Дзёрзкае злачынства ў Гомелі: трое маладзёнаў — аднаму з іх 17 год — напалі на ўладальніцу БМВ, збілі яе і забралі пяць тысяч даляраў
Здарэнне адбылося ў панядзелак каля 20:40. У аператыўна-дзяжурную службу Савецкага РАУС Гомеля паступіла паведамленне ад жыхароў дома па вуліцы Быхаўскай, інфармуе прэс-сакратар МУС Вольга Чамаданава ў сваім тэлеграм-канале.

Жыхары расказалі: трое невядомых напалі на жанчыну з белага БМВ, збілі яе, заштурхалі ў машыну і з'ехалі ў невядомым кірунку.
На вышук аўтамабіля былі арыентаваны ўсе мабільныя і пешыя нарады міліцыі горада.
Неўзабаве аўтамабіль быў заўважаны экіпажам ДАІ: ён рухаўся па трасе Чарнігаў — Гомель назад у бок абласнога цэнтра. Законныя патрабаванні спыніцца кіроўца праігнараваў, таму міліцэйскі аўтамабіль пачаў пераслед.
У выніку БМВ быў знойдзены на вуліцы Севастопальскай. За рулём знаходзілася 35-гадовая жанчына-ўладальнік, яна была збітая. Медыкі яе агледзелі і шпіталізавалі. Жанчына паведаміла прыкметы злачынцаў. Аператыўнікі пры падтрымцы байцоў АМАПа па гарачых слядах затрымалі аднаго з іх — 17-гадовага хлопца.
Пазней жанчына паведаміла астатнія падрабязнасці.
Яна вярталася дадому на машыне, калі да яе падбеглі трое чалавек. Збілі, запхнулі ў машыну. Праехалі праз горад, выехалі ў лес, дзе запатрабавалі грошы.
У багажніку маладыя людзі забралі 5000 даляраў і накіраваліся назад у Гомель. Заехаўшы у двары, яны ўперліся ў тупік, кінулі жанчыну ў машыне і збеглі. Жанчына самастойна села за руль і выехала з двароў, дзе і сустрэла супрацоўнікаў ДАІ.
Імёны двух саўдзельнікаў устаноўленыя, праводзіцца іх вышук. Усе трое раней судзімыя. Следчымі заведзена крымінальная справа па ч.2 арт. 207 КК (Разбой), паведамляе МУС.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары