Грамадства

«Мой тата даў вам 14 сутак за Чарнобыльскі шлях. Ён ужо памёр. Прабачце яму»

Як дачка суддзі выбачылася перад палітвязнем. Гэты выпадак у сваім фэйсбуку апісаў Зміцер Дашкевіч.

Да кабака ля Курапатаў пад'ехала машына — разьвярнулася і стала. Зь яе выйшлі двое — мужчына і жанчына, веку ля 45 абое. Я падумаў, «У кабак пруцца». Але ён гукнуў: «Дзе тут Зьмітро?!» А яна адказала: «Дык вось жа ён!»

— Мяне клічуць Натальля К., памятаеце такое прозьвішча?

— Не, — трохі разгубіўся я, бо заўсёды няёмка забыцца на чыёсьці імя ці прозьвішча.

— Мой тата даў вам суткі ў Першамайскім судзе.

— О! — абрадваўся я, бо памятаць прозьвішчы ўсіх сваіх судзьдзяў ніяк ня мог, — дзе ж іх упомніш усе тыя суткі, столькі іх было.

— 14 дзён выпісаў ён вам.

— О, дык я памятаю! — перапоўніла мяне зьдзіўленьне. — І да таго і пасьля таго ўвесь час давалі 15, а тады раз — і 14! І я запомніў іх аж дасюль! Гэты быў 2006 год, за Чарнобыльскі шлях.

— Так, 2006-ы.

— І як тата ваш, шчэ працуе?

— Не, памёр. Прабачце яму!.. Тады ж не было чалавека, які займаўся адміністрацыйнымі справамі. А тата проста рабіў сваю працу…

— Так, на жаль, рабіў, — уздыхнуў я, — будзем спадзявацца, што ён потым за гэта выбачыўся… Бог зь ім, я ні на кога не трымаю крыўдаў, галоўнае, што цяпер мы разам.

— Так, цяпер мы разам! — падхапіўся мужчына, спадар Алег. — Ці мог я падумаць паўгады таму, што я буду цяпер!.. Мы ж во — праз дарогу працуем. Я глядзеў, як стаіцё вы тут пад бел-чырвона-белым сьцягам і лічыў вас гэтымі, як яго… Не, не змагарамі нават… во — барцунамі! А 9 жніўня як шора з вачэй звалілася! Дык гэта ж наш нацыянальны сьцяг! Гэта ж наш сьцяг!

— Наш! — пацьвердзіў я.

— І вось стаіш ты тут, а я быў супраць, што стаіш!

— Я стаю, каб мы зьвярнулі ўвагу на прычыну, каб зразумелі, што Лукашэнка — гэта заканамерны, лагічны вынік нераскаянага, неасуджанага камунізму.

— Так, цяпер мы ведаем! Я хоць за Савецкі саюз галасаваў, але за гэтую поскудзь ніколі не галасаваў! Але супраць вас быў. А цяпер, цяпер шоры як зваліліся з вачэй — гэта ж нацыянальны, гэта ж наш родны сьцяг!

— Прабачце нам! — паглядзела на мяне са сьлязьмі на вачох Натальля!

— Дык няма вам за што выбачацца перада мною! — аж зусім няёмка стала мне, і я яе абняў.

— За тое, што 20 год вы былі адзін! — не згадзілася яна, і я ледзь сам стрымаў, каб не падкацілі сьлёзы.

— Ды ня быў я адзін…

— Мала было вас!

— Мала.

— Але цяпер нас многа!

— Цяпер многа!

— І цяпер мы пераможам!

— Цяпер пераможам!

Мы памаўчалі. І Натальля сказала на разьвітаньне: «Я даўно хацела папрасіць у вас прабачэньня за тату!» Зноў даўкі камяк падступіў мне пад горла. «Дзякуй, цяпер мы разам», — усё, што змог адказаць я, і мы абмяняліся на разьвітаньне нацыянальным, родным нашым поклічам: — Жыве Беларусь! — Жыве вечна!

І я застаўся з цяжкімі думкамі пра тое, зь якой жахлівай эпохі, зь якой антычалавечай сыстэмы мы выходзім — дзеці са сьлязьмі на вачох просяць прабачэньня за ўчынкі бацькоў. Гэта цяжка і для таго, хто просіць, і нават для таго, у каго просяць, бо абодва перажываюць адно. Але яшчэ цяжэй, калі праліта нявінная кроў, калі ўжо няма ў каго перапрасіць, бо хто тады прабачыць?

Але ёсьць Той, Хто прабачае і нават прагне прабачыць — нябёсны Тата, Які дзеля нявіннай крыві Сына Свайго прабачае і правіны чалавека, і правіны народа. Былі б мы толькі гатовыя прасіць. І мне здаецца, што мы, як нацыя, ужо падыходзім да таго моманту, калі скажам: «Мы даўно хацелі папрасіць у Цябе прабачэньня!» І прабачэньне Таты зробіць нас адроджанымі людзьмі ў адроджанай краіне.

Каментары

Цяпер чытаюць

Бяспалаў намаляваў людзей са сцягамі ў цэнтры Мінска і адправіў фота ў міліцыю. З’ехаліся тры машыны з мігалкамі52

Бяспалаў намаляваў людзей са сцягамі ў цэнтры Мінска і адправіў фота ў міліцыю. З’ехаліся тры машыны з мігалкамі

Усе навіны →
Усе навіны

У Грэнландыю і на Фарэры цяпер будзе трапіць прасцей

У Магілёве пабудуюць другі лядовы палац. Пры ім будзе і першы ў горадзе аквапарк4

Пасля падаражання праезду маршрутка ў аэрапорт Мінск каштуе ў два разы танней, чым аўтобус. Як такое атрымалася?1

Цэны на паліва павышаюцца на 4 капейкі, а праз тыдзень яшчэ на тры3

Наўседа: Дыялог з Мінскам магчымы, толькі калі Беларусь праявіць суседскую добрую волю7

УСУ атакавалі дронамі авіяцыйны завод у Смаленску падчас візіту Мядзведзева9

Па бярозавы сок у Мінску выстройваюцца велізарныя чэргі. Пакупнікі прыходзяць з дзясяткамі 5‑літровых бутляў2

Ёсць толькі восем беларускіх гарадоў, якія не выміраюць. Вось поўны спіс4

Заплацілі па 70 даляраў. Хто здымаў удзельнікаў Дня Волі ў Вільні для беларускіх спецслужбаў47

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Бяспалаў намаляваў людзей са сцягамі ў цэнтры Мінска і адправіў фота ў міліцыю. З’ехаліся тры машыны з мігалкамі52

Бяспалаў намаляваў людзей са сцягамі ў цэнтры Мінска і адправіў фота ў міліцыю. З’ехаліся тры машыны з мігалкамі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць