Выбары-20201111

«Вочы апускаюць»: 20-гадовую назіральніцу не пускаюць у школу яе ж настаўнікі

Іве Амбражэвіч 20 гадоў. Адкуль такое незвычайнае імя? «Бацькі пастараліся», — смяецца дзяўчына.

Яшчэ зусім нядаўна яна была вучаніцай школы №59 у Мінску, а сёлета паспрабавала стаць назіральніцай на адным з участкаў у роднай школе. З чым Іва сутыкнулася, яна расказала карэспандэнту «НН».

«Я вучылася тут з 6 да 9 класа. Потым паступіла ў каледж мастацтваў. І з вучобы ў каледжы, і па жыцці ў мяне былі сябры, якія цікавіліся палітыкай. Ёсць добры сябра з «Моладзі БНФ». Праз гэтыя каналы, праз знаёмых я трошкі валодала інфармацыяй. Але мне здавалася, што гэта не дужа тычыцца мяне, а я сама чалавек апалітычны. Натуральна, што ўсё гэта на паверхні і ўсіх тычыцца. Калі падчас вучобы праходзілі мітынгі, то пары нам пераносілі на вечар, каб мы не хадзілі. Дзесьці адлічвалі маіх сяброў з універсітэтаў.

Страшныя рэчы адбываліся, у такой сітуацыі быць апалітычным немагчыма. Палітыка ж яна проста вакол: калі ідзеш у краму і бачыш там цэны, калі бачыш пенсію бабулі, якая 40 гадоў адпрацавала на птушкафабрыцы, а цяпер мае 300 рублёў», — кажа Іва.

На гэтых выбарах яна не была ў ініцыятыўных групах кандыдатаў у прэзідэнты, не збірала подпісы за іх вылучэнне, хоць сама падпісвалася. А вось прапусціць магчымасць стаць назіральнікам не змагла.

«Я хацела спачатку стаць членам выбарчай камісіі. Калі я пра гэта даведалася, то мне падалося нечым нерэальным. Гэта аказваецца, што можна стаць чалавекам, які лічыць галасы! У «Сумленных людзей» усё так пазітыўна было апісана, гэта яны мяне падштурхнулі, сама б я, можа, не пайшла.

Было прыемна стасавацца з суседзямі, у нас у спальных раёнах не дужа прынята кантактаваць. І тут я пазнаёмілася з многімі людзьмі, што жывуць у маім доме, яны зычылі поспеху. Першае, што непрыемна здзівіла — гэта анлайн-трансляцыя з пасяджэння. Гэта значыць, што ніхто з нас не мог абараніць сваю кандыдатуру асабіста. Толькі па факце я ўбачыла, што за маю кандыдатуру ніхто не прагаласаваў. Затое пачула прозвішчы ўсіх маіх настаўнікаў.

Я падпісвалася за ўсіх кандыдатаў. Перажывала, калі не зарэгістравалі Бабарыку і Цапкалу. Пісала ў Фрунзенскі раён, каб мой подпіс прызналі, хадзіла стаяла ў чарзе ў ЦВК. Тыповыя беларускія забаўкі апошнім часам.

Потым мяне літаральна шакавала, што назіральнікам можа стаць кожны, я ніколі раней пра гэта не думала. Тое самае і пра членаў выбарчай камісіі, але гэтыя правы я не магу рэалізаваць.

Я пайшла ў назіральнікі з намерам паглядзець у вочы настаўнікам. Думала, што прыйду на ўчастак, гляну на іх, яны вочы апусцяць і скажуць: «Усё, хопіць». Натуральна, такога не адбылося.

Потым я звязалася з арганізацыяй «Права выбара», даведалася пра іх. У нас былі класныя трэнінгі, якія праводзіў Зміцер Салошкін, я вельмі рыхтавалася. Было страшна, што я стану назіральнікам, а потым затуплю, не так зразумею, не так зраблю, скаргу не падам. Але па факце я не магу выконваць сваю ролю назіральніка», — кажа Іва.

На выбарчым участку ў школе дзяўчына сутыкнулася з класнай. «Мая класная кіраўніца Эла Уладзіміраўна Апаровіч адпускае ў дачыненні да мяне ўсялякія рэплікі. Я спачатку не разумела, што такое, а потым стала ясна — яна ж намесніца старшыні ўчастковай выбарчай камісіі. Мы калі з ёй на вуліцы бачыліся выпадкова, то добра стасаваліся. Заўсёды цікавілася, як справы.

31 ліпеня я прыйшла падаваць дакументы, каб быць назіральнікам, то Апаровіч на мяне не глядзіць, чытае выключна паперы. «Вы нейкую фігню прынеслі», — гаворыць яна мне. Я падавала заяву на галосны і адкрыты падлік галасоў. Вядома ж, мне сказала, што ніхто так рабіць не будзе як напісана ў заяве. Калі Апаровіч — намесніца старшыні камісіі, то і адказнасць на ёй адпаведная. Плюс да ўсяго мяне назіраць адпраўляла Партыя БНФ, а на партыйных тут яшчэ горш пазіраюць».

У школе №59 чатыры ўчасткі для галасавання. На 30-м участку, дзе старшынёй камісіі з’яўляецца дырэктарка школы Наталля Чухманава, назіральнікі сядзяць адны і тыя ж. На 32-м участку мяняюцца. «Сядзяць толькі тыя, каго хоча камісія. Мы не ведаем, ад каго там назіральнікі», — гаворыць Іва.

4 жніўня ў якасці назіральнікаў дырэктарка школы выйшла і забрала сваіх. «Чаму сваіх? Бо гэта тыя настаўнікі, якія вялі ў мяне прадметы. Яны з дырэктаркай прайшлі, большасць з настаўнікаў я ведаю. Яны спасылаюцца на 115-ю пастанову, дзе абмяжоўваецца колькасць назіральнікаў у памяшканні для галасавання, але чаму нельга знаходзіцца ў самой школе? Кажуць, звяртайцеся да дырэктара школы. Тая нічога не дазваляе».

Колькасць назіральнікаў на ўчастках абмежавалі праз эпідэміялагічную сітуацыю ў краіне, але ўсе назіральнікі, якіх змаглі ўбачыць на 30-м і 32-м участках, былі без масак і пальчатак. Усе члены камісій таксама без масак і пальчатак. Швейцар, які адчыняе дзверы ў школу, ні разу не апрацаваў ручкі.

У першы дзень незалежныя назіральнікі змаглі налічыць 264 чалавекі, але тут ходзяць і работнікі школы, і людзі, што прыходзяць у басейн. 264 — гэта максімальная колькасць! А ў іх нібыта 318.

«Мы цэлы дзень стаім на вуліцы, у туалет прайсці нельга. Учора ўвесь дзень паліла сонейка, — кажа Іва Амбражэвіч. — Чухманава нас здымала на камеру. Магчыма, каб паказаць супрацоўнікам міліцыі, каго трэба «прымаць», каб ведалі ў твар усіх.

Іва і сама папрацавала троху выкладчыцай керамікі, але ў недзяржаўным цэнтры. «Настаўнікаў сваіх бачыла. Не пыталася, ці ім сорамна. Мы ж у дзелавых адносінах. Прынамсі з майго боку гэта так. Тут такі раён, што шматдзетныя сем’і і льготнікі. Настаўнікі бралі на сябе выхаваўчыя функцыі. Той жа мой класны кіраўнік, мне заўсёды было цікава на яе ўроках. І настаўніца па беларускай мове, яна таксама ў камісіі. Уявіць не магла, што такі цырк можа быць. Я ж з гэтымі настаўнікамі сядзела побач, стасавалася, а цяпер нават павітацца не магу. Вечарам, калі выходзяць, то не вітаюцца, вочы апускаюць», — расказала дзяўчына.

***

Чытайце таксама. «У мяне за плячыма 12 гадоў працы ў органах»: 20 незалежных назіральнікаў штодзённа дзяжураць пад школай у Каменнай Горцы

Каментары11

Цяпер чытаюць

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Усе навіны →
Усе навіны

Ратавальнікі патушылі пажар на «Інтэграле»

Галоўны пракурор Міжнароднага крымінальнага суда Карым Хан адхілены ад пасады праз абвінавачанні ў сэксуальных дамаганнях3

З букіністычных крам па ўсёй Германіі масава скупляюць кнігі. У чым прычына?11

У Польшчы праз адчыненае акно ў дом залез спалоханы лось ФОТА6

Пажары каля Мадрыда выйшлі з-пад кантролю

Другі вайсковец, які загінуў пры аварыі МАЗа пад Асіповічамі — 21‑гадовы тэнісіст з Віцебска8

На старыцы Дняпра пад Рагачовам злавілі двухметровага сома ФОТЫ6

Зяленскі: Выставы ўзбраення падчас вайны дакладна праводзіць нельга1

КДК атрымае права прыпыняць працу крам за завышэнне цэн і забараняць ліквідацыю бізнэсу2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Загнуўся бізнэс члена хакейнай каманды Лукашэнкі, які абяцаў пабудаваць лыжны манеж за Вярхоўным судом узамен на ласыя ўчасткі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць