Былы баец «Алмаза», крапавы берэт, паплечнік Карач. Чаму Макар трапляе ў эпіцэнтр шпіёнскіх скандалаў, ці здольны ён стаць лідарам? «Наша Ніва» паспрабавала адшукаць адказы на гэтыя пытанні.
Апошнія паўгода імя Ігара Макара стала часта гучаць у СМІ.
Спачатку праз злітыя размовы ў кабінеце былога кіраўніка КДБ Вадзіма Зайцава, потым ён пасварыўся са Сцяпанам Пуцілам і знайшоў падтрымку ў асобе Вольгі Карач. А цяпер апынуўся ў цэнтры расследаванняў беларускіх дзяржаўных тэлеканалаў.
Калі верыць беларускім спецслужбам, то менавіта Макар спрабаваў перацягнуць за мяжу падпалкоўніка КДБ Аляксея Храловіча, які зліў размовы Наталлі Эйсмант з Дзмітрыем Баскавым, а таксама іншымі чыноўнікамі. Цяпер жа Макара назвалі сярод сямі змоўшчыкаў, якія нібыта рыхтавалі замах на Аляксандра Лукашэнку.
У выніку за кратамі апынуліся Храловіч, колішні паплечнік Макара па «Алмазе» Вячаслаў Сідаракін і некаторыя іншыя людзі, а потым яшчэ эмігрант Юрась Зянковіч, літаратуразнаўца Аляксандр Фядута, кіраўнік Партыі БНФ Рыгор Кастусёў. Сам жа Макар знаходзіцца ў бяспецы, ён жыве ў Вільні.
Ігару Макару 43 гады, ён родам з Гродна, вырас на вуліцы Пестрака. З дзяцінства прападаў у мясцовых качалках. Вучыцца Ігар нікуды не пайшоў, як толькі споўнілася 18 гадоў, то трапіў у войска.
Там апынуўся ў спецназе пагранічных войскаў. У пагранічным спецназе (АСАМ) служылі старэйшыя сыны Аляксандра Лукашэнкі — Віктар і Дзмітрый. Так атрымалася, што многія адтуль ішлі на павышэнне.
Макар жа ясна бачыў, куды хоча рухацца — спецыяльнае антытэрарыстычнае падраздзяленне МУС «Алмаз». Тым не менш адразу пасля войска ўладкавацца ў элітнае падраздзяленне не атрымалася, хлопцу прапанавалі папрактыкавацца ў гродзенскім АМАПе. Там Ігар праслужыў каля васьмі месяцаў, пасля чаго яго ўсё ж забралі ў «Алмаз».
Макар заўжды характарызаваўся выдатнай фізічнай падрыхтоўкай. Як частка «Алмазу» ён удзельнічаў у розных спаборніцтвах як у Беларусі, так і за мяжой, дзе неаднаразова перамагаў і займаў прызавыя месцы. Адзначаўся ў рукапашцы, стральбе, бегу.
Макар згадваў, што па службе няблага ведаў Валерыя Ігнатовіча. Калі нехта не памятае, то ў мінулым гэта афіцэр «Алмазу», які потым сышоў у Рускае нацыянальнае адзінства (РНА), трэніраваў неанацыстаў, ездзіў на вайну ў Чачню. Потым Ігнатовіча абвінавацілі ў выкраданні аператара Дзмітрыя Завадскага і прысудзілі да пажыццёвага зняволення, але ўжо за іншыя злачынствы. Макар дэманстраваў сумесныя здымкі з Ігнатовічам і абяцаў найбліжэйшым часам інсайды наконт таго, што Валерый не мае дачынення да знікнення Завадскага.
Што рабіў Макар у «Алмазе»? Сам ён кажа, што быў задзейнічаны ў барацьбе з тэрарызмам (цікава, што за тэрарызм быў тады?), ахове чыноўнікаў і затрыманні асабліва небяспечных злачынцаў. У адным са стрымаў на ютубе ён прызнаўся, што аднойчы яму і паплечнікам даводзілася падкінуць абвінавачаным наркотыкі. Гаворка ішла пра цыганоў, якія распаўсюджвалі забароненыя рэчывы.
«Гэта быў цыганскі табар, наркотыкі прадаваліся дробнымі партыямі. З імі змагаліся вельмі даўно, вельмі шмат падсадзілі маладых хлопцаў, але іх ніхто не змог злавіць. Давялося прыбегнуць да такога спосабу, калі затрымлівалі галоўную цыганку», — казаў Макар.
Ягоная служба ў «Алмазе» прыпала на час знікненняў Ганчара, Захаранкі, Завадскага. Сам Ігар кажа, што ніякага дачынення да гэтага не меў і абяцае падрабязнае расследаванне справаў.
У выніку Макар даслужыўся да намесніка камандзіра баявой групы, стаў старшым лейтэнантам. У студзені 2003 года Ігару ўручылі крапавы берэт — найвышэйшую адзнаку для спецназаўцаў. Ветэраны спецназа «Алмаз» спрабавалі зрабіць выгляд, што Макар ніколі не атрымліваў крапавы берэт, але выглядае, што яны маняць. Тым не менш Макар афіцыйна адмовіўся ад нашэння берэту.
У 2003 годзе Макар сышоў з сістэмы МУС, а праз год апынуўся ў ахове палітыка, былога рэктара БДУ Аляксандра Казуліна. Сам Макар кажа, што ягоны паход у палітыку дужа не падабаўся былым саслужбоўцам. У прыватнасці, на размовы яго часта запрашаў сённяшні кіраўнік унутраных войскаў Мікалай Карпянкоў, які ў той час таксама служыў у «Алмазе».
Не дапамагло нават сяброўства з цяперашнім кіраўніком службы бяспекі Лукашэнкі Дзмітрыем Шахраевым, які і тады быў блізкім да кіраўніка краіны. Макар кажа, у адной з размоваў Карпянкоў празрыста намякнуў, што адзіны шлях для Макара — гэта эміграцыя.
Тады і адбылася сустрэча з тагачасным міністрам унутраных спраў Уладзімірам Навумавым, якую Макар змог запісаць на дыктафон. Казулін зладзіў сустрэчу Макара з еўрапейскімі пасламі, у выніку спачатку сілавіка вывезлі ў Маскву, а ўжо адтуль у Літву, якая дала Ігару палітычны прытулак.
Пасля гэтага пачынаецца этап, калі Ігар Макар знікае з радараў. Ён цалкам выключаецца з палітыкі, не ўдзельнічае ў жыцці эміграцыі. Нібыта пэўны час ён адпрацаваў у Германіі, дзе меў шмат сяброў. «Увесь гэты час ён займаўся простым бізнэсам», — кажа былы сябра Макара і афіцыйны прадстаўнік Андрэй Абозаў.
Калісьці Абозаў разам з Паўлам Марозавым стваралі парадыйныя мультфільмы на Лукашэнку, на іх завялі крымінальную справу, і яны збеглі ў Эстонію. З Макарам Абозаў пазнаёміўся падчас працы на Казуліна.
«Калі я глядзеў на Макара, то хацеў сабе такога старэйшага брата», — прызнаецца Абозаў. Яны перыядычна спісваліся ці сазвоньваліся. Калі Абозаў бываў у Літве, то і бачыліся.
У 2011 годзе палітычны прытулак у Вялікабрытаніі папрасіла сястра Макара Вольга.
А ў 2012 у Швецыю з’ехаў брат Ігара Сяргей Макар. Сяргей быў капітанам у Кастрычніцкім РУУС Гродна. З эміграцыі Макар расказаў пра фальсіфікацыі выбараў, якія адбываюцца ў Беларусі. Цяпер ён жыве ў невялічкім гарадку Фагерста, працуе трэнерам па змешаных баявых адзінаборствах. З братам Ігарам знаходзяцца не ў лепшых адносінах. Летась з Беларусі з’ехала дачка Сяргея, цяпер яна ў Польшчы.
За гэтыя чатырнаццаць гадоў Макар даў некалькі інтэрв’ю незалежнай прэсе, але ўвагі да сябе асабліва не прыцягваў, палітычныя амбіцыі не агучваў. Той самы парадак рэчаў быў падчас прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. Ні летам, ні ў пачатку восені 2020 года Макара на даляглядзе не праглядвалася.
Выскачыў былы сілавік знянацку дзесьці напрыканцы восені 2020 года. Ён абвесціў, што ўлады рыхтуюць буйнамаштабныя правакацыі з забойствам амапаўцаў (гэта не пацвердзілася).
Андрэй Абозаў успамінае, што прыкладна з вясны 2020 года Макар пачаў яму расказваць, што мае пэўны кампрамат, і задаваць пытанні, каму яго можа прадаць. Абозаў раіў не прадаваць, а проста апублічваць гэтыя звесткі.
«Выбар стаяў, ці зарабіць грошай, ці стаць героем, — казаў Абозаў у інтэрв’ю відэаблогеру Таццяне Мартынавай. — Усе звесткі там былі недаказальныя. Я хацеў, каб Ігар быў палітыкам, а не ўлазіў у нейкія гульні».
Макара добра прынялі ў палітычных колах. Ён пачаў супрацоўнічаць з «Байполам», стаў адным з твараў «Беларускага народнага трыбунала». Менавіта Макар агучыў расследаванне на тэму забойства Аляксандра Тарайкоўскага і назваў імёны датычных да гэтага. Макар пачаў часта з’яўляцца ў прэсе, на навагодні агеньчык да сябе на канал яго паклікаў Сцяпан Пуціла. Макар сустрэўся з Ціханоўскай, да якой спачатку меў не самае лепшае стаўленне, але потым быў ёй захоплены, як расказвае Андрэй Абозаў.
У першыя дні 2021 года Ігар Макар апублікаваў свой найбольшы камрамат — размову ў кабінеце старшыні КДБ Вадзіма Зайцава (на момант 2012 года), падчас якой абмяркоўваецца фізічная ліквідацыя праціўнікаў Аляксандра Лукашэнкі, якія жывуць за мяжой. Называліся прозвішчы Паўла Шарамета, Уладзіміра Барадача, Алега Алкаева і некаторых іншых. Кампрамат надрукавалі ў афіцыйным органе Еўрасаюза EUobserver. Незалежныя экспертызы прызналі запіс сапраўдным. Макар казаў, што апублікаваў дакумент толькі цяпер, бо раней не было народнага ўздыму, і ён быў бы нікому непатрэбны.
У хуткім часе Макар наведаў Кіеў, дзе выказаў гатоўнасць стаць сведкам у справе аб забойстве Паўла Шарамета. Беларускія ўлады паспрабавалі нанесці ўдар у адказ: МЗС выступіў з заявай, што Макар калісьці выходзіў на супрацоўнікаў пасольства Беларусі ў Вільні і казаў, што гатовы за грошы прадстаўляць нейкую інфармацыю.
Мабыць, гэта якраз быў момант найвышэйшай папулярнасці Макара.
У той момант многія гатовыя былі бачыць у асобе былога сілавіка чалавека, які б быў здольным узначаліць апазіцыю. Расійскі блогер Яўген Бычкоўскі, які паразітуе на беларускай тэматыцы, называе Макара «джокерам». «Чалавек мае гонар і годнасць, ведае, што такое небяспека. А галоўнае, прафесіянал, здольны на адкрытае супрацьстаянне з рэжымам. Макар — аб’яднальная фігура, з ім хочуць мець справу ўсе ў беларускай апазіцыі. Для Расіі ён прымальны тым, што цесна звязаны з нашымі вайсковымі традыцыямі, уваходзіць у баявое братэрства і па сваім псіхатыпе пасуе да Уладзіміра Пуціна», — казаў Яўген Бычкоўскі.
Глядзіце яшчэ: Хто такі расійскі блогер Яўген Бычкоўскі, які падтрымлівае Карач і ганіць Ціханоўскую?
Сёлета ў лютым Макар трапіў у стужку навін, заклікаючы не ўдзельнічаць у акцыях пратэсту падчас Усебеларускага народнага сходу, хаця блогеры на чале са Сцяпанам Пуцілам клікалі людзей на вуліцы. Так пачаўся ягоны канфлікт з Пуцілам.
Не атрымалася наладзіць адносіны і з Ціханоўскай, у сторыз у інстаграме Святлана напісала пра Макара: «Мы не знайшлі шмат кропак судакранання».
Андрэй Абозаў разам з той самай Таццянай Мартынавай выказвалі ў стрыме думку, што апошнім часам Макарам можа нехта кіраваць. «Яны ўсе кіраваныя», — сказаў Абозаў. Праўда, так і не агучыў, хто ж з’яўляецца «лялькаводамі».
Цяпер Макар стаў адным з найбліжэйшых паплечнікаў Вольгі Карач, якая спрабуе стаць лідарам апазіцыі замест Святланы Ціханоўскай.
Чытайце: Хто такая Вольга Карач, якая хоча падсядзець Ціханоўскую?
Многія блогеры, напрыклад Мікалай Маслоўскі, выказваюць думку, што група Карач робіць усё магчымае, каб спыніць адзінства ўнутры апазіцыі, рассварыць лідараў між сабой. Сёння інтарэсы Карач, апроч Макара, прадстаўляюць «Радыё-97» (у адным са стрымаў Бычкоўскі расказваў, што гэта Карач купіла ім абсталяванне і здымае кватэру ў Варшаве), той самы Бычкоўскі, нядаўна збеглы з Масквы палітолаг Дзмітрый Балкунец. Усе яны вядуць дастаткова агрэсіўную інфармацыйную палітыку, укладваюць немалыя грошы ў раскрутку сваіх праектаў.
Былы камандзір брыгады спецназу ў Мар’інай Горцы Уладзімір Барадач (цяпер жыве ў Германіі) пасля фільма «Манкурты» і яго наступстваў увогуле мяркуе, што Макар можа быць агентам КДБ. Але, мабыць, да гэтых словаў Барадача не варта ставіцца дужа сур’ёзна. У эміграцыі Барадач шмат каго ўжо абвінавачваў у супрацоўніцтве са спецслужбамі.
У красавіку Макар трапіў у спіс асобаў, якіх КДБ лічыць датычнымі да тэрарыстычнай дзейнасці.
У самім фільме «Манкурты» Макара ахарактаразавалі так: «Цяжка ўявіць, агентам якой колькасці выведак ён з’яўляецца». Падобна, што і да такой ацэнкі прапаганды трэба ставіцца з вялікай асцярожнасцю.
Макар сапраўды добра пачынаў, у ім бачыліся задаткі моцнага лідара, але ўсе ягоныя крокі апошніх месяцаў граюць хутчэй на недавер і звады ўнутры апазіцыі, чым на яе кансалідацыю.
Каментары