З таго часу, як большасць з нас перастала ўяўляць сваё жыццё без штодзённага сядзення ў інтэрнэце, з таго часу, як вашы адносіны нельга назваць сур’ёзнымі, калі вы не паведамілі пра гэта ў графе «стасункі» ў сацыяльных сетках, з таго часу, калі дасланы смайлік-сэрцайка лічыцца сур’ёзнымі заляцаннямі, — псіхолагі пачалі біць трывогу.
Яны нават прыдумалі вызначэнне для такіх адносін і назвалі такія паводзіны мікраздрадамі.
Пад вызначэнне мікраздрадаў трапляюць лайкі пад фотаздымкамі, выкарыстанне эмодзі з кветачкамі, пацалуначкамі і сэрцайкамі, якія расслылае ваш каханы/ая направа і налева, падпіска на інстаграм былога або даданне яго/яе ў сябры, сайты знаёмстваў у спісе дадаткаў, гісторыя запытаў у пошукавіку.
Мы запыталіся ў псіхолага Ганны Яфрэмавай, ці варта біць трывогу, калі паводзіны вашага партнёра ў інтэрнэце сталі вас турбаваць.
— Так, я лічу, што гэта можна назваць замаскіраванай здрадай. Калі нечага не хапае ў адносінах, чалавек шукае гэтага «нечага» на баку. Чаму б не пагутарыць пасля працоўнага дня? Не расказаць адно аднаму пра тое, што здарылася за дзень? А калі ваш чалавек прыходзіць і ўтыкаецца носам у тэлефон, не чуе вас, то варта пачаць хвалявацца.
Але нават калі такія паводзіны выклікаюць у вас трывогу, ні ў якім разе нельга пачынаць сачыць за партнёрам, маніторыць яго сяброў, вышукваць лайкі ці нешта падобнае.
Сачэнне напружвае ўсіх. І калі лайкі могуць не перарасці ў нейкія сустрэчы і адносіны, то пастаянны недавер, падазрэнні адназначна паскораць разрыў адносін.
— Што тады рабіць? Вядома, размаўляць, гаварыць пра праблемы ў адносінах. Бо здрада — гэта ў апошнюю чаргу фізічны кантакт. І людзі здраджваюць не за сэксуальны складнік, а тады, калі не атрымліваюць у адносінах кахання, пяшчоты, увагі, клопату.
І калі ў адносінах узнікае недавер або вашыя падазрэнні, што партнёр больш увагі надае віртуальным сябрам, псіхолаг раіць ДА-МАЎ-ЛЯ-ЦЦА.
— Адносіны — гэта праца. І калі яны гарманічныя, то вы павінны прыносіць у іх столькі ж, колькі забіраеце. А здрада, у тым ліку і мікраздрада, — гэта званочак таго, што нешта ідзе ў адносінах не так. Гэта сігнал, маўляў: «Эй, мне некамфортна з табой, я пакрыўдзіўся на цябе, мне не хапае тваёй увагі, заўваж мяне». І самае галоўнае на гэтым этапе — пачуць адно аднаго. Вы заўважалі старых людзей, якія ідуць за рукі? Гэта пра тое, што яны прайшлі агонь, ваду і, магчыма, здраду. Але змаглі дамовіцца. Не проста папрасіць адно ў аднаго прабачэння, а высветліць, з-за чаго ж адбылася здрада.
Мэсэнджары — гэта ўцёкі ад рэальных зносін
Яшчэ адна небяспека, якая падсцерагае адносіны ў сучасным свеце, — гэта размовы ў мэсэнджарах.
— Гэта страшна, калі блізкія людзі гутараць толькі ў перапісцы. Гэта скажэнне адносін. Пасварыліся, заблакавалі, памірыліся, даслалі адно аднаму сэрцайка. І ўсё? Увечары вяртаюцца дадому, як ні ў чым не бывала? Гэта падман саміх сябе.
Толькі калі вы глядзіце адно аднаму ў вочы, можна гаварыць пра сапраўдную блізкасць. Бо расказаць пра свае страхі і трывогі, пра пачуцці і адносіны, гледзячы чалавеку ў вочы, — гэта мужнасць і адказнасць.
Сацсеткі ні ў якім разе не могуць замяніць рэальных адносін. Да таго ж, гэта яшчэ шкодна тым, што вы проста ствараеце дадатковую глебу для рэўнасці і падазрэнняў.
— Бачыце, што ваш каханы позна сядзіць у сацыяльных сетках, вы тут жа сказілі рэальнасць, падумаўшы пра тое, што ён перапісваецца з кімсьці іншым. Убачылі на фота ў сяброўкі, напрыклад, чаравікі, якія носіць ваш каханы, тут жа вырашылі, што вам здрадзілі. А чаравікі маглі быць проста падобнымі.
Праблема ў такіх выпадках не заўсёды толькі ў тым, што ваш партнёр стаў паводзіць сябе неяк інакш.
— Маніторынг сацсетак партнёра, рэўнасць — гэта прыкметы вашай заніжанай самаацэнкі. Ілюзія таго, што калі вы пракантралюеце, выдаліце ў яго з сяброў усіх прыгожых дзяўчат, то ўсё будзе добра. Праблема не вырашыцца. Гэта не ў яго лайках справа, а ў вашых да іх адносінах. Трэба разабрацца ў сабе: чаму мяне так торкае, калі я бачу, як ён размаўляе з іншымі ў сацсетках.
Пры гэтым, кажа Ганна Яфрэмава, гэтыя праблемы далёка не падлеткаў, а сталых людзей.
— А адбываецца гэта таму, што нас ніхто не вучыць адносінам. Мы прывыклі замоўчваць свае праблемы. І звяртацца з праблемамі не да псіхолага, а да сяброўкі. Здрадзіў табе твой каханы, сяброўка, магчыма, параіць, адпомсціць яму, таксама здрадзіць. А што потым? Таблетка расчаравання. Боль не сыдзе.
У любых адносінах, кажа псіхолаг, галоўнае, заставацца праўдзівым з сабой.
— Я лічу, што нават пасля здрады трэба зрабіць усё, што ад цябе залежыць, каб выратаваць адносіны. Каб разумець, што я не збег, не пакрыўдзіў, не замаўчаў праблему, а паспрабаваў яе прагаварыць. І калі ваш партнёр не хоча вас слухаць, то перажываць трэба не мікраздраду, не здраду, а разрыў. Але гэта ўжо іншая гісторыя…
Каментары