Грамадства22

Як тамада з Брэста стаў народным рэпарцёрам — гісторыя блогера Сяргея Пятрухіна

Сяргей Пятрухін жыў, як многія, і не цікавіўся палітыкай. Некалькі гадоў таму Сяргей служыў у тэатры, потым працаваў вядоўцам на вяселлях, піша «Салідарнасць».

Сяргей Пятрухін, фота Рамана Чмяля, binkl.by

— Я быў «ватнікам», уважаў сябе за чалавека справядлівага і прыстойнага. Мяне не цікавіла палітыка: толькі б мяне не чапалі і давалі мне зарабляць. Ну, як звычайны беларус: «Жыву, у норку цягаю корм сабе, сваім дзеткам і жонцы. Не чапайце мяне», — успамінае ён.

Жыццё змянілася, калі ў доме, у якім ён жыў, паўстала праблема:

— Прайшлі тэрміны правядзення капітальнага рамонту. Дому было 50 гадоў, і ніхто не варушыўся. Парушэнні заканадаўства былі абуральнымі.

Сяргей пачаў перапіску з ЖЭСам і зразумеў, што ўлады не адпавядаюць таму, як яны сябе пазіцыянуюць у газетах:

— Я ўбачыў, што гэта нейкае залюстроўе.

Ён зняў фільм пра дом, у якім зрабілі такі рамонт, потым з'явіліся іншыя сюжэты.

— Чым больш я ў гэта ўцягваўся, тым больш разумеў, што ў нас усё перавернутае з ног на галаву. Чыноўнікі — гэта групоўка, часцей за ўсё, непрыстойных фігур, якія дзейнічаюць не ў інтарэсах людзей, і жывуць лепш, чым іх працадаўца — народ. Для гэтага яны часцяком нічога не робяць, не хочуць адказваць на пытанні і адгароджваюцца ад людзей адпіскамі.

У міліцыі, калі і ёсць нейкі адсотак прыстойных супрацоўнікаў, то ён вельмі малы. Я бачыў, як яны хлусяць у судах — нахабна, на загад начальства.

Сяргей кажа, што быў сведкам трагедый, калі ў людзей забіралі бізнэс, адпраўлялі ў турму. Ён успамінае гучную крымінальную справу берасцейца Сяргея Ярася, аб якім здымаў фільм з Аляксандрам Кабанавым.

— Сяргей Ярась у сваім двары ў прыватным сектары смажыў шашлыкі. Гэта было а шостай вечара ў панядзелак. Суседзі без папярэджання выклікалі міліцыю, паскардзіліся на гучную музыку. Прыехала міліцыя. Яны сказалі, што музыку зробяць больш ціхай, маўляў, ідзіце хлопцы, ніякіх праблем. Міліцыянты сышлі, вярнуліся з падмацаваннем, адкрылі там стральбу. Запырскалі людзям вочы газам. Сяргея збілі, зламалі яму рэбры. Хто яго біў, ён не бачыў.

Сам ён былы міліцыянт, ягоны бацька ўсё жыццё ў міліцыі працаваў. Мама Сяргея вырашыла не пакідаць гэта беспакараным. Пакуль у Берасці з імі змагалася, усё было ціха, але яна выйшла на Менск. Распачалі справу супраць міліцыянтаў, але неўзабаве яе закрылі. На Сяргея і ягонага сябра завялі справу, абвінаваціўшы ў гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў міліцыі.

Сяргей Ярась, фота з сямейнага архіва, TUT.BY

На судзе было характэрна тое, што міліцыянты цалкам памянялі паказанні, якія яны давалі на следстве. У Ярася было тры адвакаты. А суддзя адкідаў усе пытанні, якія задавалі адвакаты, на высвятленне важных абставінаў. Сяргею Ярасю далі два гады агульнага рэжыму, ягонаму сябру — тры гады «хіміі».

Сяргей Пятрухін адзначае, што суд над Ярасем быў адкрытым, але людзей прыйшло мала.

— Я мяркую, што гэта выклік грамадству. Гэта зроблена напаказ: глядзіце, мы творым што хочам.

Тое, што адбываецца ў Беларусі, народны рэпарцёр з Берасця ўспрымае як акупацыю.

— Усе чыноўнікі прызначаныя, народных дэпутатаў няма, улада рэдка рэагуе на спадзяванні людзей. Міліцыя — гэта апрычнікі, якія сочаць, каб народ жыў не паводле законаў, а паводле паняццяў — паводле іх правілаў. Ні суддзі, ні міліцыянты не даюць сябе здымаць. Ім сорамна, бо яны не суддзі, не праваахоўнікі, а чыноўнікі ў мантыях і форме, якім даюць загад кагосьці «мачыць», і яны яго выконваюць. Справядлівых судоў у нас практычна няма, выбараў няма. Так і выглядае акупацыя ў маім разуменні.

Сяргей Пятрухін называе злачынствам тое, што ў цэнтры Берасця дамы, пабудаваныя ў пачатку стагоддзя, прызналі аварыйнымі і аддалі інвестарам:

— Гарвыканкам адсяляў жыхароў гэтых дамоў на ўскраіну. Адзін дом я выратаваў ад такога рассялення. Людзям далі кватэры ў цэнтры, пасля таго, як гісторыя была раскрытая.

— Яшчэ была гісторыя, калі прызналі аварыйным першы паверх пяціпавярховіка ў цэнтры горада. Людзей рассялілі, а цэлы паверх аддалі пад крамы. Уяўляеце, які гэта абсурд?

За шэсць гадоў, якія Пятрухін здымае фільмы пра праблемы Берасця, прэсінг з боку сілавікоў ён адчуў, калі пачалося супрацьстаянне ўладаў і мясцовых жыхароў, якія пратэстуюць супраць запуску акумулятарнага завода.

АМАП у пад'ездзе Сярнея Пятрухіна, фота Уладзіміра Вялічкіна

— Раней міліцыянты мяне не чапалі. Я сябе пазіцыянаваў, як кажа Шуневіч, фрыкопам — добраахвотным памочнікам у барацьбе з карупцыяй.

Сяргей успамінае гісторыю, пра якую здымаў відэа:

— У цэнтры стаяў дом, там жылі тры сям'і. Сем'і рассялілі за кошт горада, то бок за наш кошт, падаткаплацельшчыкаў, а пляц аддалі чыноўніку з Дэпартамента фінансавых расследаванняў, які за год пабудаваў там дом.

Пятрухін апублікаваў гэтыя факты, але ўзнагароду ад дзяржавы — 50 базавых за дапамогу ў барацьбе з карупцыяй — так і не атрымаў:

— Сказалі, што своечасова не падаў заяву.

Апошні год Пятрухін працуе ў пары з Аляксандрам Кабанавым.

— Калі б яго не было, я б, напэўна, здаўся. Дзякуючы Сашу, якасць відэа нашмат палепшылася.

Сяргей Пятрухін і Аляксандр Кабанаў

Першыя арышты Пятрухін атрымаў за асвятленне маршу «дармаедаў», адкуль вёў відэатрансляцыі. За мінулы год народны рэпарцёр адседзеў 23 дні і атрымаў штрафаў амаль на 3 000 даляраў.

— Кампанія, якая будуе акумулятарны завод, звярталася ў суд. Ён прызнаў, што мы прычынілі страты дзелавой рэпутацыі, і загадаў нам папрасіць прабачэння, але мы гэтага не зрабілі, — распавядае Сяргей. — Яшчэ штрафавалі за тое, што выйшаў на плошчу ў цішотцы з надпісам супраць завода АКБ, — 45 базавых. У стрыме мы з Кабанавым прыстрашылі, што выйдзем на плошчу, але не выйшлі. Суд расцаніў гэта як заклік і кожнага аштрафаваў на 50 базавых.

Аплачваць штрафы народным рэпарцёрам дапамагаюць актывісты кампаніі «Берасце супраць свінцу».

— Аднойчы сабралі за дзень 750 даляраў. Яшчэ хапіла на адваката, — успамінае Сяргей Пятрухін. — Адзін чалавек заплаціў за нас з Кабанавым чатыры штрафы — дзве тысячы даляраў. Гэтыя грошы нам перадалі знаёмыя. Мы вельмі яму ўдзячныя. Натхняе, што ёсць такія людзі, якія не могуць хадзіць на плошчу і карміць галубоў, але салідарныя з намі.

Сяргей Пятрухін, фота Рамана Чмяля, binkl.by

Пасля таго, як Сяргей з «ватніка» ператварыўся ў грамадзянскага актывіста, ад яго сышла жонка:

— У яе праца — яна баіцца. Нашаму сыну шэсць гадоў. Яе можна зразумець. У маім жыцці было ўсякае: выбітыя дзверы, ператрусы… Яна ратуе дзіця. І я ратую яго ад акумулятарнага завода, напрыклад, і ад жыцця ў краіне, дзе пануе самавольства.

Калі так будзе прадаўжацца, моладзі трэба з'язджаць адсюль, тут няма ніякіх перспектыў. Канстытуцыя нам гарантуе права на свабоднае развіццё асобы, а ўсё накіраванае на тое, каб чалавека паставіць у рамкі і зрабіць яго паслухмяным рабом, які ходзіць да выбарчай скрыні, за бляшанку тушонкі ці таму што на працы сказалі.

Каментары2

Цяпер чытаюць

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус4

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Усе навіны →
Усе навіны

«Кожны дзень — як месяц»: іранцы апісваюць жыццё на фоне авіяўдараў ЗША і Ізраіля1

Аргазм: што норма, а што не норма8

Пуцін намякнуў, што можа сам перастаць пастаўляць Еўропе газ проста цяпер10

Пуцін аддаў Венгрыі двух украінскіх палонных з венгерскім грамадзянствам. МЗС Украіны: Гэта цынічны піяр2

Беларускія дранікі будуць прэтэндаваць на спіс культурнай спадчыны ЮНЕСКА2

Apple выпусціла новы макбук усяго за 600 даляраў3

Пад Рэчыцай пачалі рамонт моста праз Дняпро, часткова закрытага больш за 20 гадоў

Завабліваць аўдыторыю ў расійскі месенджар Max пачалі і раёнкі4

У трох усходніх абласцях істотна павялічылі хуткасць мабільнага інтэрнэту4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус4

Мабільным аператарам забаранілі заганяць беларусаў у вялікі мінус

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць