Літаратура

«Вядуць нелюдзімы лад жыцця, размаўляюць па-беларуску». Уладзімір Арлоў расказаў пра новую кнігу і згадаў, як суседзі пісалі на яго даносы

«Сярод новых герояў кнігі будуць вельмі дарагія нашы сучаснікі — і Алесь Пушкін, і Вітольд Ашурак, Раман Цымбераў…»

У Варшаве 19 лютага адбылася творчая сустрэча з пісьменнікам і гісторыкам Уладзімірам Арловым. Вечар пачаўся з размовы пра Уладзіміра Караткевіча — чалавека, які «адчыніў акно ў іншую гісторыю», — а працягнуўся асабістымі гісторыямі пра літаратурныя мары і даносы за беларускую мову.

У беларускай краме Vyraj перад пачаткам сустрэчы гаспадар частуе гасцей палескай гарбатай з травяным зборам «Шляхта» і, разліваючы кіпень, жартуе: «Пах пайшоў, як з лазні». Людзі паціху падцягваюцца, абдымаюцца са знаёмымі. У зале — пісьменнікі Зміцер Дзядзенка і Валянціна Аксак, гісторык Алесь Смалянчук.

Сустрэчу Арлоў пачынае вершам, якім адкрываецца яго кніга «Паром празь Ля-Манш» — іранічнай «Спробай завершанага жыццяпісу», дзе ёсць і Полацк, і Сафійскі сабор, і князь Усяслаў Чарадзей, і нават будучая арфаграфічная памылка на надмагіллі. Самапрэзентацыя — як літаратурны міф, дзе асабістая гісторыя пераплятаецца з нацыянальнай.

Арлоў згадвае сваё дзяцінства. Маленькім, ён марыў быць вадалазам, бо на Дзвіне тыя «шмат адпачывалі і мала працавалі». Потым ён хацеў быць патолагаанатам — бо ад суседа-патолагаанатама «прыемна пахла парфумай» і здавалася, што яго праца — выпускаць парфуму. Марыў пра кар’еру савецкага шпіёна, але на ўступных у камсамол на пытанне пра любімую кнігу адказаў: «Нязнайка на Месяцы» — і «пайшоў ні з чым».

Насуперак волі бацькоў, якія хацелі бачыць сына вайсковым медыкам, ён паступіў на гістфак БДУ. І пазней прызнаваўся: факультэту ўдзячны «не за атрыманыя веды з беларускай мінуўшчыны, а за разуменне таго, што якраз гэтых ведаў нам там і не давалі».

«Нас вучылі, што ў беларусаў не было сваёй дзяржавы да 1917 года, вучылі міфам пра старажытнарускую народнасць… Але на наша вялікае шчасце нам трапілі ў рукі творы Уладзіміра Караткевіча, якія адчынялі нам акно ў зусім іншую гісторыю. Не тую, дзе не было герояў, чые партрэты хацелася б павесіць над ложкам».

Менавіта Караткевіч падтрымаў маладога аўтара пасля разгромнай крытыкі яго апавядання «Добры дзень, мая шыпшына» на семінары маладых літаратараў. Адзін з мэтраў — Ян Скрыган — абвінаваціў герояў у «распусце», і тэкст пайшоў па руках з яшчэ большай цікавасцю. Пакрыўджаны Арлоў адшукаў адрас Караткевіча і даслаў яму рукапіс.

«Ён хутка адказаў — бісерным, вельмі чытэльным почыркам. Там было шмат кампліментаў. Пісаў: вось лілеі зачыняюць свае кветкі на ноч, а вашы героі глядзяць на сузор’і жоўтых гарлачыкаў… Праверце, казаў, напэўна і яны закрываюцца. А я ўжо ведаў з асабістага досведу, што не».

Гэтая падтрымка стала для Арлова вырашальнай — і сімвалічна, што пазней ён прысвяціў памяці Караткевіча частку сваіх тэкстаў.

Пісьменнік згадваў, як пасля выхаду першай кнігі звольніўся з газеты, як праз два гады яму і жонцы спрабавалі «шыць» крымінальную справу, абвінавачваючы ў падпольных абортах, а ў даносе суседзяў фігураваў радок: «Ведут нелюдимый образ жизни, разговаривают на белорусском языке». У 1997 годзе яго звольнілі з выдавецтва «Мастацкая літаратура» «за выпуск гістарычнай і іншай сумнеўнай літаратуры».

Свой цяперашні экзістэнцыйны стан пісьменнік называе проста: «У дарозе».

Арлоў прызнаўся, што ідэі для напісання кніг могуць прыйсці адусюль — з нетыповага сну, з тэлефоннага званка, калі на тым канцы «ўсхвалявана маўчаць», ці нават з імгненна пачутага водару жаночай парфумы. Асабліва дарагой для сябе назваў кнігу «Каханак яе вялікасці», першыя апавяданні якой пісаў пасля смерці Караткевіча.

Ён таксама паведаміў, што рыхтуе другую частку «Імёнаў Свабоды» — кнігі, дзе ўжо сабрана больш за 400 лёсаў.

«І, канешне, сярод новых герояў будуць вельмі дарагія нашы сучаснікі — і Алесь Пушкін, і Вітольд Ашурак, Раман Цымбераў…»

Напрыканцы сустрэчы пісьменнік прачытаў сваё эсэ «Незалежнасць — гэта», напісанае ў 1990 годзе — тэкст, які і сёння гучыць актуальна.

«Незалежнасць — гэта калі ад нараджэння да скону пачуваешся сваім чалавекам на сваёй зямлі. Я веру, што калі-небудзь так будзе. Бо іначай проста не варта жыць».

Каментары

Цяпер чытаюць

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Усе навіны →
Усе навіны

У ЗША збіраюцца выпускаць даляры з подпісам Трампа4

У Беларусі больш не будуць прымаць платнікаў у медуніверсітэты. Што пра гэта кажуць дактары?3

Кацярына Андрэева перадала Дональду Трампу ліст пра беларускіх палітвязняў6

«Трэба сесці і размаўляць». Коўл заявіў пра неабходнасць дыялогу паміж Беларуссю і Літвой на ўзроўні міністраў27

Лаўроў: ЗША хочуць забраць «Паўночны паток» і «Паўночны паток — 2»5

Вызначыліся ўдзельнікі фіналаў стыкавых матчаў адбору на чэмпіянат свету па футболе

Трамп заявіў, што адклаў удары па энергетыцы Ірана на 10 дзён3

Навукоўцы вызначылі 45 падобных да Зямлі планет, дзе можа існаваць жыццё

Пуцін абмежаваў колькасць грошай, якія можна вывозіць з Расіі ў Беларусь4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры2

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць