Нерухомасць

«Уклаў каля мільёна даляраў». Як ідзе рэканструкцыя сядзібы ў Падароску

Сядзіба ў Падароску (Ваўкавыскі раён) калісьці належала роду Чачотаў і Бохвіцаў. У наш час тут гаспадарыць мецэнат Павел Бераговіч. Калі ў 2013 годзе ён выкупіў маёнтак за 118 тысяч даляраў, то планаваў адкрыць тут музей беларускай шляхты. А кузню і стайню перарабіць пад краму сувеніраў і кавярню, каб зрабіць мястэчка больш прывабным для турыстаў. «Наша Ніва» пацікавілася, як ідзе рэканструкцыя.

Фота Надзеі Бужан, 2019 год

Краму сувеніраў і кавярню планавалі адкрыць яшчэ ў канцы 2019 года. Гэта, як кажа гаспадар, першая чарга будаўніцтва. Але не ўлічылі ўсе нюансы заканадаўства аб культуры.

«Нам для запуску трэба было падвесці камунікацыі да кавярні і крамы, бо на тэрыторыі не было ні электрычнасці, ні каналізацыі, ні вады, ні сувязі, — дзеліцца Бераговіч. — А праектам ахоўных зон прадугледжана, што любыя земляныя працы могуць праводзіцца толькі пад наглядам Інстытута гісторыі. Давялося з археолагамі заключаць дамову, а гэта справа не хуткая. Дый самі працы былі складаныя: маёнтак жа на беразе сажалкі, і вада вельмі блізка падыходзіць да паверхні. Крыху капнеш грунт — далей ён ужо сыры. Ёмістасці пад каналізацыю ў такую зямлю немагчыма ставіць — вада проста выпірае. То давялося рабіць мерапрыемствы па меліярацыі, ставіць вялікую колькасць насосаў у зямлю — яны два месяцы пампавалі гэту ваду. 

А ў 2020 годзе пачаліся праблемы іншага парадку — калі проста шэраг патрэбных устаноў не працавалі ў сувязі з эпідэміяй, падрадчыкі не маглі вывесці работнікаў на працу. Ну і агульная абстаноўка казала, што ўводзіць кавярню летам 2020-га не мае ніякага сэнсу, бо будзем проста несці выдаткі на персанал, а атрымаць патрэбную колькасць турыстаў, каб працаваць хаця б у нуль, не выпадае пакуль».

Цяпер ужо камунікацыі пабудаваныя, засталося толькі правесці выпрабаванні. Каб падлучыць электрычнасць, давялося ставіць сваю міні-ЛЭП.

У будынках будучай крамы і кавярні таксама ішоў рамонт. Унутр кузні і стайні паставілі заводскія павільёны — каркас з металаканструкцыі, сцены з сэндвіч-панэляў. Атрымаўся такі футляр — звонку цагляныя сцены аўтэнтычных будынкаў, а ўнутры сучасныя канструкцыі.

Павел тлумачыць, што гэта рашэнне больш хуткае і функцыянальнае. Інакш давялося б фактычна перабудоўваць аб’екты.

«Стайня, напрыклад, была практычна цалкам разбураная, засталіся толькі рэшткі сценаў. А кузня, як высветлілася, не стаіць на фундаменце — там проста кутавыя камяні паклалі, валуны, і на іх ужо будавалі сценкі. У выніку кузня фактычна напалам раскалолася — шчыліна ад даху да зямлі», — апісвае ўладальнік.

Здаць у эксплуатацыю краму і кавярню ён спадзяецца цягам гэтага года.

«Я ўжо баюся называць тэрміны, бо я шмат чаго не ведаў, калі браўся за гэтую справу, усё не так проста, — усміхаецца ён. — Нават параўноўваць са звычайным будаўніцтвам нельга, бо тут свой таймінг. І адміністрацыйныя працэдуры ўплываюць на працэс, ты нават не можаш спрагназаваць як — вылятаюць не тыдні, а цэлыя месяцы.

Калі адчыніцца кавярня, вядома, трэба будзе набіраць персанал: кухар, афіцыянты, адміністратар. На месцы гэта зрабіць складана, бо сам Падароск — невялікая вёска. Усе прыстойныя людзі працуюць або ў саўгасе, або ў школе, або ў медыцыне, і адшукаць кваліфікаваных складана. Мы планавалі ўзяць маладых спецыялістаў на пазіцыі афіцыянтаў і экскурсавода з Ваўкавыскага педагагічнага каледжа. Але пакуль пытанне нетэрміновае».

У самім маёнтку для наведвання адкрыты 14 пакояў. Яшчэ шэсць, што на першым паверсе, у аварыйным стане. Пакуль тут часовая экспазіцыя: выявы гербаў, калыска, тканіна з намаляванымі інтэр’ерамі, якая закрывае сцены.

«Маёнтак — у адрозненне ад кузні і стайні — не мае камунікацый, трымаць там сапраўдныя экспанаты немагчыма: сапсуюцца. Бо патрэбныя тэмпературны рэжым і вільготнасць не забяспечаны. Таму мы проста рабілі экспазіцыю з танных матэрыялаў: паперы, дрэва, гіпсакардону. Гэта досыць умоўныя рэчы, сімвалы, з дапамогай якіх экскурсавод можа зацягнуць людзей у свет шляхты», — тлумачыць Бераговіч.

Вясной вернуць парадны выгляд браме — умацуюць цагляную кладку, каб яна не асыпалася, зробяць прапітку супраць вільгаці і прыбяруць рыштаванні.

З вандалізмам гаспадар практычна не сутыкаецца — тэрыторыя цяпер пад наглядам, бо працы ідуць амаль кожны дзень.

«Ну, мех цэменту ў нас адзін раз скралі, — смяецца. — Мы выклікалі ўчастковага, і ён абыходзіў свой кантынгент, папярэджваў, што не варта так рабіць».

Па падліках Бераговіча, у рэстаўрацыю (дакументацыю, будаўніцтва) ужо ўкладзена каля мільёна даляраў.

«Самае дарагое пакуль што — гэта сістэма каналізацыі і фільтрацыі. Мы ж не можам паставіць проста вясковаую прыбіральню. Сістэма выраблялася ў Санкт-Пецярбургу, праектавалася адмыслова пад месца, вымяраліся ўсе ўхілы. Ну і земляныя працы, якія былі звязаны з яе ўсталёўкай, таксама дорага каштавалі».

Пра тое, што калісьці ўвязаўся ў гэту авантуру з маёнткам, мецэнат не шкадуе.

«Шкадую толькі, што мы шмат часу згубілі праз недасведчанасць. Спадзяюся, адраджэнне сядзібы будзе не толькі нашай марай, а будзе прыносіць карысць і радасць іншым людзям. Хочам дарабіць усё да канца».

Чытайце таксама
Легенды Падароска: што адбываецца ў маёнтку, які выкупіў бізнэсовец пад Музей беларускай шляхты

Каментары

 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай35

Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай

Усе навіны →
Усе навіны

На парадзе ў Мінску паказалі зенітны комплекс на шасі МАЗ, які выкарыстоўвае Расія ва Украіне3

У Егіпце перакуліўся аўтобус з турыстамі з Беларусі, Расіі і Казахстана

У Мінску прайшоў вайсковы парад у гонар 80-годдзя перамогі над Германіяй10

У Пакістане думаюць, што для іх у Беларусі будуць 198 тысяч вакансій1

«Упэўнены, ён і з канём каля аркі пагаварыў». Расійскі журналіст апісаў прыезд Лукашэнкі на парад9

Гіркін назваў магчымыя кірункі наступных украінскіх удараў6

У Мінску ўжо з'явілася новая сіняя разметка1

На парад у Гродне вывелі казу. З ёй аказалася складаней, чым з людзьмі ВІДЭА10

Што вядома пра беларуса Андрэя Сакалоўскага-Станкевіча, якога арыштавалі ў Расіі і абвінавачваюць у падрыхтоўцы дыверсіі2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай35

Анжаліка Мельнікава тыдзень правяла на Шры-Ланцы і вылецела з дзецьмі ў Дубай

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць