Чаму беларускія правы на кіраванне часам не мяняюць на польскія без экзамену? Ёсць юрыдычная калізія
Ад некаторых беларусаў патрабуюць здаць тэарэтычны экзамен, каб замяніць беларускія правы кіроўцы на польскія. Ад некаторых — не. Чыноўнікі называюць дзіўную прычыну, якая нібы не адпавядае законам. У Бюро транспарту Польшчы тэлеканалу «Белсат» растлумачылі, чаму патрабаваць здачы іспыту сапраўды могуць.

Чытачы «Белсата» і беларусы ў інтэрнэце пачалі паведамляць пра адмовы замены беларускіх пасведчанняў кіроўцы на польскія: чыноўнікі патрабуюць здаць тэарэтычны экзамен у Польшчы. Гэта адбываецца не паўсюль: найбольш скаргаў з Беластока, але бываюць і з іншых гарадоў. Некаторым кажуць, што 16 ці 17 снежня 2025 года «прыйшлі новыя прадпісанні: цяпер дадаткова трэба здаваць тэарэтычныя тэсты». Але «Белсат» паглядзеў у законы і не пабачыў падстаў патрабаваць здачы тэарэтычнага экзамену.
Чаму здаецца, што можна без экзамену
Выдачу і замену пасведчанняў кіроўцы ў Польшчы рэгулюе Закон аб кіроўцах транспартных сродкаў (ustawa z dnia 5 stycznia 2011 r. o kierujących pojazdami). Апошнія на момант публікацыі змены былі ўнесеныя 17 кастрычніка 2025 года, яны набудуць моц 3 сакавіка 2026-га, але частка зменаў ужо набыла моц 17 снежня.
Паводле закона, асоба, якая мае нацыянальнае пасведчанне кіроўцы, выдадзенае за мяжой Польшчы, можа на падставе сваёй заявы атрымаць польскае пасведчанне кіроўцы адпаведнай катэгорыі.
Здача тэарэтычнай часткі дзяржаўнага экзамену і падача засведчанага перакладу замежнага дакумента патрэбная, калі замежнае пасведчанне кіроўцы не адпавядае ўзору і аб’ёму звестак, якіх патрабуе Канвенцыя аб дарожным руху — Венская канвенцыя 1968 года.
Беларусь яшчэ як БССР далучылася да гэтай канвенцыі. Беларускія пасведчанні кіроўцы цалкам адпавядаюць Венскай канвенцыі: іх узор спецыяльна мянялі ў 2011 годзе пад змены ў Венскай канвенцыі. Яны прызнаюцца ў іншых краінах, якія далучыліся да канвенцыі, без неабходнасці мець дадатковае міжнароднае пасведчанне (такая неабходнасць ёсць у краінах, якія далучыліся да Жэнеўскай, а не Венскай канвенцыі).
Некаторым беларусам кажуць, што да беларускіх пасведчанняў прыдзіраюцца на падставе ўзору з Венскай канвенцыі, а менавіта праз колер пасведчанняў. Нібы трэба, каб картка была ружовая. Але гэта старое патрабаванне, якое было актуальнае да 2011 года.
У цяперашняй версіі Венскай канвенцыі пішуць, што пасведчанне павінна «мець форму дакументу», можа быць зробленае з паперы ці пластыку, перавага надаецца памеру 54 х 86 мм і ружоваму колеру. Мноства еўрапейскіх краінаў аддае перавагу бэзаваму колеру або камбінацыям ружовага з блакітным, зялёным ці іншымі колерамі.
Гэтак жа не актуальная прыдзірка, што на беларускіх правах пад надпісам «Вадзіцельскае пасведчанне» вялікімі літарамі напісана не Permis de conduire па-французску, а Driving Permit па-англійску. Надпіс па-англійску адпавядае актуальнай версіі Венскай канвенцыі.
Чаму аказваецца, што нельга
У Аддзеле транспарту Павятовага староства ў Беластоку («райвыканкама») на пытанне «Белсата» адказалі, што беларускія пасведчанні кіроўцы прызнаюцца неадпаведнымі Венскай канвенцыі ў рэдакцыі, актуальнай на 1988 год. За 38 гадоў канвенцыю не раз рэдагавалі, але ў Польшчы яе афіцыйна апублікавалі толькі ў 1988-м, і з таго часу абнаўленні не публікаваліся афіцыйна.
Выходзіць, нібы абнаўленні канвенцыі ў Польшчы — не закон, а закон — састарэлая версія канвенцыі, якой беларускае пасведчанне не адпавядае. Прытым старой версіі канвенцыі не адпавядаюць ужо амаль ніякія пасведчанні кіроўцы, у тым ліку польскія.
Польскі закон робіць выключэнне з патрабавання тэарэтычнага іспыту пры замене пасведчання кіроўцы для асобаў з пасведчаннямі дзяржаў Еўрасаюза, Швейцарыі, Ісландыі, Ліхтэнштэйна і Нарвегіі. То-бок нямецкія ці літоўскія правы памяняюць на польскія, нават калі яны не адпавядаюць састарэлым патрабаванням.
Беларусь не ўваходзіць у гэты спіс выключэнняў, як і Албанія, Вялікабрытанія, Малдова, Сербія, Украіна і мноства іншых краінаў.
Чаму тады правы прызнаюць на дарогах, але не прызнаюць у «выканкамах»?
Беларусы ездзяць па Польшчы з беларускімі пасведчаннямі і не атрымліваюць штрафаў за язду без правоў. Як таксама албанцы, брытанцы, малдаване, сербы ці ўкраінцы — са сваймі нацыянальнымі правамі, якія адпавядаюць актуальнай версіі Венскай канвенцыі, але не адпавядаюць састарэлай версіі, апублікаванай у Польшчы. Як так?
У Бюро транспарту Міністэрства інфраструктуры Польшчы растлумачылі гэта наступным чынам.
Чалавек, які мае сапраўднае пасведчанне кіроўцы, выдадзенае ў Албаніі, Беларусі, Вялікабрытаніі, Малдове, Сербіі ці Украіне можа перамяшчацца па тэрыторыі Рэспублікі Польшча, бо гэтыя дзяржавы з'яўляюцца ўдзельніцамі Венскай канвенцыі. Паводле той канвенцыі, кожнае нацыянальнае пасведчанне кіроўцы, выдадзенае дзяржавай-удзельніцай, прызнаецца іншымі бакамі канвенцыі як дакумент, што дае права кіраваць транспартнымі сродкамі ў міжнародным руху.
Правы кіроўцы не бестэрміновыя пры змене месца жыхарства: замежнае пасведчанне пацвярджае наяўнасць права кіраваць транспартавым сродкам у Польшчы цягам 6 месяцаў з дня пачатку сталага або часовага пражывання. Пасля трэба мяняць на польскае. Пра гэта кажа польскі Закон аб кіроўцах транспартных сродкаў.
«Замена замежнага пасведчання кіроўцы на польскае ўяўляе сабой асобны прававы рэжым у параўнанні з яго часовым прызнаннем і рэгулюецца выключна нормамі нацыянальнага заканадаўства», — патлумачылі ў Бюро транспарту Міністэрства інфраструктуры.
Атрыманне польскага пасведчання кіроўцы прывязанае да польскага Закона аб кіроўцах транспартных сродкаў і да падзаконных актаў, але прызнанне замежнага пасведчання ў Польшчы — да ўдзелу Польшчы ў Венскай канвенцыі. У польскіх законах быццам бы дзейнічае састарэлая версія канвенцыі, бо абнаўленняў не публікавалі афіцыйна, але Польшча прызнае замежныя правы згодна са сваім міжнародным абавязкам, а польскія пасведчанні кіроўцы адпавядаюць актуальнай версіі канвенцыі і патрабаванням дырэктыў Еўрасаюза.
Чаму тады ад некаторых не патрабуюць здачы тэарэтычнага экзамену?
Гэта невядома. Паводле адказаў Аддзела транспарту Павятовага староства ў Беластоку і Бюро транспарту Міністэрства інфраструктуры Польшчы, пры замене беларускага пасведчання кіроўцы на польскае ёсць фармальная падстава патрабаваць здачы тэарэтычнага экзамену.
Імаверна, польскія законы не пісаліся з мэтаю дыскрымінацыі беларусаў у атрыманні польскага пасведчання кіроўцы, а адпаведным чыноўнікам не рассылалі прадпісанняў адносна адмовы беларусам на падставе розных рэдакцый Венскай канвенцыі. Магчыма, рассылаліся толькі паведамленні пра апошнія змены ў Закон аб кіроўцах транспартных сродкаў, дзе непасрэдна пра Беларусь гаворкі не вядзецца, а па атрыманні гэтага паведамлення толькі некаторыя чыноўнікі знайшлі невідавочную падставу патрабаваць здачы тэарэтычнага экзамену пры замене беларускага пасведчання.
Артыкул 91 Канстытуцыі Польшчы ставіць ратыфікаваныя міжнародныя дамовы вышэй за нацыянальныя акты ў выпадку канфліктаў з імі. Але выглядае, што факт канфлікту паміж актуальнай Венскай канвенцыяй і патрабаваннямі закона аб кіроўцах транспартных сродкаў са спасылкай на старую версію канвенцыі, афіцыйна апублікаваную ў Польшчы, бачаць не ўсе чыноўнікі. Канвенцыя не рэгулюе працэдуры замены пасведчання кіроўцы ў Польшчы.
Да таго ж, знайсці актуальную версію Венскай канвенцыі няпроста. На сайце Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў ёсць арыгінальная канвенцыя 1968 года і спіс правак да яе.
Змены ў Венскую канвенцыю прымаюцца не непасрэдна ўрадамі ўсіх краінаў-удзельніц. Паводле канвенцыі, любая краіна-ўдзельніца можа прапанаваць папраўку, якую перадаюць рэшце ўдзельніц. Тыя цягам 12 месяцаў могуць прыняць папраўку, адхіліць яе ці папрасіць склікаць канферэнцыю для разгляду папраўкі. І нават калі папраўку ўхваліць бальшыня, кожная краіна-ўдзельніца можа цягам года заявіць, што не прымае папраўкі — і тады папраўка не будзе распаўсюджвацца на гэтую краіну. Табліцу «краіна — папраўка — ухваленне ці адмова» ААН не вядзе, ёсць толькі доўгі спіс заўваг.
Такім чынам, няма кансалідаванай версіі Венскай канвенцыі «для ўсіх», як няма і спісу краін-удзельніц з пазнакай версій, дзейных у заканадаўстве тых краін. Зразумець, якія патрабаванні якой версіі канвенцыі дзейнічаюць у канкрэтным выпадку, няпроста.
Як замяніць беларускае пасведчанне кіроўцы на польскае ці літоўскае
З чэрвеня ў Польшчы нельга будзе пайсці працаваць таксістам, толькі прыехаўшы ў краіну
Колькі каштуе пачаць працаваць дальнабойшчыкам у Еўропе. Спойлер: не танна
Беларускія дальнабойшчыкі ўсё часцей выбіраюць для працы Германію замест Польшчы і Літвы. Расказваюць пра заробкі
Каментары
Беларуские права действуют в Польше и всей ЕС прти временном въезде, когда вы прикатили в гости, на отдых или за колбасой.
При переезде на проживание беларуские права получивших внж действуют в разных странах только от 6 до 12 месяцев.
За это время надо зарегиться в автошколе и местной гаи, чтобы затем сдать теорию. А в некоторых странах еще и экзамен на вождение.
Есть также нюансы относительно обязательного посещения курсов теории и вождения перед экзаменами.
Не везде требуется посещать, но экзамены сдавать придется.