Меркаванні

Не сьпяшаймася перабольшваць

Асаблівае меркаваньне гісторыка Анатоля Сідарэвіча.

Асаблівае меркаваньне гісторыка Анатоля Сідарэвіча.

Вялікі кардынал. Так назвала «Наша Ніва» былога мэтрапаліта Менска-Магілёўскага Казімера Сьвёнтка.

У параўнаньні з кім вялікі?

Мы ня мелі нацыянальнай Рыма-Каталіцкай Царквы. Грэка-Каталіцкай – таксама. У дакладным значэньні гэтага слова нацыянальныя каталіцкія цэрквы ў Беларусі нарадзіліся на пачатку 1990-х гг. Калі ва Ўкраіне я магу параўнаць Ёсыфа Сьліпага з Андрэем Шаптыцкім, дык мэтрапаліта Сьвёнтка няма з кім параўноўваць.

Вялікі сам па сабе? Біскуп пакідае па сабе памяць або як аўтар, або як прапаведнік, або як сьвяты. Як аўтар багаслоўскіх, гістарычных ці іншых дасьледаваньняў і тэорыяў Казімер Сьвёнтак невядомы. Не ідзе пра яго слава і як пра казнадзея.

Ці сьвяты яго эмінэнцыя, пакажа час. Падзьвіжнікаў, сьведкаў веры Каталіцкая Царква мела ў СССР шмат. Дастакова нагадаць адну дэталь зь біяграфіі кардынала: калі ксяндза Казімера Сьвёнтка везьлі туды, яго духаўніком быў яшчэ не кардынал, але ўжо галава нацыянальнай Царквы – Ёсыф Сьліпы, які заступіў на пасадзе самога Андрэя Шаптыцкага.

Біскуп уваходзіць у гісторыю Царквы таксама як яе адміністратар, будаўнік.

Зраблю адступленьне. Калі пагартаць «ЛіМ» канца 1980-х – самага пачатку 1990-х гадоў, то недзе там можна знайсьці артыкул, у якім я выказваў надзею і асьцярожную ўпэўненасьць, што ў нас, як і ў іншых краінах, будзе свая Рыма-Каталіцкая Царква са сваёй Канфэрэнцыяй біскупаў і нават са сваім кардыналам.

Што давала мне падставу для такое надзеі і ўпэўненасьці? Мяняўся грамадзка-палітычны клімат. Ня думаю, што справа будовы і адбудовы Царквы ішла б значна горш ці значна лепш, калі б папа ўзьвёў на пасад мэтрапаліта Менска-Магілёўскага не пралата Казімера Сьвёнтка, а ягонага ў пэўным сэнсе папярэдніка – адміністратара Менскай дыяцэзіі біскупа Тадэвуша Кандрусевіча. Але папа-паляк вырашыў паставіць на чале новаўтворанай мітраполіі паляка Сьвёнтка. На чале ж Гарадзенскай дыяцэзіі ён у тым самым 1991 годзе паставіў Аляксандра Кашкевіча, які паходзіць з падвіленскіх (скажам так) палякаў.

А цяпер цікавае пытаньне. Газэта піша, што кардынал Сьвёнтак беларусізаваў Царкву (Касьцёл па-нашаніўску).

Тады, у канцы 1980-х – самым пачатку 1990-х гадоў, вакол гэтага – беларусізацыі ці палянізацыі РКЦ у Беларусі – ішлі самыя зацятыя спрэчкі. Знаходзіліся разумнікі, якія заклікалі аддзяліць Царкву ў Беларусі ад Ватыкану. І ў тым, што, нягледзячы на масавыя наклады польскамоўных малітоўнікаў, друкаваных у Польшчы кірыліцаю, нягледзячы на прапольскую агітацыю і вывешваньне польскіх нацыянальных сьцягоў у касьцёлах, нягледзячы на імпарт ксяндзоў з Польшчы, РКЦ у Беларусі ня стала філіяй Польскае Каталіцкае Царквы, мала заслугі духавенства і біскупаў у прыватнасьці. У гэтым большая заслуга бальшавіцкае ўлады.

Так, бальшавіцкае ўлады. Па вайне бальшавікі ўжо не адкрывалі польскіх школаў у Беларусі. Закрываючы касьцёлы, яны ліквідавалі другі важны інструмэнт палянізацыі нашага насельніцтва. За трыццаць-сорак гадоў там, дзе не было касьцёлаў, вырасла, лічы, два пакаленьні, якія ня ведалі польскае мовы. Калі ж ксяндзы пачалі ім прапаведаваць па-польску і раздаваць друкаваныя кірыліцаю малітоўнікі, выявілася, што маладое і сярэдняе пакаленьні ня толькі ня ведаюць, але і ня хочуць ведаць польскае мовы. Гэтак было не ў адной парафіі ў Заходняй Беларусі. А што казаць пра Ўсходнюю Беларусь? Некаторыя ксяндзы тутэйшага «разьліву» пачалі практыкаваць адну мшу па-беларуску, а другую – па-польску. І яны пераканаліся, што па-польску моляцца толькі старыя, што польскамоўная Царква ў Беларусі ня мае будучыні.

Яшчэ адно адступленьне. Русіфікацыю бальшавікі праводзілі празь дзяржаўныя структуры, а не праз Праваслаўную Царкву. РПЦ, калі насталі спрыяльныя ўмовы, сутыкнулася зь цікавым фактам. Я назваў гэтую зьяву «Маўклівая Царква». Езьдзячы ў Малкавічы Ганцавіцкага раёну і Ганцавічы, я бачыў ня толькі малалюднасьць у тамтэйшых цэрквах па нядзелях (а моладзі і мужчын у гэтай малалюднасьці яшчэ меней), але і тое, чаго не сустракаў у каталіцкіх храмах: народ, калі яму трэба сьпяваць, маўчыць. І, можа, зь пятага ці шостага разу я зразумеў прычыну гэтае праявы: народ не разумее мовы літургіі і не жадае яе вучыць. Я хацеў быў напісаць на гэтую тэму эсэ «Маўклівая Царква», але, дзякуй Богу, своечасова ўбачыў, што гэтую зьяву на прыкладзе родных Пружанаў апісала Раіса Жук-Грышкевіч.

Вось тут і параўноўвайце РПЦ з РКЦ.

РКЦ своечасова перабудавалася, чым прывабіла не аднаго чалавека з праваслаўных сем’яў і нават этнічных расейцаў. Трэба сказаць, што былі ў нас і ксяндзы, якія хацелі ўвесьці расейскамоўную службу, але нават тутэйшыя палякі і «палякі» палічылі гэтую ідэю бязглуздаю. РПЦ ж сваёй упартасьцю (артадаксальнасьцю гэта не назавеш) шмат людзей аддала і каталікам абодвух абрадаў, і пратэстантам, якія (гэта таксама факт) упарта праводзяць палітыку русіфікацыі вернікаў.

Такім чынам, мы робім выснову – заслуга мітрапаліта Сьвёнтка ў тым, што ён больш-менш рэальна ацаніў культурна-моўную сытуацыю ў Беларусі. Але беларусізацыя РКЦ не завершаная. У тых самых Ганцавічах я размаўляю зь Сідарэвічамі лацінскага абраду на чысьцюткай беларускай мове, але вось пераступаюць мае Сідарэвічы парог касьцёлу і пачынаюць гаварыць пацеры па-польску. Бо ксёндз – паляк. Кажуць, Пінская міждыяцэзійная вышэйшая духоўная сэмінарыя імя сьвятога Тамаша Аквінскага, адноўленая клопатам кардынала, – цалкам беларуская ўстанова. Мо калі і ў Ганцавічы прыедзе ксёндз-беларус, і мае родзічы засьпяваюць у касьцёле Наведзінаў Найсьвяцейшае Дзевы Марыі па-беларуску?

Пра тое, што беларусізацыя Царквы не завершаная, сьведчыць гісторыя дыяцэзійнай Гарадзенскай духоўнай сэмінарыі, якую біскуп Аляксандар Кашкевіч ператварыў быў у цытадэль польскасьці. Помніцца, у 1996 годзе з гэтае сэмінарыі аднаго клерыка адлічылі «за беларускі нацыяналізм». Юнак паехаў у Польшчу, там вывучыўся, стаў манахам, а сваімі артыкуламі здабыў вядомасьць у беларускіх інтэлектуальных колах. Цяпер ідзе пагудка, што манаху-«нацыяналісту» забаронена адпраўляць імшу і ўдзяляць сьвятыя сакрамэнты на тэрыторыі ўсяе Беларусі...

І апошняе адступленьне. Некалі «Наша Ніва», пішучы пра пахаваньне Васіля Быкава, вынесла ў «шапку» словы «Большы за Коласа». Так была выкарыстана мая заўвага, што на пахаваньне Быкава прыйшло больш людзей, чым на пахаваньне Якуба Коласа. Аднак маладыя рэдактары і аўтары «НН» не ўлічылі, колькі жыхароў было ў Менску ў 1956 і 2003 г., якія магчымасьці мелі жыхары Пінску ці Астраўца дабрацца да Менску ў 1956 і ў 2003 г. Нарэшце, яны не ўлічылі таго, што Васіль Быкаў «вырас на плячах» Якуба Коласа.

Гэтым я хачу сказаць, што зьявы, падзеі і працэсы трэба разглядаць у канкрэтна-гістарычных абставінах. І ніколі ня трэба сьпяшацца з высновамі. Бацька Час і маці Гісторыя могуць з нас пасьмяяцца.

Анатоль Сідарэвіч

Каментары

Цяпер чытаюць

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба35

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Усе навіны →
Усе навіны

Іранскія ракеты збіваюць у небе над Дубаем

Іран сцвярджае, што мінімум 51 чалавек загінуў у выніку ўдару па школе 3

29‑гадовую спецыялістку дзяржпрадпрыемства асудзілі за «садзейнічанне экстрэмізму»19

Як адрэагавалі ў свеце на аперацыю ЗША і Ізраіля супраць Ірана9

У Брэсце работнікі МНС знялі з даху чатырохпавярховага дома мужчыну

У Барысаве ў кафэ, што будуецца, адбыўся выбух. Чацвёра пацярпелых

ААЭ і Саудаўская Аравія прыгразілі Ірану адказам на ўдары па іх тэрыторыі

40 дзяўчынак загінула ў выніку ракетнага ўдару па школе на поўдні Ірана — мясцовыя ўлады1

«Мы вельмі блізкія да канчатковай перамогі». Рэза Пехлеві запісаў зварот да іранцаў1

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба35

Іран афіцыйна пацвердзіў гібель аяталы Алі Хаменеі. Абвешчана 40‑дзённая жалоба

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць