Аляксандр Мартыненка з'явіўся на ўручэнне прэміі
з Наталляй Пяткевіч, з якой у пятніцу ўзяў шлюб. Фота kp.by
Мiнулая нядзеля ў свядомасцi як быццам падзялiлася на дзве часткi: «да» i «пасля». «Да» — звычайны сакавiцкi дзень, не зiма i не вясна, шэрань, дождж.«Пасля» — урачыстая стрыманасць фiлармонii, люстэркавы бляск i бляск вячэрнiх убораў гасцей, класiчная музыка — ад Баха да Аляб’ева… І безлiч разоў паўторанае слова «дзякуй», якiм сустракалi свае ўзнагароды лаўрэаты Пятага нацыянальнага тэлевiзiйнага конкурсу «Тэлевяршыня».
Хоць найперш падзякамi, на мой погляд, варта было абмяняцца арганiзатарам конкурсу i адмiнiстрацыi Белдзяржфiлармонii — як «Тэлевяршыня» iстотна выйграла ад пераходу ў камерную, больш утульную, можна нават сказаць, высакародную атмасферу, так i фiлармонiя паказала шырокай публiцы свае магчымасцi i таленты ў поўнай красе. Калi нават выбар менавiта гэтай пляцоўкi тлумачыцца крызiсам, у гэтым выпадку такая сцiпласць i адсутнасць усякiх спецэфектаў пайшла толькi на карысць.
Зрэшты, пераказваць ход цырымонii не мае сэнсу — усе ахвотныя маглi бачыць яе на тэлеэкранах, таму адзначым толькi некаторыя моманты — асаблiвасцi «Тэлевяршынi‑2009».
Найперш здзiвiлi самi намiнанты — выконваючы абвешчаны дрэс‑код, чамусьцi тэлеперсоны ў абсалютнай большасцi выбралi вячэрнiя ўборы ў чорных i шэрых колерах. Па рэдкiх светлых або яркiх сукенках можна было практычна беспамылкова ўгадаць рэгiянальных тэлевiзiйнiкаў.
Вяршыня для раёна
Яны, да слова, i ўзнагародам радавалiся больш бурна i шчыра, чым сталiчныя калегi. Мабыць, таму, што атрымлiвалi запаветныя статуэткi значна радзей? Памятаючы запэўнiваннi членаў прафесiйнага журы, што сёлета актыўнасць рэгiёнаў як нiколi высокая — 140 дасланых заявак супраць, скажам, 84 у 2005‑м годзе — уяўлялася, што сярод намiнантаў «рэгiяналаў» будзе як мiнiмум палова.
Атрымалася зусiм наадварот — выйсцi з рэзервацыi адмысловых «рэгiянальных» намiнацый удалося толькi Лiдскаму ТРА —i то праграма «Дзiцячая пляцоўка» ў намiнацыi «Лепшая праграма для дзяцей i юнацтва» прыз не атрымала — i тэлерадыёкампанii «Брэст», якая ўзяла статуэтку за «Лепшую культурна‑асветнiцкую праграму» (але магу паспрачацца — калi б тэлекампанiя не была структурным падраздзяленнем Белтэлерадыёкампанii i гiстарычны цыкл «Страсць i ўлада» не выйшаў на рэспублiканскi ўзровень праз эфiр канала «ЛАД», ён меў усе шанцы застацца незаўважаным — i гледачамi, i журы).
Затое, акрамя традыцыйна актыўных прадстаўнiкоў Лiды, Оршы, Брэста, сёлетнi конкурс выявiў некалькi новых яркiх удзельнiкаў з лiку рэгiянальных тэлеканалаў, кампанiй i аб’яднанняў — тэлевiзiйнiкi з Маладзечна i Паставаў цалкам маглi б скласцi канкурэнцыю калегам з цэнтральных каналаў. А мо, дзякуючы конкурсу, таленавiтыя вядучыя i рэжысёры самi трапяць у сталiцу, як гэта адбылося, напрыклад, са спартыўным каментатарам Арташэсам Антанянам — яшчэ пару гадоў таму ён працаваў у Брэсце, а цяпер атрымаў «Тэлевяршыню» як лепшы вядучы спартыўнай праграмы ўжо на тэлеканале АНТ. Вялiкiя рэспублiканскiя каналы ад прытоку свежых кадраў толькi выйграюць, а мясцовыя?..
Бочка мёду…
Адно з прыемных уражанняў ад цяперашняй цырымонii — не толькi надзiва цёплая атмасфера, але яшчэ iмкненне ўсiх удзельнiкаў пазбавiцца пафасу i афiцыёзу, пасмяяцца, у тым лiку з сябе самiх. Хто мог уявiць напачатку конкурсу, што сур’ёзныя людзi будуць вiншаваць лаўрэатаў не толькi з прафесiйнай узнагародай, але i з цалкам асабiстымi падзеямi — напрыклад, вяселлем; што самi лаўрэаты будуць не гаварыць, а спяваць на сцэне, — а калi ўсё ж гаварыць, то не падрыхтаваную прамову з паперкi, а кароткае i ёмiстае «Ваў!».
Цi што ў ацэнцы сацыяльнай рэкламы вельмi важным стане пачуццё гумару. Або што, напрыклад, у намiнацыi «Лепшая музычна‑забаўляльная праграма» пераможа не чарговы набор песень i «зорак», а галоўны тэлевiзiйны жарт мiнулага года — анты‑прэмiя «Сярэбраны грамафон». Пра апошнюю, дарэчы, яе стваральнiкi абсалютна справядлiва заўважылi: «Вельмi прыемна, што праграма аб сумнiўных дасягненнях беларускага шоу‑бiзнэсу сама не ператварылася ў сумнiўнае дасягненне беларускага шоу‑бiзнэсу».
Яшчэ парадавала: прымаючы з рук у рукi блiскучую статуэтку, практычна ўсе лаўрэаты разумелi, што «Тэлевяршыня» — не толькi прыемная, але i адказная ўзнагарода, i абяцалi працаваць больш, лепш, цiкавей. «Я толькi цяпер зразумела, што ў фiлармонii яшчэ не здымала, — прызналася «Лепшы рэпарцёр» Кацярына Забянько, аўтар i вядучая праекта СТБ «Ля параднага пад’езда». — Так што вельмi хутка сюды вярнуся рабiць рэпартаж — пабываць пад сцэнай i, спадзяюся, на даху». Зрэшты, падобных абяцанняў падчас цырымонii было раздадзена два вазы i цэбар, — калi ўсе яны спраўдзяцца, «Тэлевяршыня‑2010» абяцае стаць надзвычай цiкавай.
…i лыжка дзёгцю
Пакуль жа ўражаннi ад чарговай прэмii няпэўныя. З аднаго боку — прафесiйна, яскрава i прыгожа, як «у грэчаскай зале» музея. З другога…
Па‑першае — доўга.Тры гадзiны суцэльных «дзякуй» i ўзаемных дыфiрамбаў не ўсякi пабочны назiральнiк вытрымае, хiба толькi вельмi зацiкаўлены непасрэдны ўдзельнiк.
Па‑другое — у большасцi выпадкаў прадказальна. Беларуская «Тэлевяршыня» ў гэтым сэнсе нагадвала сёлетнi «Оскар» — хто больш‑менш уважлiва сачыў за падзеямi, мог прадказаць пераможцаў цi не ў палове намiнацый, як, напрыклад, два першыя месцы за «Лепшы дакументальны фiльм».
I нарэшце — у нацыянальнай тэлевiзiйнай прэмii iстотна не хапала цi не галоўнай нацыянальнай часткi — мовы.
З лаўрэатаў па‑беларуску сваю падзяку не вымавiў нiводны.
З тых, хто абвяшчаў пераможцаў, вызначылiся толькi пiсьменнiк Уладзiмiр Лiпскi i рэжысёр тэатра беларускай драматургii Валерый Анiсенка (яны ж, дарэчы, былi адзiнымi, хто не задаволiўся роляй вясельных генералаў на сцэне, i падрыхтаваў для пераможцаў не толькi вiншаваннi, але адмысловыя падарункi — аўтарскую кнiгу i бiлеты на спектакль). Што да самiх пераможцаў — толькi адзiн беларускамоўны праект у вынiку ўзяў «Тэлевяршыню». Затое галоўную — Гран‑пры. «Лепшым тэлевiзiйным праектам года» журы назвала праект «Зямля беларуская». Дарэчы, паколькi гэты дакументальны цыкл Агенцтва тэленавiнаў яшчэ не завершаны (здымкi фiльмаў пра ўсе раёны Беларусi доўжацца i цяпер), то праект можа трапiць у лiк намiнантаў на наступную прэмiю. Але гэта будзе ўжо зусiм iншая, хочацца спадзявацца, значна больш вясёлая, гiсторыя.
Толькi лiчбы
Усяго на конкурс прыйшло 253 заяўкi; 96 праграм пасля папярэдняга адбору былi паказаныя журы. 11 членаў журы ацэньвалi дасланыя работы па 10‑бальнай сiстэме.
У неафiцыйным «медальным залiку» па колькасцi ўзнагарод сёлета лiдзiруе Белтэлерадыёкампанiя — 7 статуэтак «Тэлевяршынi», у тым лiку Гран‑пры. На другiм месцы тэлеканал АНТ — таксама 7 узнагарод; канал СТБ атрымаў 4 прызавыя статуэткi. Яшчэ па 1 узнагародзе ў рэгiянальных тэлеканалаў з Оршы, Лiды i Гомеля.
62,9% галасоў набраў пераможца намiнацыi «Прыз глядацкiх сiмпатый» Дзянiс Кур’ян, якога гледачы назвалi лепшым тэлевядучым.
Сёлета былi ўручаныя 2 спецыяльныя ўзнагароды: прыз журы «За ўклад у развiццё айчыннага тэлебачання» атрымаў загадчык кафедры рэжысуры, кiно i тэлебачання Беларускай дзяржаўнай акадэмii мастацтваў Уладзiмiр Забела, а ганаровай граматай арганiзатар цырымонii — Белтэлерадыёкампанiя — адзначыла загадчыка кафедры кiнатэлеаператарства Акадэмii мастацтваў Анастасiю Суханаву.