Выявілі сетку беларускіх ботаў, якія пішуць у сацсетках у першыя ж 30 секунд пасля публікацыі. Вось як яны працуюць
У беларускім сегменце сацсетак, у тым ліку і тыктоку дзейнічаюць некалькі тысяч cкаардынаваных бот-акаўнтаў, якія масава ўмешваюцца ў дыскусіі пад відэа як дзяржаўных, так і незалежных аўтараў. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі платформы LetsData.

Аналітыкі даследавалі феномен так званых скаардынаваных сінтэтычных паводзін у беларускай інфармацыйнай прасторы. Пад скаардынаванымі сінтэтычнымі паводзінамі (Coordinated Inauthentic Behavior, CIB) разумеецца выкарыстанне сетак узаемазвязаных акаўнтаў для схаванага ўплыву на грамадскую думку. Іх задача — стварыць уражанне шырокай падтрымкі пэўных поглядаў або тэм, каб звычайныя карыстальнікі ўспрымалі гэтыя пазіцыі як агульнапрынятыя.
Адной з галоўных прыкмет такой дзейнасці з'яўляецца імгненная актывацыя бот-акаўнтаў пасля публікацыі кантэнту. Аднолькавыя або вельмі падобныя каментары могуць з'яўляцца літаральна праз некалькі секунд пасля выхаду відэа.
Даследаванне LetsData ахапіла актыўнасць каментатараў вакол 565 медыйных актараў, якіх платформа адносіць як да праўладных і дэзынфармацыйных крыніц, так і да незалежных рэсурсаў. Аналіз праводзіўся на аснове рэгулярнага маніторынгу беларускага TikTok за перыяд са студзеня па красавік 2026 года.
Боты ў праўладным сегменце
У праўладным сегменце TikTok даследчыкі выявілі 2755 бот-акаўнтаў з відавочнымі прыкметамі штучных паводзін. Асноўная задача такіх акаўнтаў — стварыць уражанне, што праўладныя тэзісы карыстаюцца шырокай падтрымкай аўдыторыі.
Боты працавалі ў абмеркаваннях эканамічных пытанняў і геапалітыкі. Калі дзяржаўныя або праўладныя рэсурсы закраналі тэму росту камунальных плацяжоў, бот-акаўнты сінхронна распаўсюджвалі паведамленні пра тое, што гэта нібыта «справядлівая цана за камфорт». Такія каментары павінны былі прадстаўляць падаражанне паслуг як лагічную і неабходную меру.
У каментарыях пад публікацыямі блогеркі daria.miss актыўна распаўсюджваўся наратыў пра тое, што Дональд Трамп асабіста запрасіў Лукашэнку ў «Раду міру». Пасыл у тым, каб замацаваць наратыў пра сяброўскія асабістыя зносіны як агульнапрызнаны факт.
Яшчэ адным напрамкам дзейнасці стала фармаванне вобразу ўлады як структуры, якая жорстка кантралюе чыноўнікаў. Пад публікацыямі акаўнта first_news_ боты масава распаўсюджвалі відэа, дзе Лукашэнка крытыкуе мясцовых службоўцаў. Такім чынам адказнасць за праблемы пераносілася на чыноўнікаў ніжэйшага ўзроўню.
Аналітыкі адзначаюць, што асаблівае значэнне мае хуткасць рэакцыі. Боты часта пакідаюць каментары ўжо на працягу першых 30 секунд пасля з'яўлення новага відэа. На старонках ont.life і first_news_ было выяўлена адпаведна 1992 і 1309 бот-каментароў. Паводле аўтараў даследавання, такая актыўнасць можа ўплываць на алгарытмы TikTok, якія ўспрымаюць кантэнт як асабліва папулярны і пачынаюць прапаноўваць яго больш шырокай аўдыторыі.
Для стварэння ілюзіі падтрымкі выкарыстоўваюцца вельмі простыя паведамленні: эмодзі, кароткія воклічы накшталт «Правільна!» або іншыя станоўчыя рэакцыі. Напрыклад, амаль палова ўсіх рэакцый — 444 з 895 каментароў — пад публікацыямі акаўнта swetka.takaja складалася з аднолькавых эмодзі або кароткіх фраз падтрымкі.
Інтэнсіўны паток каментароў пад публікацыяй павінен стварыць уражанне актыўнай грамадскай дыскусіі вакол патрэбнай тэмы і падкрэсліць яе нібыта асаблівую важнасць для аўдыторыі.
Боты ў прасторы незалежных аўтараў
Не менш маштабная дзейнасць была выяўлена і ў каментарах пад публікацыямі незалежных аўтараў. Тут даследчыкі зафіксавалі 2519 бот-акаўнтаў. Паводле аўтараў даследавання, тут галоўная задача — фрагментаваць грамадскую думку, выклікаць сумневы і ссоўваць акцэнты ў патрэбны бок. Пры гэтым боты не аспрэчваюць факты, але інтэрпрэтуюць самі тэмы як небяспечныя і шкодныя.
У дыскусіях пра беларускую гісторыю, нацыянальную тоеснасць і суверэнітэт боты прасоўвалі ідэю «традыцыйнага адзінства» Беларусі з Расіяй.
Калі незалежныя медыя пісалі пра рост цэн, бот-акаўнты масава пакідалі каментары ў духу «Няхай даражэе» або «Стабільнасць! Што гэта за вясковыя скаргі?». За кошт вялікай колькасці такіх паведамленняў стваралася ілюзія, што значная частка аўдыторыі падтрымлівае падобныя рашэнні.
У справаздачы адзначаецца і дзейнасць асобных акаўнтаў, якія асабліва актыўна ўдзельнічалі ў распаўсюджванні такіх паведамленняў. Напрыклад, акаўнт valeriiholostoi здзейсніў 136 дзеянняў, а user59730124618768 — 96 дзеянняў.
У дыскусіях пра цяжкія ўмовы працы, праблемы аховы здароўя або сацыяльную несправядлівасць боты не аспрэчвалі самі факты, але сцвярджалі, што вінаватыя ў сітуацыі канкрэтныя людзі.
Арганізаваныя групы ботаў дзейнічаюць не толькі ў тыктоку, але і на іншых платформах — у ютубе, інстаграме, фэйсбуку, твітары, трэдсах, тэлеграме і на сайтах, у тым ліку на каналах «Нашай Нівы». Рэдактары «НН» назіраюць гэта штодзённа.
«Прыгажун. Яшчэ больш стаў падобны да прынца». У тыкток нагналі ботаў, якія расхвальваюць прыгажосць Мікалая Лукашэнкі
«Ну ёсць дачка. І што?» Што пішуць боты пад навіною пра дачку Лукашэнкі і захапляльны ўзлёт яе мамы-цырульніцы
Боты пад Ціханоўскім змянілі тактыку
Боты атрымалі новую метадычку пра Статкевіча
Каментары