Марына Золатава, фота Волі Афіцэравай

Беларусы, што пражываюць у ЗША, стварылі петыцыю ў падтрымку галоўнага рэдактара Tut.by Марыны Золатавай, суд над якой пачнецца 12 лютага.

Упершыню ў гісторыі сучаснай Беларусі будуць судзіць галоўнага рэдактара СМІ па абвінавачванні ў злачынстве, звязаным з прафесійнай дзейнасцю.

Марына Золатава засталася адзінай абвінавачванай па «справе БелТА», астатнія фігуранты — 14 супрацоўнікаў розных СМІ — былі вызваленыя ад крымінальнай адказнасці з прыцягненнем да адміністрацыйнай. Галоўнага рэдактара Tut.by абвінавачваюць па ч. 2 арт. 425 Крымінальнага кодэкса (Бяздзейнасць службовай асобы), санкцыя артыкула — ад штрафу і да 5 гадоў пазбаўлення волі.

«Беларуская супольнасць у ЗША, нашы сябры і родныя, якія сочаць за падзеямі ў Беларусі, звяртаемся з заклікам да адпаведных дзяржаўных устаноў Рэспублікі Беларусь, у тым ліку Следчага Камітэта і Мінскі гарадскі суд, неадкладна спыніць пераслед галоўнага рэдактара інфармацыйнага партала Tut.by, Марыны Золатавай, у сувязі са справай БелТА», — адзначаецца ў петыцыі.

«Мы рашуча пратэстуем супраць гэтай спробы дзяржавы запалохаць і усталяваць кантроль над незалежнымі журналістамі і тымі незалежнымі інфармацыйнымі ўстановамі, якія забяспечваюць у Беларусі адну з фундаментальных асноў дэмакратычнага грамадства - прысутнасць незалежных медыя», — пішуць аўтары петыцыі.

«Мы заклікаем Следчы Камітэт і Мінскі суд спыніць крымінальную справу супраць галоўнага рэдактара Тut.by. Справа БелТА ужо негатыўна паўплывала на імідж Беларусі на міжнароднай арэне. Суд над галоўным рэдактарам Тut.by выклікае новую хвалю пратэсту ва ўсім свеце і яшчэ горш адаб'ецца на інвестыцыях і палітычных перспектывах краіны», — сцвярджаюць аўтары звароту.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0