Грамадства

«Абодва працэсы вёў суддзя Шаціла». Мінчукоў забралі з кватэр за сцягі на вокнах — далі 13 сутак, а сцягі пастанавілі знішчыць

Суд Савецкага раёна Мінска сёння разглядаў дзве справы за вывешванне бел-чырвона-белых сцягоў на балконах. Людзей затрымалі ў іх кватэрах і адправілі на суткі.

Ілюстрацыйнае фота Надзеі Бужан

Андрэй Мароз вывесіў сцяг на лоджыі 3 снежня. А на наступны дзень да яго прыйшла міліцыя. Увечары пятніцы пазванілі ў дамафон, спыталі, ці не ў яго ў вокнах сцяг. Мужчына адмаўляць не стаў. Міліцыянты ў форме падняліся да яго ў кватэру, забралі сцяг і сказалі: «Збірайцеся, паедзем з намі». Маўляў, у вас тут адзіночны пікет. На просьбу спаслацца на закон нічога ўцямнага не адказалі.

«Ну вы ж ведаеце, што цяпер за гэта караюць» — гэта быў іх адзіны аргумент. Казалі: «Вы што, інтэрнэт не глядзіце, навіны не чытаеце?» — прыводзяць той дыялог родныя мужчыны.

Андрэя забралі на Акрэсціна. 7 снежня быў суд. Сведка-міліцыянт запэўніваў, што да мужчыны няраз прыходзілі і ветліва прасілі зняць сцяг — сам Андрэй гэта адмаўляў, — а ўвагу звярнулі, бо нібыта патэлефанаваў хтосьці з жыхароў і паскардзіўся.

Адвакат, які прысутнічаў на судзе, даказваў, што ў Беларусі не забаронена вывешваць на лоджыю рэчы розных колераў, а несанкцыянаванага мерапрыемства там быць не можа — гэта прыватная кватэра, які дазвол гарвыканкама? Аднак па артыкуле 23.34 Андрэю далі 13 сутак.

«Правільна кажуць: 1937 год прыйшоў, у кожнага павінен быць сабраны чамаданчык», — уздыхаюць яго родныя.

У пятніцу ўвечары прыйшлі і да Вікторыі Ляшчынскай. Дзяўчына паспела напісаць сяброўкам і пазваніць маці, сказаць, што яе затрымліваюць.

«Мы паехалі да Савецкага РУУСа. Была інфармацыя, што Віку ўначы адпусцяць. Мы чакалі, мабыць, да дзвюх гадзін ночы, але марна. На наступны дзень даведаліся, што яе ўначы адвезлі на Акрэсціна. У нядзелю выйшла жанчына, якая была з ёй у камеры, сказала, што там цёпла і ёсць сродкі гігіены», — падзяліўся сябра Вікторыі.

Дзяўчыну судзілі па артыкуле 23.34. Тыя ж 13 сутак. У пратаколе запісалі, што сцяг быў размешчаны з мэтай публічнага выказвання незадаволенасці, сваіх грамадска-палітычных поглядаў. На судзе Вікторыя распавядала, што ў яе не пыталіся, навошта яна вывесіла сцяг, а лістоў з папярэджаннем зняць яго з балкона дзяўчына раней не атрымлівала.

Абодва працэсы вёў суддзя Савецкага раёна Сяргей Шаціла. Бел-чырвона-белыя сцягі, якія канфіскавалі ў гараджан, ён пастанавіў знішчыць.

Гэты ж суддзя раніцай разглядаў справу грамадзянкі Швейцарыі Наталлі Хершэ. За тое, што жанчына сарвала балаклаву з амапаўца, ён даў ёй 2,5 года калоніі.

Каментары

Цяпер чытаюць

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі11

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі

Усе навіны →
Усе навіны

Рыбакі злавілі на Прыпяці сома, але не думалі, што яго могуць скрасці1

Швейцарыя памяняе свайго пасла ў Беларусі1

Зборная Іспаніі пасля чэмпіянату свету ўзначальвае рэйтынг ФІФА

«Ураджай шукае дом». У гомельскай кавярні задарма раздаюць кабачкі ўсім ахвотным1

Памёр легендарны англійскі футбаліст Кевін Кіган

Мяняецца праца банка даных беларусаў, якім забаронены выезд за мяжу5

«Вялікая страта для ўсёй Беларусі». Ціханоўская адгукнулася на смерць Святланы Курс2

Пажар у гродзенскай бальніцы справакаваў адзін з пацыентаў6

У Нарвегіі адкрылі новы мемарыял ахвярам тэрактаў Брэйвіка. На ім — кулік з камянёў3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі11

Лукашэнка параіў узбекам шукаць вялікія грошы ў Расіі

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць