Святлана Ціханоўская заклікала еўрапейскіх лідараў не прызнаваць выбары ў Беларусі
У сваім звароце да Еўрарады на англійскай мове яна заявіла, што пратэсты ў Беларусі працягваюцца другі тыдзень, а выбары не былі сумленнымі і празрыстымі.
Яна нагадала, што стварыла каардынацыйную раду, якая павінна спрыяць мірнай перадачы ўлады.
«Паважаныя кіраўнікі дзяржаў Еўропы, я заклікаю вас падтрымаць абуджэнне Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны паважаць прынцыпы міжнароднага права. Я заклікаю паважаць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і выбар беларускага народа», — сказала Святлана Ціханоўская.
Пераклад на беларускую
Шаноўныя лідары Еўропы.
Другі тыдзень запар мой народ мірна змагаецца за сваё канстытуцыйнае права выбіраць сваіх лідараў. Выбары 9-га жніўня не былі ні сумленнымі, ні празрыстымі. Іх вынікі былі сфальсіфікаванымі. Людзі, якія выйшлі абараняць свае галасы на вуліцы гарадоў па ўсёй Беларусі, былі жорстка збітыя, пазбаўленыя свабоды, закатаваныя рэжымам, што сутаргава чапляецца за ўладу. Сотні параненых, прынамсі два чалавекі пазбавіліся жыцця. Гэта адбываецца проста цяпер у цэнтры Еўропы.
Я заклікаю вас не прызнаць гэтых сфальсіфікаваных выбараў. Лукашэнка страціў усякую легітымнасьць у вачах нашага народа і ўсяго свету. З мэтай спрыяць мірнай перадачы ўлады, я ініцыявала стварэнне Нацыянальнай каардынацыйнай рады Беларусі. Яна ўзначаліць працэс мірнай перадачы ўлады з дапамогай дыялогу. Яна неадкладна аб'явіць новыя сумленныя і дэмакратычныя выбары прэзідэнта з удзелам міжнародных назіральнікаў. Паважаныя кіраўнікі дзяржаў Еўропы, я заклікаю вас падтрымаць абуджэнне Беларусі. Я заклікаю ўсе краіны паважаць прынцыпы міжнароднага права. Я заклікаю паважаць суверэнітэт Рэспублікі Беларусь і выбар беларускага народа.
Цяпер чытаюць
На Афоне адшукалі тры невядомыя раней асобнікі Астрожскай Бібліі. Для яе стварэння друкар Іван Фёдараў, выхадзец з Беларусі, выкарыстоўваў тэксты Скарыны
Каментары