Свет

Bellingcat: Пісьменніка Дзмітрыя Быкава ў 2019 годзе атруцілі. Тыя ж людзі, што пазней Навальнага

Выданне Bellingcat знайшло факты, якія сведчаць, што замах на забойства вядомага расійскага інтэлектуала і крытыка Пуціна ажыццявілі тыя ж людзі, якія атруцілі Аляксея Навальнага і Уладзіміра Кара-Мурзу.

У красавіку 2019 года Дзмітрыю Быкаву цудам удалося выжыць пасля атручвання падчас паездкі па рэгіёнах Расіі.

Як і ў выпадку з Навальным і Кара-Мурзой, сярод групы забойцаў былі хімікі з НДІ-2 і супрацоўнікі з Другой службы ФСБ, сцвярджаецца ў расследаванні групы Bellingcat.

За Быкавым пачалі сачыць за год да атручвання. Першы дакументальны доказ гэтаму датуецца 20 мая 2018 года, калі ўранку Быкаў вылецеў з Масквы ў Уфу, дзе ён мусіў чытаць лекцыю дзецям і іх бацькам. Разам з пісьменнікам адным рэйсам вылецелі Уладзімір Паняеў і Валер Сухараў — расследавацелі выявілі іх сувязь з Другой службай ФСБ.

У гэтым жа месяцы жонка Дзмітрыя Быкава Кацярына Кевхішвілі ўпершыню заўважыла ў доме насупраць чалавека з біноклем. Спачатку яны не надавалі гэтаму значэння, але летам пачалі заўважаць, што чалавек глядзіць непасрэдна ў іх бок.

Наступная паездка Быкава была 17 лістапада 2018 года, і ўсё тыя ж Паняеў і Сухараў ляцелі з пісьменнікам у Растоў.

У красавіку 2019 года Быкаў зноў паехаў у Растоў, каб прачытаць пару лекцый. За дзень да гэтай паездкі ў Кацярыны Кевхішвілі ўночы пачалі ўзломваць усе месенджары. 5 красавіка Паняеў і Сухараў таксама набылі квіткі ў Растоў, куды планаваў ляцець Быкаў.

Далей Быкаў збіраўся ехаць на правядзенне агульнай дыктоўкі ў Навасібірск, куды часта запрашаюць вядомых людзей зачытваць тэксты. Быкаву было нязручна ляцець у Навасібірск 13 красавіка, але арганізатары былі настойлівымі і нават прапаноўвалі аплаціць квіткі ў бізнэс-класе, згадвае жонка пісьменніка.

Менавіта арганізатары выбралі для Быкава гатэль Domina. Туды ж планаваў засяліцца Навальны ў жніўні 2020 года.

Калі 13 красавіка ўранку Дзмітрый Быкаў і Кацярына Кевхішвілі засяліліся ў гатэль, хімік Іван Восіпаў і Паняеў ужо былі ў горадзе. Яны яшчэ з сакавіка ведалі, што Быкаў плануе паездку ў Навасібірск і будзе жыць ў гатэлі Domina. Пакуль Дзмітрый і Кацярына былі на дыктоўцы, нумар быў пустым, пра што загадзя ведалі супрацоўнікі ФСБ.

Карэспандэнт The Insider наведаў гатэль і пераканаўся, што на ўсіх паверхах стаяць камеры відэаназірання і ёсць ахоўнікі. Складана ўявіць, што ў нумар маглі трапіць без супрацоўніцтва з персаналам гатэля, аднак кіраўніцтва Domina адмовілася ад каментароў для The Insider.

На наступны дзень Дзмітрый Быкаў адчуваў сябе добра. Відаць, ён надзяваў не тое адзенне, на якім была атрута. 16 красавіка ў аэрапорце пісьменніку стала дрэнна. У самалёце яго пачала ванітаваць, пісьменнік ледзь не губляў прытомнасць. Пасля пасадкі самалёта ва Уфе Быкаў не мог ісці, у яго парушылася маўленне. Пісьменнік сцвярджае, што яго сімптомы былі падобныя да сімптомаў Навальнага пасля атручвання.

Аднак супадалі не толькі сімптомы, але і паводзіны ўлады, якая імкнулася не дапусціць перавозкі Быкава ў Маскву. Дзмітрый Муратаў, галоўны рэдактар «Новай газеты», паведаміў, што газета аплаціла Быкаву самалёт з двума рэаніматолагамі на борце, які мусіў перавезці пісьменніка ў Маскву. Самалёт вылецеў з Краснаярска, і калі да Уфы заставалася ляцець гадзіну, з Міністэрства аховы здароўя паступіла каманда развярнуць самалёт у Маскву. Аднак Муратаву ўдалося дамовіцца, каб самалёт усё ж такі даляцеў да Уфы.

Дактары не прыйшлі да адназначнага дыягназу Дзмітрыя Быкава. Але ў пісьменніка было шмат аднолькавых сімптомаў з Навальным, а таксама падобныя лабараторныя змены па глікемічным профілі. Дактары так і не вызначылі прычыну яго комы і лячылі Быкава сімптаматычна.

Калі Дзмітрый прыйшоў у прытомнасць, то на спіне заўважыў пляму малінавага колеру. Спецыялісты, да якіх звяртаўся The Insider, сцвярджаюць, што «Навічок» у тых растворах, у якіх яго звычайна выкарыстоўваюць, не павінен выклікаць раздражнення скуры. Але, калі ў раствор дадалі скурна-нарыўны агент, то гэта магло стаць прычынай плямы.

З улікам сімптомаў і таго, колькі часу прайшло паміж кантактам з атрутай, праяўленнем сімптомаў і выздараўленнем, напрошваецца выснова, што Дзмітрыя Быкава спрабавалі атруціць фосфараарганічнымі рэчывамі нервова-паралітычнага дзеяння (да якіх адносіцца і «Навічок»).

Bellingcat сцвярджае, што выпадак з паэтам і літаратуразнаўцам Быкавам — чарговы доказ таго, што ўлады Расіі выкарыстоўваюць хімічныя рэчывы для барацьбы з палітычнымі апанентамі.

Каментары

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў5

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Усе навіны →
Усе навіны

«З такой навукай, як у нас, мы поспехаў не даб'ёмся». Лукашэнка зноў узяўся за Акадэмію навук41

Пашкоджаны кабель паміж Швецыяй і Фінляндыяй4

Авіякампанія Qantas запланавала самыя доўгія рэгулярныя рэйсы ў свеце — 22 гадзіны ў небе

Беларуськалій падаў у суд на літоўскія ўлады з-за санкцый3

Лідарам па спажыванні трафіку ў Беларусі з'яўляецца чацвер4

Падаражэлі папулярныя крэдыты на жыллё

Манашак Свята-Елісавецінскага манастыра прагналі з кірмашу ў Польшчы51

Трамп паабяцаў «жорсткую расплату» ХАМАС, калі ізраільскія закладнікі не будуць адпушчаныя да ўступлення яго на пасаду2

Абвінавачанне ў атручванні чацвярых дзяцей у Краснаярскім краі выставілі іх бацьку2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў5

Судзяць гендырэктара БелАЗа. Пагражае да 15 гадоў

Галоўнае
Усе навіны →