Тэатр

Кашмарнае вяселле. «Шлюб з ветрам» у РТБД

У Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прайшоў перадпрэм’ерны паказ спектакля Яўгена Карняга і Каці Аверкавай «Шлюб з ветрам».

На сцэне РТБД ужо ідзе спектакль Карняга «Бетон», і гэта адзін з самых паспяховых беларускіх эксперыментальных спектакляў. Ён не проста адзначаны Нацыянальнай прэміяй, але праз шмат гадоў пасля прэм’еры збірае поўныя залы. Таксама важна, што самі артысты, занятыя ў спектаклі, адкрыта выказваліся за далейшае супрацоўніцтва з рэжысёрам. Таму, калі стала вядома пра новы праект Яўгена Карняга ў РТБД, гэта лёгка зрабілася адной з самых чаканых прэм’ер сезону.

Спектакль зроблены сумесна з вядомай мастачкай Таццянай Нерсісян, якая афармляе ўсе апошнія спектаклі Карняга, а таксама з рэжысёркай Кацяй Аверкавай, якая пазначана як аўтарка, кампазітарка і музычная кіраўніца спектакля. Карняг і Аверкава даўно супрацоўнічаюць разам.

Тэма спектакля — вяселле. У адной з першых сцэн нявеста, якую грае Ганна Семяняка, падыходзіць да маці жаніха, якую грае Таццяна Мархель, і атрымлівае ад яе поўху. Узаемаадносіны будучых мужа і жонкі паміж сабой і з уласнымі і чужымі маці, а таксама ўсеагульная напружанасць зрабіліся драматычнай асновай для спектакля, рэалізуецца гэта аснова ў музычнай аснове традыцыйных беларускіх вясельных (і не толькі) песень.

Спектакль атрымаўся ў меншай ступені танцавальным, як гэта было з «Бетонам», дзе гісторыя Арфея была пераказана ў серыі эмацыйных фізічных танцавальных эцюдаў. У «Шлюбе з ветрам» артысты існуюць свабодна і разняволена, але ўмовы ім зададзены такія, што гэта задае агульны тон іх існавання. Напрыклад, у спектаклі выкарыстоўваецца вельмі моцны вентылятар, у адным эпізодзе артыстку літаральна «здзімае» з пляцоўкі.

Сцэнаграфічная дамінанта — доўгі стол. Рэжысёр прапаноўвае з тузін варыянтаў, як ён можа быць задзейнічаны: дзея адбываецца за сталом, на стале, перад сталом, пад сталом. Над сталом навісае экран, які ў пэўных эпізодах цісне на герояў, і зноў жа задае эмоцыю.

Эмацыйна спектакль цяжкі, вяселле на сцэне цягне за сабой самыя разнастайныя праблемныя чалавечыя адносіны. Цяжка сказаць, што больш гняце герояў, іх уласныя пачуцці ці ступень таго, як іх ухваляе грамада. Адно са значэнняў ухвалення ёсць блаславенне. Карняг і Аверкава, па сутнасці, прыдумалі спектакль пра шлюб без блаславення. Гэтая адсутнасць ухвалы не абмяжоўвае канфлікт сыноў і бацькоў: вентылятар і ціск зверху ўвогуле мадэлюе сусвет, дзе чалавек не адчувае да сябе спагады. І пабрацца шлюбам «перад богам, пад небам» выглядае такой спробай прабіцца да нейкай бяспечнай зоны. Каханне ў гэтым спектаклі вынесена за рамкі. Яно ці спрычыніла гэтае невясёлае вяселле, ці, магчыма, адбудзецца пазней. Але патрэба ў ім адчуваецца тым больш, чым мацней пра яго маўчаць у спектаклі.

У спектаклі цудоўна выявіліся акцёрскія індывідуальнасці. Больш за тое, спектакль падкрэслівае моцныя архетыпічныя рысы выканаўцаў. Моцная свавольная ўсёдаравальная маці ў выкананні Таццяны Мархель вобраз прыгожы і адначасова страшны. У адкрытым канфлікце з ёй Нявеста Ганны Семяняка нібыта становіцца перад выбарам, ці зрабіцца ёй для свайго мужа такой самай моцнай маці. Арцём Курэнь іграе ў сваім Жаніху адчуванне бяссілля, і няўпэўненасці, і агрэсіі, якія гэтае бясілле звычайна суправаджаюць. Вельмі прыгожая сцэна зроблена з удзелам Нявесты і яе маці: Ганна Семяняка лашчыцца да Галіны Чарнабаевай, але эмацыйны кантакт так і не адбываецца. Умоўны хор гасцей у выкананні артыстаў тэатра (у некаторых ёсць свае пранізлівыя эпізоды) толькі падкрэслівае, што перад самымі важнымі праблемамі мы застаемся самі.

Як заўсёды са спектаклямі Карняга, пасля паўторных праглядаў у гледача з’явяцца новыя сэнсы і адкрыцці. Але агулам чаканне шматлікіх прыхільнікаў рэжысёра мусяць быць апраўданы: «Шлюб з ветрам» эмацыйна моцны, візуальна прыгожы спектакль на складаныя тэмы.

* * *

Фота з групы Тэатра беларускай драматургіі ў фэйсбуку.

Каментары

Цяпер чытаюць

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Усе навіны →
Усе навіны

Кацярына Андрэева перадала Дональду Трампу ліст пра беларускіх палітвязняў4

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў27

Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»5

Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе

Трамп заявіў, што адклаў удары па энергетыцы Ірана на 10 дзён3

Навукоўцы вызначылі 45 падобных да Зямлі планет, дзе можа існаваць жыццё

Пуцін абмежаваў колькасць грошай, якія можна вывозіць з Расіі ў Беларусь4

У інтэрнэце трафіку ад ботаў і ШІ ўжо больш, чым ад людзей1

На запраўцы пад Мінскам каву налівае робат-барыста. Наколькі гэта зручна?2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць