Здарэнні1616

«А дзе ты быў? Тваю маці забілі». Як расследуюць забойства шасці чалавек пад Бялынічамі

15 гадоў таму ў вёсцы Вялікая Машчаніца пад Бялынічамі адбылося дзікае забойства.

Сям’ю з шасці чалавек, у тым ліку двух дзяцей, забілі з асаблівай жорсткасцю ва ўласнай хаце, куды яны толькі тры дні як пераехалі, размяняўшы кватэру ў горадзе.

У доме знаходзілася гаспадыня з сужыцелем, яе дачка з малалетнімі дзецьмі — яна пасварылася з былым мужам і часова з’ехала да маці, — а таксама сябар гэтай жанчыны.

Тады следства вінаваціла ў забойстве пяцярых мясцовых хлопцаў. Самаму маладому з якіх было на той момант 18, старэйшаму і раней судзімаму за нанясенне цяжкіх цялесных пашкоджанняў — 24.

Іх прозвішчы Салаўёў, Ракуцін, Клебча, Юшкевіч і Паўлючэнка.

Абвінавачанне меркавала, што яны даведаліся пра тое, што ў сям’і ёсць грошы ад продажу кватэры і вырашылі імі завалодаць.

Дом, у якім адбылося забойства, фота Tut.by

Пракурор патрабаваў расстраляць дваiх, а траіх прысудзіць да пажыццёвага зняволення.

Наўпроставых улік было няшмат — часткова знайшлі зброю, у калодзежы была сякера, каля хаты кавалак цаглiны ў крывi, у самой хаце недакуркі i сляды ад абутку аднаго з падазраваных.

Але вопраткi са слядамi крывi следчыя знайсцi не змаглi. Хоць усе пяцёра і прызнаваліся ў забойстве на этапе следства, у судзе яны ад сваіх слоў адмовіліся і заявілі, што іх катавалі.

Суд — вельмі незвычайная сітуацыя для Беларусі — вырашыў, што яны невінаватыя ў забойстве. Чатырох з пяці пасадзілі на меншыя тэрміны за іншыя злачынствы, пра якія стала вядома падчас следства.

І вось праз 11 гадоў апраўдальны прысуд адмянілі, уся кампанія зноў трапіла ў ізалятар.

На падставе чаго? Існуе такая альфактарная экспертыза. Сэнс у тым, што індывідуальны пах чалавека кансервуецца ў засохлай крыві на доўгія гады, адкуль яго «вымаюць», і потым некалькі сабак шматразова выяўляюць, ці ідэнтычны ён існуючаму паху, які ў чалавека заўсёды аднолькавы.

У Беларусі такую экспертызу яшчэ не робяць, возяць матэрыялы да суседзяў у Расію — так ужо ўдалося раскрыць некалькі старых забойстваў.

Альфактарная экспертыза паказала на тых жа людзей, таксама цягам адноўленага следства выявіліся і новыя ўлікі.

Адным з пацярпелых па справе праходзіць 37-гадовы Ігар Суша — гэта яго маці, сястру і пляменнікаў забілі ў той хаце.

Ён звярнуўся у «Нашу Ніву» і расказаў сваю гісторыю, спасылаючыся на матэрыялы новай крымінальнай справы.

Цягам падрыхтоўкі матэрыяла расказаныя Ігарам дэталі крымінальнай справы мы спраўдзілі ў Следчым камітэце. Публікуем тое, што пацвердзіў афіцыйны прадстаўнік Сяргей Кабаковіч.

«Нас у маці было двое — я і старэйшая Iна. Бацька з сям’і сышоў, па вялікім рахунку, гэта маці і зламіла. Яна пачала піць і піла ўсё мацней. Пачаліся прагулы на рабоце, яе звольнілі, перабівалася шабашкамі — яна была муляркай. Праз п’янкі маці забыла сябе, доўг за кватэру сягаў ужо мо тысячы даляраў — на той час вялізныя грошы, якіх не было адкуль узяць.

Быў у нас сусед, такі напаўчорны рыэлтар, Сяргей Сцяпанаў. Ён прапанаваў абмяняць нашу трохпакаёвую кватэру амаль у 100 квадратаў на хату ў вёсцы, пагасіўшы ўсе даўгі. Ён падышоў да мамы з правільнага боку, і з гэтага пачалася гісторыя.

Яна загарэлася думкай, што хоча мець свой агарод, гаспадарку, корпацца на зямлі. Толькі муж сястры казаў: «Што вы робіце?!»

І так выйшла, што яны ўжо дамовіліся, калі мяне не было дома. Я не хачу тлумачыць, чым я займаўся, бо гэта непрыемная для мяне гісторыя. Я быў і на заробках у Расіі, і яшчэ шмат дзе. Факт у тым, што мяне тады доўга не было дома.

У такі чарговы мой ад’езд мама абмяняла кватэру і пераехала. Я не ведаў, бо мабільных тады не было, а пазваніць на хатні таксама не было куды, бо ён быў адключаны.

І калі я вярнуўся ў Бялынічы, адразу да сябе дадому пайшоў, канечне. Каля пад’езда сядзела суседка, убачыла мяне і спытала: 

— А ты куды?

— Да мамы.

— Дык яе няма.

— Усё ж такі памяняла кватэру? І дзе яе шукаць?

— Ты што, не разумееш? Яе зусім няма.

І далей пачала нешта казаць пра забойства, я кінуў ёй нешта ў духу «Дура!» і пабег у кватэру.

Дзверы мне адамкнулі рабочыя. Што такое, гэта ж мая кватэра?! А яны ўжо робяць нейкі рамонт для новых гаспадароў. Сярод іх была мулярка, былая калега маці, яна мне: «Ігар, а дзе ты быў? Тваю маці забілі».

Ад гэтага моманту я кепска памятаю свае дзеянні, я згубіўся. Яшчэ не ведаючы нават, што зарэзалі і сястру, і пляменнікаў. Я пабег да бабулі па бацьку, яна мяне прытуліла і пачала расказваць пра разню, я не стаў слухаць да канца і сышоў, напіўся гарэлкі.

Потым быў паход у пракуратуру, я ж думаў, што гэта рыэлтары іх забілі. Мне сказалі, што не яны — таго Сцяпанава затрымлівалі, але адпусцілі. А падазраюць пяць чалавек з той жа вёскі. Нібыта яны захацелі завалодаць грашыма ад продажу кватэры, пра што даведаліся ад сябра сястры, які быў знаёмы з Паўлючэнкам. І вось гэтая выпадковая сустрэча, выпадковая размова… Магчыма, ён яшчэ пальцы веерам трымаў, што вось, маўляў, хату прадалі, жывём, цяпер не трэба працаваць. 

Я паехаў у вёску са шваграм — і абамлеў. Я такога жаху ніколі не бачыў! Мне душу вывернула: уся хата залітая крывёю, там жа ніхто не прыбіраў. Сцены, падлога, рэчы — усё чорна-бардовае. Я да сцяны прытуліўся і споўз па ёй, мяне калаціла як паралітыка. 

Я больш у той хаце амаль і не быў, мне яна непатрэбная. Дый нядаўна яна згарэла, завялі справу аб падпале. 

…Але ў думках, вядома, вяртаўся туды, гэта мой праклён цяпер, асабліва калі чытаў матэрыялы справы і ўяўляў, колькі яны ўсяго нацярпеліся. І я не баюся гэта расказаць.

Першым яны забілі Лявончыка, сябра сястры — гэта было на вуліцы. Па галаве білі цаглінай. Я думаю, што яны і не хацелі забіваць ад пачатку, а думалі так: абпоім, напалохаем, даведаемся, дзе грошы, забяром і сыдзем. 

Але ён ім нічога не сказаў. Яго мазгі былі раскіданыя амаль па ўсім двары, а галава пустой. Яны яго прыкрылі нечым, каб з вуліцы не было відаць цела.

Пасля першага забойства, як я сабе тлумачу, нічога ім не заставалася: або ўцякаць і хавацца, або забіваць усіх.

Зайшлі ў хату і пачалі катаваць маю сястру, ёй было 26 гадоў: «Дзе грошы?». Гэта ўсё ў матэрыялах справы — маці выйшла на шум у начнушцы, яны забілі маці, потым Іну і яе дваіх дзяцей. 6 і 7 гадоў, Наташа і Дзіма. Яны спалі ў ложку побач ды так і засталіся ляжаць — іх зверху білі па галовах чымсьці, а потым прыкрылі. Два дзясяткі ўдараў, дзеці нават не зразумелі нічога — яны ў такіх жа позах засталіся, толькі з разбітымі галовамі. Нейкая мразота яшчэ ўзяла і ткнула сваім ботам у твар дзіцяці — на фота ў матэрыялах справы гэта відаць: разбітыя галовы і крывавы след ад падэшвы на шчацэ.

Сужыцеля маці забілі спячым на печцы, а потым нежывога яшчэ душылі.

Сястры выкалалі вока, жорстка катавалі, усё патрабавалі грошы. А што грошы? Следства думае, што яны іх знайшлі і падзялілі — каля тысячы даляраў. Але я думаю, што не было ніякіх грошай, што рыэлтар не разлічыўся яшчэ цалкам, але гэта мае здагадкі. Можа, нейкую частку заплаціў, бо, кажуць, што яны паспелі купіць ровар.

Кажуць, што няма ўлік. Улікі ёсць! І прамыя, і ўскосныя, але большасць прамых яны знішчылі. У хаце не засталося ніводнага нажа, хаця нож як зброя нанясення ранаў прысутнічаў.

У іх былі амаль двое сутак на тое, каб пазбавіцца ад слядоў, бо хто выклікаў міліцыю? Паўлючэнка. А потым суседцы расказваў, калі ўжо прыехалі з мігалкамі, што «ўсю сям’ю забілі». Але ж міліцыя тады яшчэ працавала толькі на вуліцы і не ведала, колькі чалавек забіта. Праз вокны не было бачна мамінага сужыцеля. Таму можна было падумаць, што гэта сужыцель зрабіў.

Словам, як на гэтых людзей выйшлі? На месцы злачынства знайшлі сляды абутку, пачалі ездзіць па вёсцы і шукаць па ўсіх. Прыехалі і да Клебчы, бацька быў дома. «Дзе сын?» — «Працуе» — «Ну паехалі».

Падышлі да месца забойства разам з бацькам, каб параўнаць там. Ну ягоны ж след! І туфлі ў яго нагуталіненыя, на рабоце ў саўгасе!

Бацька сам на яго насеў: «Давай, расказвай, як было». Маўляў, яго самога здзівіла, што ў тую ноч сын вярнуўся позна і разаслаў ложак — чаго ніколі не рабіў п’яным, клаўся звычайна ў адзёжы.

І той адразу прызнаўся, хто быў, хто забіваў і за што. А яго родныя цяпер гэтыя байкі расказваюць, што яго білі ў полі? Пры бацьку білі?

Гэты пратакол са словамі бацькі і прызнаннем ёсць у справе, але яго проста не зачыталі. А бацька цяпер робіць выгляд, што такога не было. Але на новым судзе ўсё ўсплыве, бо першы суд бы не суд, а цырк. Адвакат у іх быў на 10 балаў, не роўня пракурору.

Калі Паўлючэнка ўбачыў, што сяброў ужо затрымалі, сам здаўся міліцыі, бо падумаў, што маладыя будуць яго «грузіць» [перакідваць віну — Рэд.] Таму ў паказаннях казаў, што ён забіў толькі Лявончыка.

Падчас першага следства яны паказвалі, дзе ляжалі трупы. Былі несупадзенні, таму суд і вырашыў, што гэта агавор! Але там была п’яная бойня ў паўзмроку — яны ж яшчэ і лямпачку разбілі, разнеслі ўсю хату, шукаючы тыя грошы. Я лічу, што рэальна не ўспомніць усіх падрабязнасцяў і як дзе цела ляжала.

Гэта фантастыка нейкая — надзвычайная справа аб масавым забойстве не раскрытая, а суд апраўдвае падазраваных і пастанаўляе знішчыць доказы! Гэта як увогуле? Ну дык калі не гэтыя забілі, то давайце шукаць далей? Але не — «знішчыць»! Вось і ўсё, што пра гэты суд трэба ведаць. Але рэчавыя ўлікі ў выніку пакінулі — пасля апеляцыі ў вышэйшыя інстанцыі.

Там вельмі шмат момантаў дзіўных, якія цяпер адлюстраваныя ў справе. Як гэта іх усіх разам вазілі ў аўтазаку на суд, каб яны маглі ўзгадніць пазіцыі?

Але я ведаю, што цяпер двое з гэтай банды падпісалі дамову са следствам і прызналіся ва ўсім. 

Адзін з іх праз 15 гадоў паказаў, куды падзеў сваю выпацканую ў кроў вопратку — у грамадскі туалет. Ён як звычайны вясковы, толькі стаяў асобна, рэдка калі туды хадзілі.

Тую яміну, можа, увогуле ніколі не чысцілі, а ён указаў на яе. Выграблі адтуль усё і вывезлі на трактары на палігон, а потым следчыя ўсё разграбалі рукамі — за столькі год па кансістэнцыі ўсё было як торф, — і знайшлі скрутак: байка, у байку закручаныя красоўкі, у красоўках — шкарпэткі.

Натуральна, крыві там ужо ніякай не знойдзеш за столькі гадоў, яно ўсё прапіталася гэтым брудам, але там байка характэрная — з палосачкамі. Аднавяскоўцы ўспомнілі, што ён сапраўды такую байку насіў, а абутак з асаблівасцямі носкі толькі гэтага чалавека — гэта ўсё ў матэрыялах следства.

У іншых таксама праблемы з вопраткай. Родныя кажуць — сышоў з дому ў зялёнай куртцы, а яе няма. Абутку няма — дзе ўсё?

І вось проста рысы асоб. Той жа Паўлючэнка ўжо быў судзімы, за што сеў? Сусед з той жа вёскі нешта непрыемнае сказаў пра ягоную дзяўчыну, ён пайшоў да яго з бутэлькай, выпілі — пачаў рэзаць. У пяльчатках. Падумаў, што забіў, а сусед выжыў. Паўлючэнку затрымалі, ён указаў на месца, куды закапаў пяльчаткі — хацеў спаліць, але яны наскрозь у крыві, не загарэліся.

Але што, думаеце, было ў судзе па той справе? Ён заняў пазіцыю, што сусед яго агаворвае, а пяльчаткі не ягоныя. Віну даказалі, далі 5 год, але выйшаў ён праз 3 гады. Потым гэтак жа адмаўляўся ад усяго і ў судзе па забойстве маёй сям’і — зброі і пяльчатак тады ж не знайшлі. 

За што судзілі астатніх? Былі ў суседняй вёсцы дзве дзяўчынкі, Б. і К., з праблемных сем’яў. Гэтая банда заахвоціла іх да алкаголю і інтыму, спалі з імі па чарзе. Але гвалту не было, усё нібыта па згодзе. Дайшло да таго, што яны тых дзевак на сельскіх дыскатэках за бутэльку прапаноўвалі ўсім ахвотным! Ракуцін, Салаўёў, Юшкевіч атрымалі за гэта і іншыя злачынствы па чатыры гады.

Ведаеце, я пасля таго жыў думкай адпомсціць, мэта была мая — зрабіць ім тое, што перажылі мае родныя. Але калі ў мяне нарадзіўся сын, я троху гэтую злобу адпусціў, зразумеў, што трэба жыць для яго. Але ў гэтую вёску ўсё адно не ездзіў, таму што баяўся — убачу хоць каго і раздзяру».

Каментары16

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Усе навіны →
Усе навіны

Тыль Швайгер расказаў, у якім жанры зняў бы фільм пра Беларусь. Вы здзівіцеся11

Мігрант на беларуска-польскай мяжы схаваўся за прыбіральняй. Але не ўлічыў адзін нюанс ВІДЭА2

Фанаты распавялі, як змаглі арганізаваць перфоманс на матчы ў Варшаве і як змагаліся з п'янымі правакатарамі

Імаверны прэм'ер Літвы: Штучныя абмежаванні для беларусаў нелагічныя. Беларусы дапамагаюць эканоміцы Літвы12

«Ты здзейсніла сапраўдны ўчынак». «Дынама» запісала ВІДЭА з падзякай жанчыне ў чырвона-зялёным23

Продажы новых аўтамабіляў у Беларусі зноў паставілі рэкорд2

«Зноў з'езджу ў Мінск, усё вырашым». Украінскі дэпутат, які прыязджаў у Беларусь, заклікаў Зяленскага да перамоваў з Расіяй10

Чаму выбаршчыкі галасавалі за Трампа?4

Гендырэктар «Беларусьфільма»: «Лістапад» — гэта БРІКС у сферы кіно3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка20

Што за чамадан носіць каля Лукашэнкі ягоны ахоўнік? Не, там не ядзерная кнопка

Галоўнае
Усе навіны →