадапоўнена66

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Усе навіны →
Усе навіны

Навукоўцы выпадкова адкрылі новы стан матэрыі — ні цвёрды, ні вадкі3

3‑гадовы індыец стаў самым маладым рэйтынгавым шахматыстам свету

Расія — адна з нямногіх краін свету, дзе часцей за ўсё глядзяць порна з трансгендарамі25

У Лёзне раённая чыноўніца заклікала задаваць ёй пытанні, але адключыла каментары1

Расійскія ветэраны вайны з Украінай, якія вярнуліся з фронту, ужо забілі і пакалечылі больш за 1000 чалавек7

Зяленскі: Заўтра мы перададзім ЗША мірны план8

«Адключыліся мазгі, я проста бегла за аўтамабілем». У Мінску таксі ледзь не звезла немаўля6

Падчас выпрабаванняў новай зброі ва Украіне загінуў брытанскі вайсковец

МТЗ вывеў на выпрабаванні новы наймагутнейшы трактар ФОТЫ17

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу66

Грамадствадапоўнена66

Офіс Ціханоўскай пераязджае ў Польшчу

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць