Гісторыя2121

Урублеўскі: каліновец, які стаў генералам Парыжскай камуны

Урублеўскі стаў легендай яшчэ пры жыцці. Ён аднолькава смела кіраваў атрадамі і ў пушчах роднай Гарадзеншчыны, і на вуліцах узбунтаванага Парыжа. Партрэт найбліжэйшага паплечніка Кастуся Каліноўскага.

Жнівень 1908 года. Францыя. На ўсходзе Парыжа шматтысячнае людское мора, ахінаючы ўзгорак могілак Пэр-Ляшэз, праточваецца ручаямі па брукаваных дарожках і ажыўляе мёртвы горад мармуровых, гранітных і каменных стэлаў, скульптур і крыжоў. Над пакрытай чырвоным палотнішчам труной апошняга генерала Парыжскай камуны гучыць «Марсельеза».

Ад часу гэтай падзеі мінула 110 гадоў. На помніку, які добра захаваўся, выбіты надпіс: «Удзельніку паўстання 1863 года, генералу Парыжскай камуны (18 сакавіка—28 траўня 1871 года). Гераічнаму сыну Польшчы — народ Парыжа». Тады ў Францыі нямногія ведалі, што «гераічны сын Польшчы» нарадзіўся на беларускай зямлі і свядома карыстаўся беларускай мовай.

Жалудок — Вільня — Пецярбург

Валерый Урублеўскі паходзіў са старажытнага шляхецкага роду герба «Слепаўрон».

Герб роду Урублеўскіх «Слепаўрон» вядомы з сярэдзіны ХІV стагоддзя.«У блакітным полі срэбная падкова гакамі ўніз, на ёй залаты крыж кавалерскі, на крыжы чорны крук з узнятымі крыламі, направа абернуты, у дзюбе залаты пярсцёнак» (У. Крукоўскі «Срэбная страла ў чырвоным полі: з гісторыі беларускіх прыватных гербаў»)

Нарадзіўся ў мястэчку Жалудок Лідскага павета (цяпер гарадскі пасёлак Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці) 15 (27) снежня 1836 года.

Праз тыдзень пасля нараджэння бацькі Антоній-Войцех (ляснічы, а затым скарбнік графа Тызенгаўза) і Разалія з Юраўскіх (паходзіла з-пад Слоніма) ахрысцілі хлопчыка ў жалудоцкім парафіяльным касцёле пад імёнамі Валяр’ян-Антоній. Валерыем наш герой стаў падпісвацца ўжо на эміграцыі.

Калі малому было восем, бацька памёр. На Валяр’яна моцна паўплываў татаў брат: Яўстах Урублеўскі ў 1849 годзе трапіў на катаргу — яго абвінавацілі ў спробе стварыць таемную арганізацыю для дапамогі паўстанню ў Венгрыі.

Дзяцінства і юнацтва Урублеўскі правёў у Вільні, куды пераехала ягоная маці з трыма дзецьмі. У духу свабоды хлопцаў выхоўваў Віленскі шляхецкі інстытут. Затым была вучоба ў Санкт-Пецярбургу ў ваенізаваным Лясным інстытуце, які ён скончыў у 1857 годзе ў чыне прапаршчыка корпуса ляснічых. Быў прызначаны інспектарам пісарска-егерскай школы ў павятовым горадзе Саколка Гродзенскай губерні, а ў красавіку 1861 года атрымаў чын падпаручніка. У студзені 1862 года Валерыю Урублеўскаму даверылі пасаду загадчыка Сакольскага ляснога вучылішча, дзе ён за кароткі час стварыў падпольную групу, якая стала ядром ягонага першага паўстанцкага атрада.

«От што вольнасць значыць»

Перад паўстаннем 1863 года Валеры Урублеўскі ўдзельнічаў у выпуску «Мужыцкай праўды». Ёсць меркаванне, што гэта ён рыхтаваў тэкст да трэцяга нумара газеты, у якім «Яська-гаспадар з-пад Вільні» тлумачыць сялянам, што такое вольнасць.

Урублеўскі належаў да радыкальна-дэмакратычнага «чырвонага» кірунку. Ён да апошняга спадзяваўся, што паўстанне падтрымаюць сяляне. Але ідэі Каліноўскага і Урублеўскага апярэдзілі свой час на некалькі дзесяцігоддзяў.

Кіраўніцтва паўстання прызначыла Урублеўскага ваенным начальнікам Гродзенскага ваяводства, але пасля перавароту ў кіраўніцтве яго панізілі да начальніка штаба. У Сакольскім павеце — гэта на захад ад Гродна, у тыя часы ён быў татальна беларускамоўным, па-беларуску там гаварылі і праваслаўныя, і каталікі, — Валер Урублеўскі сфарміраваў атрад з вучняў і выкладчыкаў ляснога вучылішча, дзе год працаваў дырэктарам.

Сфарміраваў атрад са сваіх вучняў

Здольнасці Урублеўскага прызнаваў і праціўнік. Расійскі генерал Захар Манюкін пасля бою супраць атрада Урублеўскага на рацэ Слойка каля вёскі Валілы (цяпер гэта ў беларускім Падляшшы ў Польшчы, радзіма самага дарагога з сучасных беларускіх мастакоў Лёніка Тарасевіча) пісаў: «Непрыяцельскі ланцуг быў вельмі ўмела размешчаны за ссечанымі дрэвамі і бярвёнамі, паваленымі ў балоцісты ручай, які прыкрываў фронт атакаванай пазіцыі. За рэчкай было зроблена шмат завалаў, якія размяшчаліся вельмі ўмела для ўзаемнага фланкіравання. Па ўсім было відаць, што спрактыкаваная рука кіруе ўмацаваннем пазіцыі, нават з другога боку, адкуль менш за ўсё інсургенты маглі чакаць нападу… Бой быў вельмі ўпарты, мяцежнікі дзейнічалі правільнымі ланцугамі і калонамі і шмат разоў сыходзіліся ў густым лесе ў рукапашнай схватцы».

Валеры Урублеўскі адзначыўся і ў баі каля Косава ў Ружанскай пушчы: нягледзячы на нечаканы напад царскіх войскаў, наладзіў абарону і некалькі гадзін утрымліваў пазіцыі. Ён шматразова вадзіў касінераў у контратакі, адкідаючы расійскіх салдат ад ракі, каб даць магчымасць галоўным сілам атрада арганізавана адступіць. Па словах камандзіра расійскага атрада маёра Эміля фон Крэмера, «мяцежнікі пры адступленні спрабавалі 8 разоў кідацца наперад з крыкам «ура!», але кожны раз агонь стралкоў… прымушаў іх уцякаць і хавацца ў густы лес».

Валеры Урублеўскі меў вялікі аўтарытэт сярод паўстанцаў. А сваю павагу да іх ён часам выказваў нечаканым спосабам.

У чэрвені 1863 года пасля жорсткага бою каля мястэчка Лыскаў (цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці), уражаны мужнасцю жаўнераў, ён пашыхтаваў атрад, наламаў беласнежных кветак каліны і раздаў найлепшым. Пры гэтым адзначыў: прыйдзе час, і вольная Айчына належным чынам узнагародзіць сваіх герояў.

Нават ва ўмовах відавочнага згасання паўстання Урублеўскі падбадзёрваў сваіх паплечнікаў: «Узяўшы зброю ў рукі, мы павінны перамагчы, а калі хто-небудзь прымусіць нас яе скласці, дык толькі разам з жыццём». У жніўні 1863 года, пасля адстаўкі Ануфрыя Духінскага з пасады ваеннага начальніка Гродзенскага ваяводства, Урублеўскі прыняў на сябе агульнае камандаванне. Ён разаслаў па ваяводстве дробныя лятучыя атрады, каб надаць паўстанню новай сілы.

Але пад націскам расійскіх войскаў на чале рэшткаў свайго атрада Урублеўскі мусіў сысці пад прыкрыццё Свіслацкай, Белавежскай і Пружанскай пушчаў. 22 жніўня 1863 года Гродзенскім ваенным судом ён быў завочна прысуджаны да расстрэлу. Каб захаваць сілы і прадоўжыць змаганне вясной наступнага года, Урублеўскі распусціў свой атрад, а сам рушыў у Варшаву. Там Валерый атрымаў чын палкоўніка і ўзначаліў новы атрад, сабраны з гродзенскіх, брэсцкіх і падляшскіх інсургентаў. Акрамя таго, ён быў прызначаны ваенным начальнікам Палесся з паўнамоцтвамі фарміраваць там новыя паўстанцкія аддзелы.

Урублеўскі правёў шэраг баёў супраць расійскіх войскаў, выкарыстоўваючы тактыку партызанскай барацьбы. Галоўную ўвагу ён надаваў агнявой падрыхтоўцы падначаленых: майстэрству валодання зброяй і трапнай стральбе. З баямі дайшоў да Люблінскага ваяводства, дзе злучыўся з украінскім атрадам графа Юзафа Панінскага. Спрабаваў таксама сабраць і аб’яднаць рэшткі іншых разбітых атрадаў.

Генерал Парыжскай камуны

У Францыю Валеры Урублеўскі трапіў з Аўстрыйскай Галіцыі, дзе залечваў раны, атрыманыя падчас апошняга бою з расійскімі войскамі каля вёскі Руды Карыбутаўскія (Люблінскае ваяводства). Па ўспамінах паўстанца Ігната Арамовіча, у крывавай сутычцы 19 студзеня 1864 года аддзел Урублеўскага, які вёз на санях параненых, быў нечакана атакаваны кубанскімі казакамі. Камандзір застаўся прыкрываць адступленне сваіх інсургентаў. Казацкія шашкі пашкодзілі правае плячо і двойчы галаву. Урублеўскі зваліўся з каня. Мясцовы селянін пасля бою падабраў беспрытомнае, змерзлае ў лядзяш цела паўстанцкага камандзіра і схаваў яго ў гумне.

«Абарона жанчынамі барыкады на плошчы Бланш падчас Крывавага тыдня». Літаграфія невядомага мастака ХІХ стагоддзя.

Жывучы пасля паразы паўстання на эміграцыі, Урублеўскі не марнаваў часу. У Парыжы ён пачаў наведваць вайсковую школу на Марсавым полі. Падчас франка-прускай вайны ўступіў у Нацыянальную гвардыю, а ў 1871 годзе ўвайшоў у кіраўніцтва Парыжскай камуны, атрымаўшы званне генерала. Ён узначаліў адну з трох рэвалюцыйных армій, якая абараняла на барыкадах паўднёвую частку Парыжа ад версальцаў — прыхільнікаў урада.

У шэрагах камунараў было мала дысцыпліны, панавала анархія, было шмат рамантызму і не менш разгільдзяйства. Да абароны горада Камуна падрыхтавалася слаба, сувязі з сялянамі не наладзіла, час сыходзіў на прыгожыя жэсты кшталту адмены арэнднай платы за здым кватэр.

25 мая на працягу дня сіламі некалькіх тысяч камунараў Урублеўскі намагаўся адбіць атакі армейскага корпуса, пасля чаго здзейсніў арганізаваны адыход праз раку Сена рэштак сваёй арміі, якая скарацілася да тысячы чалавек.

Каваль і распаўсюднік газеты «Нязломны»

Пасля паражэння камунараў Валеры Урублеўскі цудам пазбег палону і немінучага расстрэлу. Пад чужым пашпартам ён пераехаў у Лондан, а французскім трыбуналам быў завочна прысуджаны да смяротнага пакарання. Жывучы ў Англіі, генерал увайшоў у склад Генеральнай рады І Інтэрнацыянала, перапісваўся з Карлам Марксам і Фрыдрыхам Энгельсам.

Акрамя таго, падтрымліваў цесныя сувязі і з расійскімі рэвалюцыянерамі. Існуе версія, што Урублеўскі нават меў дачыненне да арганізацыі забойства расійскага імператара Аляксандра ІІ.

Станіслаў Віткевіч «Паранены паўстанец». 1881 год.Са збораў Нацыянальнага музея (Варшава).

У 1876 годзе генерал пераехаў у Жэневу, а пасля амністыі для камунараў 1885 года вярнуўся ў Францыю, пасяліўся ў Ніцы. Ён пакутаваў ад хвароб і нястачы і, каб выжыць, працаваў малатабойцам у кузні. Дзякуючы дапамозе Энгельса, Урублеўскаму ўдалося пераехаць у Парыж, дзе ён уладкаваўся інспектарам рознічнага продажу ў газеце «Энтрансіжан» — з французскай мовы гэтая назва перакладаецца як «Нязломны».

На гэтай працы ён быў вымушаны штодзённа, пад халодным дажджом або пякучым сонцам, хадзіць у Парыжы ад шапіка да шапіка і кантраляваць, як раскладаюць газету ў тамтэйшым «саюздруку».

У 1900 годзе, яшчэ пры жыцці героя, у Парыжы выйшла невялічкая (на васьмі старонках з партрэтам) брашурка Станіслава Гершынскага пад назвай «Генерал Валеры Урублеўскі». Аўтар з невымернай павагай напісаў пра «чалавека вайсковай выпраўкі», які самотна крочыць па парыжскіх вуліцах, успамінаючы сваіх таварышаў, што «памерлі, паснулі вечным сном дзе-небудзь у літоўскіх лясах або на бруку Парыжа». На старонках кнігі легендарны генерал «блукаў як цень рэвалюцыйнага эпасу вялікіх дзён і мроіў пра мінулае, пра колішнюю барацьбу, пра лясы на берагах Нёмана, дзе прайшлі гады яго баявога юнацтва…»

Магіла Валерыя Урублеўскага. Могілкі Пэр-Ляшэз. Францыя.

…Так сталася, што Урублеўскага пахавалі на тых самых могілках, дзе карныя каманды ў 1871-м расстрэльвалі апошніх камунараў.

Каментары21

  • Сиононивец
    04.08.2024
    Автор статьи пытается сектантов "Новой Беларуси" привязать к парижским коммунарам? Так ведь коммунары были социалистами, а сектанты "Новой Беларуси" являются национал-капиталистами, выступают за приватизацию и против социальных завоеваний трудового народа. Разве не так?
  • Вок так
    04.08.2024
    Сиононивец, в твоей методичке как минимум две ошибки и ложных утверждений. Если не дурак и не бот, то поймешь о чем речь.
  • Беларус
    04.08.2024
    Толькі хацеў напісаць, што калі б Валерый Урублеўскі жыў у сённяшні час, то лукашысты ўжо даўно бы прызналі яго “тэрарыстам”. Не паспеў дапісаць свой каментарый, як лукашысцка-рашысцкія боты ўжо тут як тут пад артыкулам павылазілі.

Лукашэнка стаў прадзедам14

Лукашэнка стаў прадзедам

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі адмовіўся назваць лічбу ўкраінскіх вайскоўцаў, якія загінулі з пачатку вайны 3

УЕФА па выніках матча з мінскім «Дынама» аштрафаваў «Легію» за антылукашэнкаўскія плакаты фанатаў1

Новая вакцына ад ВІЧ прайшла фінальнае выпрабаванне. Эфектыўнасць — рэкордныя 99%8

У класных журналах будуць звесткі аб месцы працы бацькоў3

У Тбілісі пратэстоўцаў рассеялі на праспекце Руставелі6

«Будзе здымаць маштабныя праекты з сабой у галоўнай ролі». Што думаюць пра новага міністра культуры Чарнецкага яго калегі?11

Шольц расказаў, што было ў яго таямнічай валізцы6

Беларускай блогерцы адмовіліся прадаваць рэмень «Луі Вітон». Яна абураная40

Беларусам стане складаней ехаць на заробкі ў Літву. Там змяніліся правілы падачы на ДНЖ

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка стаў прадзедам14

Лукашэнка стаў прадзедам

Галоўнае
Усе навіны →