Сядзіба Ільі Рэпіна ў Здраўнёве. «Маленькая, фантастычная, але не скажу каб вельмі прыгожая пабудова», пісаў пра яе сучаснік. Але мастаку вельмі падабалася пагружэнне ў Беларусь. Ірвалася сюды і ягоная жонка — нават пасля разводу. WIKIMEDIA COMMONS

Сядзіба Ільі Рэпіна ў Здраўнёве. «Маленькая, фантастычная, але не скажу каб вельмі прыгожая пабудова», пісаў пра яе сучаснік. Але мастаку вельмі падабалася пагружэнне ў Беларусь. Ірвалася сюды і ягоная жонка — нават пасля разводу. WIKIMEDIA COMMONS

Дзвіна зачаравала Рэпіна — настолькі, што ён пажадаў быць пахаваным пры ёй. Так і паведаміў малодшаму сябру, віленскаму памочніку пракурора і пісьменніку сярэдняй рукі Аляксандру Жыркевічу, паказаўшы ў бок выкладзенай каменнем яміны, у якой гасілі вапну. На заўвагу Жыркевіча, што ўвесну вада гэтую яміну лёгка затопіць, махнуў рукой: не бяда. Рака, маўляў, за такое супраціўленне — 300 метраў берага ўмацаваў — мае поўнае права адпомсціць. 

Мастак купіў Здраўнёва амаль у 48 гадоў — паважны век. Ён нярэдка жартаваў на тэму ўласнага пахавання: то жадаў «быць закапаным у садзе з пасадкаю дрэва» (і «скрыні не трэба»), то шкадаваў, што далёка «паўзці да Везувія» (а іначай вызваліў бы родных ад клопату і расходаў). Няшчасны забойца сына Іван Жахлівы, «этнаграфічна бездакорныя» волжскія бурлакі і заспеты за напісаннем ліста да султана «чартоўскі народ» запарожцы — так шмат ужо створана. Але і жыцця яму адмерана нямала — яшчэ поўныя 38 гадоў.

Ілья Рэпін. Беларус. Дзяржаўны Рускі музей у Пецярбурзе

Ілья Рэпін. Беларус. Дзяржаўны Рускі музей у Пецярбурзе

Вялікі «мацала» 

Першае, што было напісана ў Здраўнёве, — мужык-беларус. Сімвалічна. Толькі Рэпін убачыў нашага земляка зусім не такім, якім яго прынята было апісваць у некаторых колах.

«Слаўны народ беларусы, — занатаваў мастак, — вельмі падобныя да ўкраінцаў, толькі больш працавітыя, больш сціплыя і больш дабрадушныя». І ніякіх вам «цёмныя і забітыя», ніякага каўтуна ў валасах. Зірніце: вясёлы тварам, румяны шчокамі, вачыма цікаўны, целам — і зграбны, і моцны, станам і вопраткай — франт. 

Спрэчкі аб тым, хто быў прататыпам рэпінскага «Беларуса», ішлі даўно. Называлі дзвінскага плытагона Сцяпана Крывенку, які памёр у 1932 годзе. Яго прызнавалі ў партрэце і старажылы, і нават ягоныя ўнукі, якія вучыліся ў здраўнёўскай школе, арганізаванай унучкай Рэпіна. Сцяпан сапраўды пазіраваў Рэпіну для карціны «Бітва Давіда з Галіяфам».

Але ў БССР не было вядома, што ў 1926 годзе вядомы беларускі дзеяч, колішні кіраўнік урада Беларускай Народнай Рэспублікі Язэп Варонка, які ў той час жыў на выгнанні ў ЗША, адважыўся напісаць ліст самому Рэпіну ў Фінляндыю з просьбай адказаць на гэтае пытанне. І атрымаў ад Рэпіна адказ!

Ён быў надрукаваны ў першым нумары эмігранцкага часопіса «Беларуская трыбуна» (Чыкага) 26 кастрычніка 1926 года. Вось што пісаў Варонку Рэпін:

«Беларус» напісаны ў 1892 годзе ў сядзібцы маёй Здраўнёва за 16 км ад Віцебска Вярхоўскай воласці, якая стаіць на рэчцы Заходняя Дзвіна. За рэчкай супраць нас жыў селянін Сідар Шавура, ён і пазіраваў мне, стоячы на паветры перад вокнамі маёй майстэрні. Шавуры — сям’я з некалькіх братоў і сёстраў. Сідар як старэйшы брат быў спадчыннікам дома па смерці бацькі; дом жа быў з дастаткам, заможны. Другі брат, Міхалка, быў цясляр і сталяр, трэці — школьны настаўнік. Сідар быў непісьменны, але меў характар трымаць у строгасці ўсю сям’ю. Сястра яго была сястрой міласэрнасці, прыгожая, здольная… Усё трымалася на ўладзе Сідара». 

З рэпінскага ліста стала вядома, што «Беларус» — партрэт канкрэтнага чалавека, Сідара Шаўрова. Ён жыў у вёсцы Сахарава, што знаходзілася цераз Дзвіну насупраць маёнтка Рэпіна ў Здраўнёве. Прозвішча Сідара (як і назва вёскі Сахарава — некалі «Захарава») было зрусіфікавана — Шавура стаў Шаўровым. 

Хутчэй за ўсё, Сідар працаваў у Рэпіна на будаўніцтве сядзібы. А працы там было шмат, Рэпін наймаў дзясяткі сялян, сам працаваў з талакой. Там ён і ўгледзеў Сідара.

Праз некалькі гадоў Рэпін запрасіў сястру Сідара — сястру міласэрнасці — апекавацца сваёй захварэлай псіхічна дачкой Надзеяй.

Сідару на карціне 28 гадоў. Ён акуратна паголены і падстрыжаны, чырванашчокі, чарнявы, з прыгожымі вусікамі. 

Сідару на карціне 28 гадоў. Ён акуратна паголены і падстрыжаны, чырванашчокі, чарнявы, з прыгожымі вусікамі. 

Каб пацешыць натуршчыка, каб яго твар быў жывы, не напружаны, дочкі Рэпіна Надзея і Вера па чарзе чыталі яму вершы. Адчуваецца, што Сідар з цікавасцю, асэнсавана і захоплена іх перажывае, яго твар адухоўлены, нават натхнёны, вочы глядзяць проста ў вочы гледача. 

Мастацтвазнаўцы гавораць пра «фірмовы» ўдар пэндзлем Рэпіна і «фірмовае» ж незафарбоўванне фрагментаў палатна. Але на першае месца трэба паставіць яго ўнікальную здольнасць разгледзець сутнасць сваёй мадэлі, счытаць з яе нешта нябачнае, але непазбежнае, іншымі словамі — лёс. 

Возьмем партрэт Аляксандра Керанскага. Хоць і з «банапартавым» вокам, але ўсім ясна, што чалавек ненадоўга, каліф на гадзіну. Іначай Рэпін не злавіў бы таго сонечнага зайчыка, што быў ублытаўся ў валасы персанажа.

Аляксандр Керанскі (1881—1970), міністр-старшыня Часовага ўрада Расіі (1917 год). Партрэт работы Ільі Рэпіна, 1917—1918 гады. 

Аляксандр Керанскі (1881—1970), міністр-старшыня Часовага ўрада Расіі (1917 год). Партрэт работы Ільі Рэпіна, 1917—1918 гады. 

Нездарма ён названы «великим щупальщиком» чалавечай істоты, які «абмацвае твары, фігуры і душы» так, што, як пісаў Васілій Розанаў, «страшна жывому чалавеку трапіць пад яго пэндзаль». 

Так і ў селяніне-беларусе — намацана Рэпіным (і прытым з лёту, адразу) тое, што аднаго гэтага Сідара ператварыла ў зборны вобраз цэлага народа. 

Il luce di Repin

Мастаку дастаткова было ўстаць на світанні і адбегчы ад дома ў бок дзвінскага берага метраў на трыццаць — і ён закахаўся. У тутэйшае сонца. Сёння наддзвінская раніца работы Рэпіна захоўваецца ў мастацкай галерэі горада Кіля (узбярэжжа Балтыйскага мора, Германія).

На Дзвіне. Узыход сонца. Ілья Рэпін, 1892 год. AKG-IMAGES.COM

На Дзвіне. Узыход сонца. Ілья Рэпін, 1892 год. AKG-IMAGES.COM

Здраўнёўскае ж сонца пазалочвае сваім ранішнім промнем сакавіты здраўнёўскі ўзлесак на іншай карціне — «Дуэль». Мастак выставіў карціну ў Італіі — і яе адразу ж купілі. Промень італьянцы назвалі «святлом Рэпіна» — il luce di Repin

Іншымі словамі, помсціць свайму новаму суседу Дзвіна не збіралася, а наадварот: дарыла натхненне. Дарэчы, над гэтай «Дуэллю» Леў Талстой плакаў ад замілавання і захаплення. 

Над гэтай, бо ёсць іншыя. Так здаралася з многімі палотнамі Рэпіна праз яго непазбыўную звычку ўвесь час нешта мяняць-перапісваць (часам нават і псуючы, а пасля шкадаваць: чаму не адцягнулі?). 

«Дуэль», што трапіла ў Італію, вядомая яшчэ пад назвай «Даруйце!». Крыўдзіцель, атрымаўшы смяротную рану, усведамляе, што не меў рацыі. Апошнім поглядам ён просіць пакрыўджанага прабачыць і адначасова даруе яму сваё забойства. Другі варыянт «Дуэлі», таксама пісаны ў Здраўнёве, — процілеглы па сваёй сутнасці: няма ў ім ні раскаяння, ні прабачэння. Ахвяра ў апошнюю хвіліну жыцця акружана ўсхваляванымі секундантамі, а самотны забойца ўжо запхнуў пісталет у кішэню, адышоў далёка ўбок і знервавана пхае тытунь у люльку. 

Сюжэты розныя, але абодва — пратэсныя. Бо дуэлі былі забароненыя ў Расійскай імперыі на працягу больш чым ста папярэдніх гадоў. А ў 1894- м афіцэрам іх раптоўна зноў дазволілі — нібыта з мэтай абароны іх годнасці. 

Такі варварскі метад — на парозе ХХ стагоддзя з усімі яго цывілізацыйнымі дасягненнямі. А мастак таму і мастак, што адчувае тонка. 

Пропаведзь Кунцэвіча. WIKIMEDIA COMMONS

Пропаведзь Кунцэвіча. WIKIMEDIA COMMONS

Пропаведзь Кунцэвіча

Мясцовая гісторыя вельмі цікавіла Рэпіна. Ён быў знаёмы з «летапісцамі Віцебшчыны» Аляксеем Сапуновым і Уладзімірам Стукалічам, ездзіў з сынам у Полацк «глядзець старыну», цікавіўся асобай Язафата Кунцэвіча і яго «эпізодам з беларусамі». «Пропаведзь Кунцэвіча ў Беларусі» — малюнак памерам 29 на 40 сантыметраў — знаходзіцца ў Віцебскім краязнаўчым музеі. 

Геніяльна суб’ектыўны

Але вось у чым парадокс: на палатне Ілья Рэпін піша не тое, што на паперы. Ці, можа, не разумее, пра што гавораць людзям яго карціны? Жыркевіч, згаданы віленскі памочнік пракурора, калі Рэпін звярнуўся да яго з просьбай прыслаць выпіскі са спраў аб афіцэрскіх дуэлях, ушчуваў мастака: хіба ж можна цяпер маляваць дуэлі? «Я заўважыў яму, што карціна яго будзе пратэстам і супраць абуральнага закона аб дуэлях. Ён не хоча гэта прызнаць», — запісаў Жыркевіч у дзённіку.

Партрэт Аляксандра Жыркевіча. Ілья Рэпін, 1894 год. WIKIMEDIA COMMONS

Партрэт Аляксандра Жыркевіча. Ілья Рэпін, 1894 год. WIKIMEDIA COMMONS

У Аляксандру ІІІ, які падпісвае дакумент аб легалізацыі дуэляў, Рэпін бачыць «праўдзівую, светлую, рускую, шырокую, народную душу».

«Калі б Расія павінна была выбіраць сабе цара, — піша ён, — яна зрабіла б найлепшы выбар, спыніўшыся на Аляксандру ІІІ».

Самадзяржаўе ў Рэпіна — «браня дзяржыморды», які «ўзвялічваецца сваімі рабаўніцкімі прывілеямі, пускаючы пыл у вочы дурням-рабам і дармаедам з прапашчым сумленнем», а самадзержца ён «абажае»: «Акрамя ўсіх даброт, якія Гасудар здзейсніў для нас, мастакоў, і ў прыватнасці для мяне, я яшчэ намнога раней проста абажаў гэтага Манарха».

«Я быў у вялікім захапленні ад наведвання і, галоўнае, ад такога шчырага задавальнення, з якім Цар глядзеў на мае работы», — успамінае ён сустрэчу з імператарам на выставе — той самы момант, калі высокая асоба пажадала набыць яго «Запарожцаў». Менавіта за тыя царскія грошы, на трэцюю частку заплачанага за «Запарожцаў», Рэпін і набыў сядзібу пад Віцебскам. 

Калі ў тым жа 1894-м, у год вяртання дуэляў, манарх, які іх вярнуў, памірае, Рэпін захапляецца яго апошнімі днямі, напоўненымі малітвамі «сапраўдна рускага чалавека»: «Як ён стаў на калені! Неймаверна!»

«Мастак — не прапаведнік, ён хутчэй сфінкс, якога трэба разгадаць». Ілья Рэпін, аўтапартрэт. GALLERIX.RU

«Мастак — не прапаведнік, ён хутчэй сфінкс, якога трэба разгадаць». Ілья Рэпін, аўтапартрэт. GALLERIX.RU

Даследчыкі творчасці Рэпіна ў нашы дні, тлумачачы такую супярэчлівасць, называюць яго «геніяльна суб’ектыўным». Хоць сярод некаторых з іх існуе даволі ўстойлівае меркаванне, што Ілья Яфімавіч быў, папросту кажучы, не надта разумны — ва ўсім, што не датычыла мастацтва. 

«Толькі ўбогі можа скардзіцца, што яго заядаюць жыды» 

З Аляксандрам Жыркевічам Рэпін сябраваў каля дваццаці гадоў, але сяброўства іх абарвалася. Спачатку яно азмрочылася фактам адкрыцця ў Вільні ў 1904 годзе пры непасрэдным удзеле Жыркевіча музея памяці графа Міхаіла Мураўёва. Таго самага, Вешальніка. «Прызнаюся Вам, што пасля Вашага клопату аб мураўёўскім музеі ў мяне рука не падымалася пісаць Вам больш! Варта было старацца! Ды чым хутчэй згарэў бы дзе-небудзь гэты агідны гной дзяржыморды, тым лепш», — напісаў яму Рэпін праз пэўны час. 

Тлумачэнне ўчынку Жыркевіча вядомае з яго размовы з пісьменніцай Элізай Ажэшка. Ён апраўдваўся перад ёй тым, што Мураўёў у параўнанні з Напалеонам, Бісмаркам ды іншымі дзяржаўнымі дзеячамі Еўропы, «з галавы да ног залітымі чалавечымі крывёй і слязьмі», выглядае як «палітычнае немаўля», а між тым гэтым злачынцам, «якія любілі радзіму і парушалі агульнапрынятыя законы, узводзяць жа ўдзячна помнікі, а дакументы, якія сведчаць пра іх злачынствы, збіраюцца ў асаблівыя любоўна зладжаныя музеі». 

Ажэшка Жыркевічу не даравала. Рэпін жа сяброўства з ім працягнуў. Толькі зусім ненадоўга, на два гады — пакуль Жыркевіч не прыслаў яму сваю публікацыю ў выданні чарнасоценца Паўла Крушавана.

«Калі я ўбачыў на прысланай Вамі кніжцы імя Крушавана, я адразу ж кінуў гэтую кніжку ў агонь! — абураўся Рэпін у апошнім лісце да былога ўжо сябра. — Нікчэмны той светапогляд, які гарцуе на пагромах жыдоў і палякаў. Толькі ўбогая погань можа скардзіцца, што яе заядаюць жыды». 

А пра палякаў Рэпін адгукаўся як пра народ, які цярпеў мукі Тантала, «увесь час свядома жывучы сваім грандыёзным мінулым, сваёй велічнай гісторыяй».

У водгуку на ленінскі дэкрэт ад 29 жніўня 1918 года аб незалежнасці польскага народа ён напісаў: «Краіна, якая дала свету Каперніка, Шапэна, Міцкевіча, Матэйку… вартая поўнай свабоды культываваць свой дух, і кожнае высакароднае сэрца ўзрадуецца магчымасці з’яўлення новых сусветных адкрыццяў чалавецтву ад гэтай расы, якая кіпіць талентамі боскага полымя». Праўда, Рэпін не быў бы Рэпіным, калі б не знайшлося ў гэтым яго водгуку пару слоў пра «вялікага Роса-вызваліцеля», якому ён «пры адраджэнні Польшчы» складае «вечны неўвядальны вянок».

Чыноўнікі гады, а імператар добры 

«І што гэта за абавязак для мастака — мець прагрэсіўны ўплыў на публіку? — разважаў неяк Рэпін. — А калі ён не мысляр? Ён можа быць чалавекам невысокай адукаванасці і г. д.». «Мастак — не прапаведнік, ён хутчэй сфінкс, якога трэба разгадаць», — пісаў ён у адным «павучальным» лісце. Сам Рэпін — таксама такі сфінкс. 

«Што можа быць больш агідным, чым улада без розуму?» — абураецца ён. «Гэтая ўлада сваёй бессэнсоўнай злосцю да такой ступені апаскудзіла ўсё жыццё, што нікому ўжо не патрэбная, акрамя катаў», — піша ён далей пра «агіднае крывавае марыва смерцяў», якім «Расія прасякнута наскрозь». «Здаецца, ужо зямля стогне ад бясконцых павешаных», «Пуцяводная зорка жыхароў Расіі — усіх сумленных грамадзян — шыбеніца!», «Забіваць на карысць Айчыны лічыцца справай вялікай дзяржаўнай важнасці. Узнагароды, пашана, слава». 

Так, Рэпін бэсціць сістэму апошнімі словамі — і прытым усё жыццё піша партрэты імператараў ды членаў Дзяржаўнай рады і захапляецца імі. «Гасудар стварае неймаверна сімпатычнае ўражанне. Ён вельмі добры, мяккі і ласкавы. Размаўляе пра многія рэчы проста і сур’ёзна. Ён вельмі прыгожы і мае цудоўную фігуру. А ведаеце, што ў Гасудару 2 аршыны і 7,5 вяршкі росту? Учора я адмераў гэтую метку на сваім палатне». Гэта ўжо пра Мікалая ІІ, калі атрымаў замову напісаць і яго партрэт.

Але не спяшаймася ўпікаць мастака ў няшчырасці. Калега Аляксандр Бенуа тлумачыў такую флюгернасць тым, што меркаванні Рэпіна вельмі залежныя ад настрою моманту, што апошняе ўражанне выходзіць у іх на пярэдні план, перакрэсліваючы ранейшыя. Рэпін-мастак аддзяляецца ад Рэпіна-чалавека, і пытанне, наўмысна ці ненаўмысна ўскрывае Рэпін «палітычныя моманты», аказваецца лішнім. 

Не хацеў азіяцкіх дурыкаў

Калі адным словам ахарактарызаваць Ілью Рэпіна, дык найлепш пасуе яму «рабацяга» або «прасцяк». 

Віцебск на гравюры Карла Веермана. RG.RU

Віцебск на гравюры Карла Веермана. RG.RU

«Вы ж ведаеце, які я просты, звычайны чалавек, а ставіце мяне на такі п’едэстал, што, калі б я на яго ўзлез, вы б самі разрагаталіся», — пісаў ён таму самаму Аляксандру Жыркевічу. З праявамі «барства» Рэпін змагаўся, багаццем пагарджаў. «Сёмгу, шакалад, торты і іншыя далікатэсы Рэпін лічыў непатрэбнай, марнай раскошай, а ананасы, апельсіны і падобную да іх ежу называў азіяцкімі дурыкамі», — успамінала Людміла Шаўцова, пляменніца жонкі мастака. Тры гады ў канцы 1890- х дзяўчынка жыла ў Рэпіна ў яго пецярбургскай кватэры і разам з яго малодшай дачкой Таняй вучылася ў Васілевостраўскай гімназіі.

«Ён патрабаваў ад нас простасці ва ўсім: у паводзінах, вопратцы, ежы, — распавядала яна пра той час. — Памятаю, як сурова ён выгаворваў нам за тое, што мы адмаўляліся ад сачавічнай поліўкі». Сняданкі, пісала далей пляменніца, былі самыя сціплыя: хлеб, галандскі сыр, абаранкі, гарбата.

«Памятаю, бывала вяндліна — свая, са Здраўнёва».

А дзяцей падзялілі 

Да куплі Здраўнёва Рэпіны ўжо пяць гадоў як былі ў разводзе і дзяцей «падзялілі»: Ілья Яфімавіч выхоўваў малодшых, Таню і Юру, а Вера Аляксееўна засталася са старэйшымі, Верай і Надзяй. Але гэта быў інтэлігентны развод, і не толькі ўсе чацвёра дзяцей, але і былая жонка, і цесць, дзядок-архітэктар Аляксей Шаўцоў, праводзілі цёплыя месяцы ў Здраўнёве.

Часам бывала, што Рэпін ужо з’язджаў у Пецярбург, а Вера Аляксееўна яшчэ заставалася і ў халодны сезон працягвала жыць у сядзібе былога мужа пад Віцебскам.

Сям’я ў Здраўнёве, 1894 год. NASLEDIE-ZHIRKEVICH.RU

Сям’я ў Здраўнёве, 1894 год. NASLEDIE-ZHIRKEVICH.RU

Дарма што ад горада блізка — дабірацца было складана (зрэшты, як і цяпер). «А ехаць так, — пісаў Ілья Яфімавіч свайму госцю Аляксандру Жыркевічу, — у Віцебск, а з Віцебска ўзяць рамізніка (каштуе два рублі). І сказаць яму, што трэба ехаць на Слабаду, на Койтава ў Здраўнёва — гэта і ёсць наша гняздо. Ад Віцебска 15 вёрст, ехаць праз паром. Або, калі вада будзе, як цяпер, высокая, сесці Вам у Віцебску на параход, і як будзеце пад’язджаць да Койтава, загадайце даць свісток, а пад’язджаючы да Здраўнёва, гэта значыць, да нас, дайце другі, мы вышлем пад Вас лодку і здымем Вас (на параходзе каштуе 15 кап.). Але толькі ж напішыце, калі можна, калі Вы будзеце ў Віцебску, я, мабыць, прыеду па Вас на сваёй таратайцы і клячы рабочай — не паспелі мы яшчэ тут абзавесціся нічым як след. Усё старое, распаўзаецца і развальваецца — столькі клопатаў!»

 «Новы дом Рэпіна — маленькая, фантастычная, але не скажу каб вельмі прыгожая пабудова», — так пра Здраўнёва напіша ў дзённіку той самы госць. Куплены Рэпіным дом сапраўды быў у кепскім стане. Але, мабыць, такі яму быў патрэбны: каб працаваць, працаваць, працаваць. 

1890-я аказаліся для яго не вельмі ўдалымі ні ў асабістым, ні ў творчым жыцці, і яго неўтаймоўную энергію «рабацягі» мусова было некуды дзець. Здраўнёва пасавала як найлепш. «У мяне зусім закруцілася галава ад клопатаў. Сенакос, уборка хлеба, дастаўка лесу, цэглы, пяску, гліны, моху, драніцы, пільшчыкаў, шалёўкі, фарбаў, алівы. Вязаць снапы, вазіць з поля, рэстаўраваць гумно, вывозіць шчэбень. Дзякуй Богу, прыйшло на падмогу 8 чал. салдацікаў. У антракце, ранкамі, я паспяваў з імі карчаваць пні і завяршыць прасекі ў лесе, якія мы пачалі, жартуючы, на мяжы». 

«Рэпін увесь сышоў у гаспадарку, і мне было сумна бачыць, што за лета ён усяго толькі два партрэты дочак пачаў», — непакоіцца віленскі госць. «Ілья Яфімавіч падымаецца а 4, 5, 6 гадзіне і ўвіхаецца па гаспадарцы. А 7-й гадзіне — чай. А першай — сняданак. А 3-й зноў чай. Абед а 7-й гадзіне вечара. А 9-й усе кладуцца спаць», — так ён апісвае здраўнёўскую штодзённасць. Рэпін жа працягвае «ваяваць» з Дзвіной і будаваць планы: «Набярэжная мая цэлая, вада была невялікая, толькі знізу, аршыны тры, павымывала грунт з-пад камянёў, і яны аселі, трэба засыпаць шчэбнем… Але ў мяне цяпер іншая задума — надбудова над домам мезаніна ў выглядзе вежы. Цяпер толькі лесу купіў на 371 рубель. Справа за цеслярамі».

Да такога вось ладу жыцця і імкнулася душа Рэпіна. «На вакзал ён мяне завёз на сваёй брычцы, сваімі коньмі, сам правіў», — сведчыць Жыркевіч. І дадае, што па развітанні Рэпін даўся ў горад з мужыком — купляць конскую збрую і розныя рэчы для гаспадаркі. Уявіце сабе пяцідзесяцігадовага Рэпіна, акадэміка, без некалькіх гадоў рэктара Пецярбургскай акадэміі мастацтваў, за такімі заняткамі. 

А сядзібу — на дровы

Раскажы пра свае планы, каб Бог з іх пасмяяўся. У Здраўнёве пахаваны не сам мастак, а ягоны бацька, адстаўны салдат Яфім Васільевіч Рэпін. Сам Рэпін апошні раз жыў тут улетку 1904 года, а пасля ў яго з’явіліся новая жонка, экзальтаваная журналістка Наталля Нордман, і новая сядзіба «Пенаты».

У Здраўнёве засталіся сваякі Рэпіна. Адна з дачок, Таццяна, пасля рэвалюцыі была настаўніцай у вясковай школе, што адкрылася проста ў сядзібе, у 1930-м пераехала з сям’ёй ужо ўласнай дачкі ў бацькавы «Пенаты», а пазней — выехала ў Францыю. А сядзібу ў Здраўнёве разабралі на дровы. Адбудуюць яе ў 1989 і 2000 годзе.

Клас
50
Панылы сорам
2
Ха-ха
6
Ого
8
Сумна
2
Абуральна
22

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?