Грамадства11

Шахцёр Юры Корзун, які прыкаваў сябе на глыбіні: Гэта была акцыя супраць гвалту і беззаконня, якія пануюць у краіне

Раніцай 10 верасьня машыніст камбайну 1-га рудаўпраўленьня «Беларуськалію» Юры Корзун прыкаваў сябе да абсталяваньня на глыбіні 305 мэтраў і адмаўляўся падымацца на паверхню.

Ён заявіў, што будзе заставацца ў шахце да пачатку выкананьня яго патрабаваньняў да ўладаў. У іх ліку — адстаўка Аляксандра Лукашэнкі; пакараньне сілавікоў за зьбіваньні, катаваньні і выкраданьні мірных грамадзянаў; спыненьне запалохваньня і звальненьня працоўных, вызваленьне затрыманых прадстаўнікоў страйкаму.

«Замовіў у інтэрнэт-краме міліцэйскія кайданкі і прыкаваў сябе да абсталяваньня»

Пасьля безвыніковых перамоваў у забой спусьціліся горнаратавальнікі, разрэзалі кайданкі і прымусова вынесьлі Юрыя Корзуна з шахты. На паверхні ўжо чакала машына хуткай дапамогі, рабочага адправілі ў прыёмны пакой Салігорскай цэнтральнай лякарні. Туды ж выправілася калёна зь некалькіх дзясяткаў салідарных шахтароў.

Чытайце:
Салігорскі шахцёр Юры Корзун пратэставаў у шахце на 300-метровай глыбіні — ён адмаўляўся выходзіць

Пасьля выхаду з мэдустановы Юры расказаў Радыё Свабода пра свой адзіночны страйк пад зямлёй.

«Сёньня я правёў акцыю пратэсту супраць гвалту і беззаконьня, якія пануюць у нашай краіне — найперш з боку ўладаўсупраць мірных людзей, — патлумачыў ён. — Я машыніст камбайна, пасьля заканчэньня зьмены проста не падняўся на паверхню. Каб неяк сябе ўтрымаць і не дазволіць вывесьці, загадзя замовіў у інтэрнэт-краме міліцэйскія кайданкі, мне іх прыслалі, аказаліся дастаткова моцныя. Там быў 3-мэтровы ланцуг, і я сябе такім чынам прычапіў да абсталяваньня».

Калі ён быў ужо ў такім выглядзе, па адным пачалі прыбываць інжынэрна-тэхнічныя работнікі рудніка, працягвае Юры Корзун. Спрабавалі ўшчуваць, адгаворвалі ад неабдуманых учынкаў.

«Я ім сказаў, што давёў патрабаваньні да ведама гендырэктара і, пакуль не пачнецца іх выкананьне, застануся пад зямлёй. Тады перамоўнікаў стала яшчэ больш, чалавек 12. Урэшце прывялі людзей з бэнзарэзам. Сказалі, што ня маю права знаходзіцца ў шахце, бо небясьпечна быць аднаму ў далёкім забоі. Дастаткова груба, усім натоўпам адсунулі далей ад абсталяваньня і перарэзалі ланцуг. Фізычны супраціў быў бессэнсоўны», — удакладніў Юры Корзун.

«Начальства запатрабавала заключэньне псыхіятра, але я абсалютна здаровы»

Сваю акцыю ён пачаў у 5:20 раніцы, а на паверхню яго прымусова паднялі каля 9-й гадзіны. Загад нэўтралізаваць пратэстоўца паступіў хутка і быў выкананы неадкладна, кажа Свабодзе гарняк.

«Мне стала кепска — пачало балець сэрца, узьняўся ціск. Відаць, моцна расхваляваўся, пакуль усё адбывалася. Таму мяне ўжо сустракала «хуткая», тут жа была і міліцыя, пачынаючы ад самага высокага начальства.

Кайданкі зь мяне зьняць ня здолелі, таму 3-мэтровы ланцуг цягнуўся сьледам. Усюды яго насіў, нават у «хуткай» на каталцы ляжаў зь ім. Каб зьняць, павезьлі адразу не ў шпіталь, а да ратавальнікаў. Гідраўлічнымі нажніцамі перакусілі кайданкі, а пасьля баўгаркай адрэзалі сам «бранзалет».

У лякарні пацыента абсьледавалі, зрабілі кардыяграму. Сказалі, што ўсё ў парадку, хіба крыху падвышаная тэмпэратура. Туды ж прыйшлі супрацоўнікі рудніка, падтрымалі, за што Юры Корзун усім вельмі ўдзячны.

«Натуральна, увесь час побач было кіраўніцтва — і ў шпіталі, і калі мяне вярнулі назад. Прасачылі, каб я схадзіў у душавую і здаў спэцадзеньне, затым вывелі на прахадную. Цяпер мой пропуск заблякаваны. Хоць ніхто мяне не звальняў, няма ніякіх загадаў, але трапіць на тэрыторыю свайго прадпрыемства я ўжо не магу. Што гэта такое, я ня ведаю. Але яшчэ ў лякарні патрабавалі заключэньня псыхіятра. Балазе там сказалі, што я абсалютна здаровы», — адзначае Юры Корзун.

На пытаньне пра далейшыя пляны адказаў, што ад 11 верасьня далучаецца да страйку рабочых «Беларуськалію» і працягне адстойваць свае ранейшыя патрабаваньні. А ці не асьцерагаецца перасьледу, пад які ўжо трапілі найбольш актыўныя завадатары страйкаму?

«Думаю, перасьлед непазьбежны, але чаго баяцца? Неўзабаве ўжо кожны беларус адседзіць свае суткі. Да таго ж я нічога не парушаў, каб мяне прыцягваць да крымінальнай адказнасьці. Згодны, што мела месца парушэньне працоўнай дысцыпліны. Але максымальнае пры гэтым пакараньне — пазбаўленьне прэміі. Звольніць ня маюць права. За страйк — так, цалкам магчыма. У такім выпадку будзем змагацца, падаваць у суд», — ня траціць вытрымкі суразмоўца.

«Пра акцыю нікога не папярэджваў, бо паўсюль памочнікі сілавых структураў»

Юры Корзун нікога не папярэджваў пра акцыю, бо, паводле яго, паўсюль ёсьць людзі, якія супрацоўнічаюць зь сілавымі структурамі. У іншым выпадку яго ўжо зь вечара проста не пусьцілі б на працу. Ня ведала нават жонка, дадае ён. Узяў кайданкі, якія набыў у інтэрнэт-краме, і паехаў. Адзінае, што з затрымкай часу публікацыі падрыхтаваў пост «УКантакце». Такім чынам, пра ягоныя пляны даведаліся, калі ён ужо быў у забоі.

«Маёй мэтай было, каб рабочыя, інжынэрна-тэхнічныя работнікі зразумелі: у краіне трэба аднаўляць права, законнасьць. Цяпер у нас прававы дэфолт, законы не працуюць. Гэта самае страшнае. Прачынаемся, ідзём на працу, і ніхто ня ведае, што здарыцца, калі будзеш позна ўвечары вяртацца дадому. Хто заўгодна можа затрымаць, схапіць, арыштаваць невядома за што. Зноў жа, нашы дзеці. Маёй дачцэ хутка 15 гадоў, я чытаю, што па ўсёй краіне б’юць падлеткаў, дзесьці яны нават зьнікаюць. Хацелася б, каб калегі таксама адрэагавалі, а ўлада пачула і вярнула прававое поле. І тады шляхам дыялёгу будзе прынятае рашэньне на выхад з крызісу».

Раней адміністрацыя «Беларуськалію» пракамэнтавала сытуацыю зь Юрыем Корзунам. Згодна з тлумачэньнем, пасьля заканчэньня працоўнай зьмены ў 6:15 гарняк адмовіўся пакінуць працоўнае месца. А паколькі названыя дзеяньні парушалі патрабаваньні аховы працы, горнаратавальнікі вывелі работніка з шахты. Надзвычайнае здарэньне не паўплывала на вытворчы працэс, адзначыла кіраўніцтва прадпрыемства.

Каментары1

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Усе навіны →
Усе навіны

Прыгожая традыцыя ў Берліне працягваецца. Дзясяткі тысяч заўзятараў «Уніёна» спявалі на стадыёне калядныя песні3

У Еўропе падымуць цэны на новыя аўто, каб стымуляваць пераходзіць на электрамабілі. Ці закране гэта Беларусь?29

Навагоднія падарункі ад Слуцкага сыраробнага камбіната ўразілі сваёй шчодрасцю10

На вуліцах Львова жыццё спаборнічае са смерцю ФОТАФАКТ9

60-гадовы мужчына, які ў 2020-м назіраў за выбарамі з табурэткі праз бінокль, пасля адваяваў два гады ва Украіне49

Пашкоджанні кабеляў працягваюцца. На гэты раз адзін з іх абарваны паміж Эстоніяй і Фінляндыяй4

Масквічы папрасілі Пуціна перанесці будаўніцтва гасцявога комплексу для пасольства Беларусі6

Навошта Лукашэнку «прэзідэнцкі баль» — такая дэманстратыўная і крыху архаічная, сэксісцкая па форме традыцыя?24

Байдэн збіраецца на развітанне ўвесці пакет санкцый супраць «ценявога флоту» Расіі

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна13

«А што ў вас за праблемы? Далёка да Мінска ці няма каму падвезці?» Публічная пікіроўка Лукашэнкі і Пашыняна

Галоўнае
Усе навіны →