
Суд у Пскове прызнаў вінаватай у апраўданні і прапагандзе тэрарызму журналістку «Радыё Свабода» (у Расіі гэта СМІ прызнана замежным агентам) Святлану Пракоп'еву. Крымінальную справу супраць Пракоп'евай распачалі з-за аўтарскай калонкі аб магчымых прычынах выбуху, здзейсненага 17-гадовым юнаком у будынку Архангельскага ўпраўлення ФСБ, піша Бі-бі-сі.
Другі заходні акруговы ваенны суд на выязным пасяджэнні ў Пскове прызначыў Пракоп'евай пакаранне ў выглядзе штрафу ў 500 тысяч рублёў (7100 даляраў). Абвінавачванне прасіла прысудзіць журналістку да «толькі рэальнага пазбаўлення волі» на шэсць гадоў і забароны займацца журналісцкай дзейнасцю на чатыры гады.
У выніку суд не стаў забараняць Пракоп'евай займацца журналістыкай, у прысудзе пра гэта нічога не сказана. Айфон і ноўтбук журналісткі суд пастанавіў канфіскаваць на карысць дзяржавы, а канфіскаваны пры ператрусе дыктафон дазволіў вярнуць. Пракоп'ева заявіла, што мае намер абскардзіць прысуд. «Я не разлічвала на тое, што мяне прызнаюць невінаватай», — сказала яна.
Абвінаваўчы прысуд паводле часткі 2 артыкула 205.2 КК («Публічнае апраўданне і прапаганда тэрарызму») упершыню вынесены ў Расіі за тэкст журналіста, апублікаваны ў СМІ.
Калонка, праз якую была распачатая справа, прагучала ў лістападзе 2018 года ў эфіры Пскоўскага «Эха Масквы», а затым была апублікаваная на сайце афіліраванага з радыёстанцыяй выдання «Пскоўская стужка навінаў». Пракоп'ева напісала яе пасля выбуху, здзейсненага ў будынку ФСБ у Архангельску 31 кастрычніка 2018 года. 17-гадовы Міхаіл Жлабіцкі прынёс у будынак самаробнае выбуховае прыстасаванне, пры выбуху якога загінуў. Трое супрацоўнікаў ФСБ былі параненыя.
Журналістка ў тэксце выказала здагадку, што дзеянні Жлобіцкага маглі быць справакаваныя ў тым ліку і дзяржаўнай палітыкай і што дзяржава можа несці частку адказнасці за з'яўленне пакалення грамадзян, якія змагаюцца з ім.
Пракоп'ева сваю віну не прызнае і лічыць справу палітычна матываванай. У апошнім слове яна нагадала суду аб свабодзе слова і місіі прэсы, падкрэсліўшы, што аб'ектам крытыкі для СМІ «заўсёды была і будзе дзяржава — сістэма ўлады з апаратам прымусу, здольным стаць інструментам масавых рэпрэсій». У кастрычніку 2019 года Пракоп'ева апублікавала адкрыты ліст, у якім назвала сваю справу «забойствам свабоды слова ў Расіі», заявіўшы, што лічыць яго «банальнай помстай пакрыўджаных сілавікоў».
Пракурор Наталля Меляшчэня заявіла ў спрэчках, што Пракоп'ева, «з'яўляючыся журналістам, дзейнічала з мэтай фарміравання ў масавай аўдыторыі грамадскага меркавання аб прызнанні ідэалогіі і практыкі тэрарызму правільнай, што вымагае падтрымкі і пераймання». Паводле версіі абвінавачвання, журналістка звярнулася да гэтай тэмы, «прадбачачы магчымасць наступу грамадска небяспечных наступстваў і жадаючы іх наступу».
Паколькі ўсе калонкі Пракоп'евай для «Радыё» публікаваліся ў друкаванай версіі на сайце, журналістцы пастаўлена ў віну, што яна «першапачаткова хацела і жадала максімальнага ахопу аўдыторыі распаўсюджваннем матэрыялу».
Каментары