Меркаванні1212

Віктар Марціновіч: Ён, Яна і таварыш следчы

Навіна пра тое, што зараз медыкі будуць абавязаныя дакладаць праваахоўным органам пра любы выпадак «палавога жыцця школьніц, маладзейшых за 16 гадоў», з’яўляецца, на маю думку, адным з самых хваравітых сігналаў апошняга часу.

Кажуць, што робіцца тое ў межах прадухілення злачынстваў супраць палавой недатыкальнасці няпоўнагадовых, дадаецца таксама, што міліцыя тут мела «дыскусію» з Міністэрствам аховы здароўя ў частцы, «якая тычыцца ўрачэбнай тайны», і пазіцыя міліцыі перамагла, бо «калі размова ідзе пра дзяўчыну 14-15 гадоў, то здзейсненае злачынства, і ўрачэбная тайна тут не працуе».

І тут пачынаецца самае цікавае, бо самі ж ініцыятары гэтай дзікунскай ініцыятывы кажуць, што «калі гэта па любові з хлопчыкам», дык «нікога за тое не пасадзілі». А вось калі дзяўчына аказалася ахвярай гвалту — яна магла «ў сілу ўзросту пабаяцца аб гэтым сказаць».

Такім чынам: цяпер гінеколаг, зафіксаваўшы выпадак «палавога жыцця дзяўчынкі, маладзейшай за 16 гадоў», мусіць паведамляць пра гэта «наўпрост кіраўніку мясцовага УУС», «каб інфармацыя не трапляла яшчэ кудысьці і не было грамадскага асуджэння», а пасля дзяўчынка будзе накіраваная да «медыцынскага псіхолага, які падрыхтуе яе да размовы са следчым» (!).

І калі раптам у вас ёсць сумнеў, што гэтая хворая схема будзе працаваць, не сумнявайцеся! Бо дактары, баючыся адказнасці (а цяпер усе баяцца асабістай адказнасці), будуць «інфармаваць органы» з усёй спраўнасцю добра адладжанага механізму. А органы, якія вельмі любяць гнацца за статыстыкай, будуць з энтузіязмам пускаць такія «сігналы» ў працэсуальны абарот.

І гэта крок ужо нават не да Оруэла, а да Замяціна.

Сачыце за логікай: «калі гэта было па любові з хлопчыкам», дык «нікога» за тое саджаць не будуць. Але ў жыццё маладой пары закаханых разам з першым рамантычным вопытам прыйдзе гвалт навязанай звонку кансультацыі з псіхолагам, а потым — «сумоўя» (назавём гэта так) са следчым. Які будзе задаваць малой пытанні, ці ўсё было па згодзе, а пакажыце, як ён вас чапаў, а што потым рабілі вы? І дзяўчыне — 15-гадовай, якая толькі пачала разумець уласныя жаданні і сваё цела — давядзецца на пытанні дарослага адказваць, бо гэта ж следчы і патэнцыйна — крымінальная справа. І хлопцу, які не забаяўся, калі каханая сказала «так», давядзецца прайсці праз навіну пра тое, што ягоную адзіную перавялі ў статус «вядзе палавое жыццё да 16-ці гадоў», потым слухаць яе расповед пра сустрэчу з псіхолагам, потым праводзіць яе на допыт, потым, магчыма, рыхтавацца да допыту самому. Абое — ва ўзросце, калі ніякавееш ад аднаго дапушчэння, што «продкі» даведаюцца, што ты курыш.

І гэта ўсё — не ў фундаменталісцкім султанаце, не ў Іране, не ў Іраку, не ў сярэднявечнай Еўропе. А ў Беларусі ў ХХІ стагоддзі. IT-краіна, чо.

Вам не хапае выпадкаў засільвання жанок, у якіх гразіліся адабраць дзяцей? Не хапае паведамленняў пра дзяўчынак, якія два месяцы «падвяргаліся гвалтоўным дзеянням сэксуальнага характару» ў прытулку, куды яе даставілі, забраўшы з сям’і, ад «дрэнных» бацькоў? Вам хочацца яшчэ большага ўмяшальніцтва дзяржавы ў прыват? Вам трэба, каб у пятлю лезлі закаханыя юнакі? Школьнікі і школьніцы?

Вам не падаецца, што ў юнацкім ложку не месца следчым і аператыўным работнікам? Туды могуць зазіраць з парадамі бацькі і родныя, але ніяк не міліцыя.

Сітуацыя, якая была ў Беларусі дагэтуль, супадала з прафілактыкай такіх злачынстваў па ўсім свеце: калі было згвалтаванне — патрэбная заява. Калі няма заявы — выціскаць гэтую заяву следчыя не мусяць нават пасля падрыхтоўчай працы псіхолагаў. Мне здаецца, на гэтай кропцы ўсё і мусіць застацца, бо пагоня за раскрывальнасцю непазбежна прывядзе тут да траўмаў на ўзроўні цэлай генерацыі маладых. Каго яны вырасцяць? Робатаў? Замяцінскія «нумары», якія, кахаючыся, думаюць пра закон, а не пра пачуцці?

Хацеў бы нагадаць, што аўтарытарызм ад таталітарызму адрозніваецца менавіта паўсюднасцю кантролю дзяржавы над любой сферай жыцця і дзейнасці грамадзян. Было б дзіўна, калі б змены характару рэжыму пачалі вызначацца не палітыкамі, а занадта прагнымі да ролі «новых пастараў» сілавікамі. Кожнаму мусіць заставацца ягоная справа: міліцыя ловіць злачынцаў, бацькі гадуюць дзяцей, маладыя вызначаюцца, як далёка пойдуць пасля першага пацалунка.

Каментары12

Цяпер чытаюць

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы9

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы

Усе навіны →
Усе навіны

Пад Мінскам мужчына выратаваў казулю, якая апынулася ў ледзяной вадзе ВІДЭА2

Дзіцячая пісьменніца Надзея Ясмінска ў рэанімацыі3

Затрымалі жонку жыхара Слоніма, які скардзіўся на ціск з боку сілавікоў6

Чаму каты заўсёды прызямляюцца на лапы? Навукоўцы знайшлі аргументаваны адказ2

Айцішнік з Гродна выставіў у рэзюмэ на сайце вакансій рэцэпт пельменяў. І прайшоў сумоўе4

У Беларусі здымаюць з продажу некаторыя алкагольныя напоі2

Выйшаў на свабоду палітвязень Аляксей Кубракоў. Сілавікі назвалі яго «кур’ерам Байсола»

Расія папярэджвала Алі Хаменеі пра ўдар, але той нібыта абраў пакутніцкую смерць5

Лясгас запрашае падзарабіць на высадцы лесу. Беларусы здзівіліся аплаце за гэту працу8

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы9

Мігранцкі крызіс, арганізаваны Лукашэнкам, — усё? Вось што паказваюць лічбы

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць