Свет

Амерыканскі дыпламат: Усе палітзняволеныя ў Беларусі павінны быць вызваленыя

Намесьнік памочніка дзяржсакратара ЗША ў справах Эўропы і Эўразіі Джордж Кент у эксклюзіўным інтэрвію Радыё Свабода выказаў падтрымку Ігару Лосіку і палітзьняволеным Беларусі, адказаў, калі прыедзе ў Менск амбасадар Джулія Фішэр, параўнаў палітыку ў адносінах да Беларусі прэзыдэнтаў Трампа і Байдэна, выказаўся пра ролю Расеі і патлумачыў хаду Акта аб дэмакратыі ў Беларусі.

Гутарку вёў дырэктар Беларускай службы Радыё Свабода Аляксандар Лукашук.

Калі ў Менск прыедзе амбасадарка ЗША

— Амбасадарка ЗША ў Беларусі Джулі Фішэр наведала Эўропу і сустрэлася са Сьвятланай Ціханоўскай. Якія пэрспэктывы яе прыезду ў Менск і ўручэньня даверчых лістоў Аляксандру Лукашэнку? Ці ёсьць нейкія іншыя варыянты?

— Так, амбасадарка Джулі Фішэр мела вельмі ўдалы візыт і ў пачатку гэтага году правяла кансультацыі зь сябрамі і партнэрамі. Яна наведала Вільню, Варшаву і Швэцыю. І мы прапрацоўваем шматступенны працэс з мэтай дамагчыся, каб прызначаная амбасадаркай Фішэр прыехала ў Менск як мага хутчэй і прыступіла да выкананьня сваіх абавязкаў у Беларусі. Так што гэта цяпер абмяркоўваецца з урадам Беларусі.

— Ці зьвязана гэта з тым, што беларускі бок не прызначыў новага амбасадара ў Вашынгтон пасьля сьмерці папярэдняга кандыдата?

— Было вельмі шкада, калі былы намесьнік міністра замежных спраў Краўчанка раптоўна памёр у канцы мінулага году. Шмат хто з нас цесна супрацоўнічаў зь ім. Раней ён доўгі час займаў пасаду паверанага ў справах у Вашынгтоне, і мы зь нецярпеньнем чакалі ягонага вяртаньня ў якасьці амбасадара. Так што гэта была трагедыя як для яго і яго сям’і, так і для Беларусі і нашых адносін. І мы чакаем прызначэньня новага кандыдата, але мы таксама лічым, што можна рухацца наперад з пытаньнем прыбыцьця ў Менск амбасадаркі незалежна ад таго.

— Ці адбываецца цяпер які-небудзь дыялёг паміж Вашынгтонам і Менскам?

— Так, у нас ёсьць дыпляматычныя адносіны зь Беларусьсю. У нас ёсьць павераны ў справах у Менску, ёсьць таксама павераны ў справах у пасольстве Беларусі тут, у Вашынгтоне, і таму можна ўзаемадзейнічаць, і мы гэта маем, у абедзьвюх сталіцах.

Неадменная ўмова зьняцьця санкцыяў — вызваленьне палітвязьняў

— У мінулым Эўрапейскі Зьвяз і ЗША разам заяўлялі пра сваю падтрымку як сувэрэнітэту і незалежнасьці Беларусі, так і дэмакратычных каштоўнасьцяў. Летась ЗША нават пастаўлялі нафту ў Беларусь. Цяпер Беларусь зноў купляе яе ў Расеі — і зноў настаў час санкцый. Як вы бачыце рашэньне гэтай дылемы? А можа, гэта немагчыма вырашыць у прынцыпе?

— Пазыцыя Злучаных Штатаў застаецца пасьлядоўнай: мы падтрымліваем сувэрэнную, незалежную Беларусь, якая паважае дэмакратычную волю грамадзян, правы чалавека і міжнародныя абавязаньні краіны. Гэта ў нашых інтарэсах, гэта таксама ў прынцыпе і ў інтарэсах беларусаў. Але, відавочна, мы былі б рады мець лепшыя дачыненьні, чым цяпер.

Мы будзем працягваць працаваць у партнэрстве з нашымі саюзьнікамі і партнэрамі для прасоўваньня агульных інтарэсаў. І ў рамках гэтага, што да палітычнага разьвіцьця, мы будзем надалей падтрымліваць намаганьні, якія паспрыяюць сапраўднаму нацыянальнаму дыялёгу паміж дзяржаўнай уладай Беларусі і грамадзянскай супольнасьцю. І мы працягваем верыць, што АБСЭ, у якой сёлета старшынюе Швэцыя, мае добрыя магчымасьці прапанаваць гэта нам, бо Беларусь ёсьць чальцом АБСЭ.

Якія кампаніі і якіх партнэраў Беларусь выбірае для партнэрства ў нейкіх канкрэтных угодах — эканамічных і гандлёвых — цалкам залежыць ад уладаў Беларусі і беларускіх кампаніяў. У нас ёсьць гандаль зь Беларусьсю — як вы ўжо згадвалі, летась упершыню былі пастаўкі амэрыканскай сырой нафты, — але я думаю, што мы можам шукаць магчымасьці для супрацоўніцтва і ў далейшым. Але зноў жа беларускія кампаніі, у тым ліку іх нафтаперапрацоўчыя заводы, маюць права заключаць кантракты з пастаўнікамі — ёсьць расейскія, амэрыканскія, саудаўскія, азэрбайджанскія або нарвэскія.

— Гаворачы пра санкцыі. У красавіку зноў надыходзіць час, калі ЗША маюць перагледзець прыпыненыя санкцыі ў дачыненьні да Беларусі. Ці вядуцца якія-небудзь дыскусіі зь Менскам пра тое, што Менск павінен рабіць, каб пазьбегчы ўвядзеньня санкцый, — ці гэта аднабаковы працэс, які вырашаецца толькі ў Вашынгтоне?

— Я думаю, што большасьць пытаньняў, зьвязаных з дачыненьнямі, падлягаюць размовам і дыялёгу. Вы маеце на ўвазе генэральныя ліцэнзіі, якія былі ўпершыню выдадзеныя ў 2015 годзе і рэгулярна перавыдаваліся пасьля гэтай даты. Яны тычыліся не двухбаковага гандлю зь Беларусьсю ў цэлым, а канкрэтна гандлю зь недзяржаўнымі прадпрыемствамі, якія былі пералічаныя ў распараджэньні 2006 году. І дзейная генэральная ліцэнзія мае абмежаваны ў часе дазвол, тэрмін якога сапраўды канчаецца ў канцы красавіка.

Выпуск ліцэнзіяў, пачынаючы з 2015 году, быў зьвязаны з агульным паляпшэньнем сытуацыі з правамі чалавека, пачынаючы ад першапачатковага ўвядзеньня санкцыяў у 2006 годзе ў сувязі з выбарамі, падчас якіх мелі месца фальсыфікацыі, а затым і рэпрэсіі. І адным зь неадменных элемэнтаў умоваў выдачы ліцэнзіі была адсутнасьць палітвязьняў — і ў Беларусі не было палітвязьняў з 2015 да сярэдзіны 2020 году.

На жаль, зь сярэдзіны 2020 году, паводле ацэнак экспэртаў, цяпер у Беларусі налічваецца больш за 280 палітычных зьняволеных. І таму ясна, улічваючы прававую аснову санкцый і выдачу агульных адмоваў, што гэта важна — як з гледзішча правоў чалавека, так і з боку патэнцыйнага падаўжэньня генэральнай ліцэнзіі — убачыць выразныя крокі, прадпрынятыя беларускімі ўладамі. Пазыцыя ЗША адназначная: палітвязьняў быць не павінна, і Беларусь павінна вызваліць усіх палітвязьняў.

Свабоду Ігару Лосіку

— Паводле ўладаў Беларусі, у Беларусі няма палітвязьняў. Цікава, што мы цяпер адраджаем нашу старую праграму «Свабода ў турмах», якую мы спынілі ў 2016 годзе, калі палітвязьняў у Беларусі больш не засталося. Цяпер сярод палітычных зьняволеных знаходзіцца наш калега Ігар Лосік, які абвясьціў другі раз галадоўку. Амэрыканскія кангрэсмэны, Агенцтва глябальных мэдыя ЗША выказвалі падтрымку і патрабавалі яго вызваленьня. Але сытуацыя працягвае пагаршацца…

— Я падзяляю трывогу за стан здароўя і самаадчуваньне Ігара Лосіка. Урад ЗША заклапочаны гэтай сытуацыяй. Нядаўна я меў гутарку на гэтую тэму з прэзыдэнтам РСЭ/РС Джэймі Флаем. Ігару Лосіку нядаўна выставілі новыя абвінавачаньні. Журналістыка — не злачынства, і Ігар затрыманы несправядліва, і за кратамі занадта доўга. Апошнія новыя абвінавачаньні вылучаныя пасьля прысуду дзьвюм беларускім журналісткам, Кацярыне Андрэевай і Дар’і Чульцовай, за іх працу па асьвятленьні мірнага сходу.

Наш кангрэс выказаў свае меркаваньні. У сьнежні летась ён прыняў чацьвёртую вэрсію Акту аб дэмакратыі ў Беларусі, які таксама сярод іншага прадугледжваў санкцыі пры адсутнасьці прагрэсу ў правядзеньні свабодных і сумленных выбараў, вызваленьні палітвязьняў, спыненьні цкаваньня журналістаў і актывістаў і прыцягненьні да адказнасьці чыноўнікаў, адказных за парушэньні правоў і фальсыфікацыі выбараў. Такім чынам, зноў мы можам зрабіць гэта як адміністрацыя. Кангрэс выказаў свае меркаваньні. Мы можам рабіць гэта публічна і ў прыватным парадку. І мы можам зрабіць гэта, працуючы разам з партнэрамі і саюзьнікамі.

Трамп, Байдэн і Акт аб дэмакратыі ў Беларусі

— Ці можаце вы сказаць прыблізна, калі можа быць уведзены ў дзеяньне Акт аб дэмакратыі ў Беларусі? Калі беларуская грамадзянская супольнасьць, недзяржаўныя арганізацыі і СМІ могуць адчуць яго ўзьдзеяньне?

— Кангрэс прымае законы, а адміністрацыя — выканаўчы орган уладаў ЗША паводле другога артыкула Канстытуцыі — праводзіць палітыку. І паміж імі часта бывае ўзаемадзеяньне. Так, калі быў прыняты першы Акт аб дэмакратыі ў Беларусі, адміністрацыя (у той час на чале з прэзыдэнтам Бушам) выдала так званы Выканаўчы загад 13405, і гэта была першая падстава для ўвядзеньня санкцый супраць асобаў, а таксама дзяржаўных кампаніяў, што мы абмяркоўвалі раней. Такім чынам, гэта ўзаемадзеяньне паміж заканадаўчым органам уладаў ЗША паводле першага артыкула Канстытуцыі — Кангрэсам, і выканаўчым органам паводле другога артыкула Канстытуцыі — адміністрацыяй.

— Спадар Кент, як вы можаце апісаць розьніцу паміж палітыкай ЗША ў дачыненьні да Беларусі пры адміністрацыі Трампа і адміністрацыі Байдэна?

— Я думаю, што ЗША праводзілі прынцыповую палітыку ў дачыненьні да Беларусі, якая грунтуецца на нашых нацыянальных інтарэсах, а таксама на нашым жаданьні бачыць сувэрэнную, незалежную Беларусь, а таксама на правах беларускіх грамадзян. Адміністрацыя Байдэна выразна дала зразумець, што вернасьць дэмакратычным нормам і прынцыпам стане адметнай рысай палітыкі гэтай адміністрацыі. Але я б сказаў, што гэтыя два асноўныя напрамкі нашай палітыкі — падтрымка незалежнай, сувэрэннай Беларусі, а таксама падтрымка дэмакратычных правоў чалавека, якімі валодаюць беларусы, і права грамадзтва выбіраць сваіх лідэраў шляхам свабодных і сумленных выбараў — гэта прынцыпы, якія былі прынятыя як папярэдняй адміністрацыяй, так і цяперашняй адміністрацыяй Байдэна.

Ці можна ўплываць на сытуацыю ў Беларусі праз Маскву

— І пытаньне пра Расею. Ці бачаць ЗША хоць нейкія спосабы ўзьдзеяньня на тое, што адбываецца ў Беларусі, празь іншыя краіны — праз Расею, праз Кітай, празь іншых сяброў афіцыйнага Менску?

— Мы лічым, што важна весьці размову таксама з Расеяй. Летась у жніўні мы з намесьнікам сакратара Бігэнам пабывалі ў Расеі і сустрэліся зь міністрам замежных спраў Расеі Сяргеем Лаўровым і іншымі расійскімі чыноўнікамі ў справе сытуацыі ў Беларусі. Гэта была галоўная мэта паездкі. І, думаю, гэта ясна: Расея таксама чалец АБСЭ, і, з аднаго боку, мы ясна далі зразумець, што справы Беларусі павінны вырашаць беларусы. Што мы не імкнёмся адвярнуць Беларусь ад Расеі. Насамрэч апытаньні паказваюць, што беларусы ў пераважнай большасьці жадаюць больш цесных адносін з Расеяй, і тое, што адбывалася ў Беларусі, не было геапалітыкай, гаворка не ішла пра выбар паміж Усходам і Захадам, паміж ЗША і Расеяй. Але мы сапраўды далі зразумець нашым расейскім калегам, што менавіта дзеяньні Расеі патэнцыйна зьніжаюць павагу беларусаў да Расеі.

Мы заклікалі Расею глядзець у будучыню і шукаць адносін з усёй Беларусьсю, якая ўлучае і беларускае грамадзтва. І таму, я думаю, улічваючы ранейшыя цесныя дачыненьні, Беларусь і Расія непазьбежна будуць мець цесныя дачыненьні, але мы, безумоўна, хацелі б, каб Расея адыграла ў Беларусі станоўчую ролю.

Каментары

Цяпер чытаюць

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС4

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Усе навіны →
Усе навіны

На чэмпіянаце Еўропы беларускі барэц даў поўху тытулаванаму турку за яго нахабства. Гэта ледзь не каштавала нашаму медаля6

Алесь Бяляцкі сустрэўся з прэзідэнтам Польшчы Каралем Наўроцкім2

Стала вядома, на якіх умовах пакістанскія рабочыя будуць працаваць у Беларусі2

На Гродзеншчыне дарогу перад аўтамабілем перабег вялікі статак дзікоў ВІДЭА2

Суд у Малдове прысудзіў алігарха Плахатнюка да 19 гадоў турмы1

Алексіевіч расказала, як моцна яе аднойчы ўразіў Статкевіч: «Ён дакладна прадказвае новыя небяспекі»17

Паслы ЕС зацвердзілі крэдыт Украіне на 90 мільярдаў еўра і 20‑ы пакет санкцый супраць Расіі6

Тамара Віннікава прадала свой лонданскі дом, завешаны карцінамі самой сябе ШМАТ ФОТА29

Полацкі малочны камбінат прадалі «Савушкаваму прадукту»9

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС4

Ад рэкету да продажу фота магіл. Як выглядае знутры групоўка Project X, якая вярбуе людзей для перавозкі мігрантаў з Беларусі ў ЕС

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць