«Стары, сыходзь!» Расказваем пра культ асобы Назарбаева, супраць якога паўсталі казахі
Нурсултан Назарбаеў быў ва ўладзе 30 год, гэта пакуль рэкорд на постсавецкай прасторы. Нават пасля транзіту ён захаваў не толькі недатыкальнасць, але і бязмежны ўплыў, капітал яго сям’і ацэньваюць у сем мільярдаў долараў. Асноўны лозунг пратэстаў, «Стары, сыходзь!», адрасаваны яму. У Казахстане твар Назарбаева — на білбордах, грошах, яго імя носяць не толькі вуліцы і ўніверсітэты, але і сталіца краіны. Мала хто бачыць помнікі сабе пры жыцці, яшчэ менш тых, хто застае знос прыжыццёвага помніка. Расказваем пра культ асобы Назарбаева.
Пару год таму ў гонар дня народзінаў Назарбаева ў Нацыянальным музеі адкрылі скульптуру ў яго гонар, якая па кампазіцыі капіруе манумент прэзідэнту ЗША Лінкальну ў Вашынгтоне.
Можна з ўпэўненасцю сказаць, што ад сціпласці першы прэзідэнт Казахстана не памрэ. Пры жыцці яму паставілі помнікі ў прэзідэнцкім парку ў Алматы, манумент у Нур-Султане, помнік у Талдыкаргане. Вось апошні ўдзельнікі пратэсту акурат знеслі.
Дзень нараджэння стаў дзяржаўным святам
У 2004 годзе Назарбаеў адкрыў музей першага прэзідэнта Казахстана, то-бок сябе ж. У агромністым будынку ў максімальна пафаснай форме распавядаецца пра яго жыццё. Там жа ёсць злепак яго рукі, канечне ж, адліты з золата. Экскурсаводы прапаноўваюць турыстам пакласці туды руку і загадаць жаданне. Гэта называюць «залатым поціскам рукі».
Імя Назарбаева носяць бібліятэка, два гісторыка-культурных цэнтры, галоўны ўніверсітэт краіны, пару дзясяткаў школ, а яшчэ аэрапорт і чыгуначны вакзал у сталіцы.
Спіс не можа быць поўным без свята імя Назарбаева. З 2012 года 1 снежня ў Казахстане адзначаюць Дзень першага прэзідэнта, які прыраўнялі да дзяржаўнага свята. У гэты дзень звычайна тысячы студэнтаў і бюджэтнікаў прызнаюцца ў вялікай любові да елбасы.
Ёсць яшчэ Дзень сталіцы — 6 ліпеня, ён жа Дзень нараджэння Назарбаева, і канечне, гэта таксама дзяржаўнае свята.
Апафеоз культу асобы — сталіцу перайменавалі ў Нур-Султан, гэта была адна з першых прапановаў пераемніка Назарбаева.
Жыхары Астаны выходзілі на нешматлікія пратэсты, якія сілавікі хутка разганялі, цяпер галоўны горад Казахстана называецца Нур-Султан.
Лідар нацыі і беспрэцэдэнтыя гарантыі бяспекі для сям’і
Гады ішлі, а пакідаць крэсла прэзідэнта Назарбаеў не збіраўся. У першае дзесяцігоддзе яго праўлення з Канстытуцыі прыбралі абмежаванне, паводле якога дзяржаўныя пасады не маглі займаць людзі, старэйшыя за 65 год.
На другім дзясятку праўлення ён абышоў абмежаванне на два прэзідэнцкія тэрміны. У Канстытуцыі запісалі, што адзін і той жа чалавек не можа быць абраны прэзідэнтам больш за два разы, але гэта не распаўсюджваецца на першага прэзідэнта Казахстана. Так што Назарбаеў забяспечыў сабе магчымасць быць ва ўладзе пажыццёва.
Транзіт улады адбыўся ў 2019-м, калі яму было 79 год. Пазней Назарбаеў патлумачыў, што перанёс сур’ёзную аперацыю і мае праблемы са здароўем: «Хворы прэзідэнт не можа быць кіраўніком краіны».
У 2010-м Назарбаеў атрымаў тытул лідара нацыі — елбасы. Ініцыятыва зыходзіла ад дэпутатаў. Цікава, што прэзідэнт спрабаваў пагуляць у сціпласць — адмовіўся падпісваць праект, але не наклаў на яго вета. А ў Казахстане закон, не падпісаны, але не вернуты прэзідэнтам у парламент, проста пачынае дзейнічаць праз 30 дзён.
Так Назарбаеў атрымаў ганаровы статус, а разам з ім — гарантыю, што ні ён, ні чальцы яго вялікай сям’і не могуць быць прыцягнутыя да крымінальнай адказнасці.
Forbes ацэньвае багацце сям’і Назарбаева ў 7 мільярдаў долараў. Тры яго дачкі разам з мужамі — надзвычай уплывовыя ў Казахстане палітыкі і бізнэсмены.
Не абышлося і без скандалаў. Першы муж старэйшай дачкі Рахмат Аліеў, які працаваў у спецслужбах і на дыпламатычных пасадах, рассварыўся з цесцем і быў вымушаны адседжвацца ў Аўстрыі.
Ад «Міс Казахстан» да «жонкі» Назарбаева. Хто яна, Асель Курманбаева?
У Казахстане супраць яго завялі справу па абвінавачванні ў забойстве топ-менеджараў «Нурбанка». Аўстрыя адмовілася выдаць яго казахскім уладам, але затрымала. У выніку Аліева знайшлі павешаным у турэмнай камеры.
Яго сярэдні сын меў праблемы з законам у Вялікабрытаніі, падсеў на наркотыкі і сцвярджаў, што валодае інфармацыяй аб карупцыйных схемах паміж Казахстанам і Расіяй. У 2020 годзе ён памёр, па афіцыйнай версіі — ад перадазіроўкі какаіну.
У Крымінальным кодэксе Казахстана замах на жыццё першага прэзідэнта вылучаны ў асобны артыкул, караецца пазбаўленнем свабоды на тэрмін ад 15 да 20 год, або пажыццёвым зняволеннем, або смяротным пакараннем.
У 2003-м у Казахстане ўвялі бестэрміновы мараторый на выкананне смяротных прысудаў, а ў канцы 2021-га цалкам выключылі смяротнае пакаранне з крымінальнага закона краіны.
За Назарбаевым пажыццёва замацаваны статус першага прэзідэнта краіны, лідара нацыі і званне народнага героя. У яго ёсць права звяртацца да народа і дзяржорганаў, выступаць на пасяджэннях урада і парламента па найважнейшых для краіны пытаннях.
Ён таксама ўзначальваў Асамблею народа Казахстана, уваходзіць у склад Канстытуцыйнай рады і да ўчарашняга дня быў пажыццёвым старшынём Рады бяспекі, якая каардынуе дзеянні сілавікоў і выканаўчай улады. Але гэтай пасады пад ціскам пратэстоўцаў цяперашні прэзідэнт яго пазбавіў.
Цяпер радай кіруе Такаеў. Назарбаева за час пратэстаў не чутна і не бачна, хоць, здавалася б, што можа быць цяпер больш важным для краіны. Некаторыя СМІ паведамлялі, што ён з’ехаў на лячэнне за мяжу, але ніякіх пацвярджэнняў гэтай інфармацыі не было.
Назарбаеў пакінуў крэсла прэзідэнта з беспрэцэдэнтымі гарантыямі бяспекі і дабрабыту. Ні яго, ні членаў яго сям’і не могуць арыштаваць, трымаць пад вартай, дапытваць і праводзіць у іх ператрус. Уся асабістая маёмасць таксама недатыкальная, банкаўскім рахункам і укладам гарантаваная таямніца, кампаніям і фондам, якія ён заснаваў, прадастаўлены імунітэт.
Апроч таго, у Назарбаева ёсць спецыяльнае падраздзяленне аховы, сэрвіс абслугоўвання жытла. Яго і далей утрымліваюць за грошы падаткаплацельшчыкаў. Спіс гарантый не вычарпальны, у адмысловым законе адзначаецца «і іншыя гарантыі», якія ўлады могуць дадаваць.
Не хапае толькі Нобелеўскай прэміі
Назарбаеў не толькі 30 год кіраваў Казахстанам, але актыўна займаўся творчасцю. Ён лічыцца суаўтарам гімна Казахстана, а яшчэ мясцовая прапаганда прыпісвае яму тое, што ён увёў моду на горныя лыжы, тэніс і гольф.
Каб казахі не забывалі пра лідара нацыі, яго выяву размясцілі і на грошах. Першую юбілейную банктону наміналам 10 тысяч тэнге прэзентавалі ў 2016-м на дзень нараджэння першага прэзідэнта. На 30-годдзе незалежнасці Казахстана выпусцілі банкноту ў 20 тысяч тэнге, на якой з двух бакоў размясцілі партрэты Назарбаева.
Вуліцы імя Назарбаева ёсць не толькі ў Казахстане, але і ў Турцыі, Іарданіі, Інгушэціі і Чачні.
Паплечнікі першага прэзідэнта вельмі ганарацца, што ў свой час Маргарэт Тэтчар назвала яго «адным з самых выбітных палітыкаў сучаснасці». Дарадцам Назарбаева паспеў папрацаваць экс-прэм’ер Вялікабрытаніі Тоні Блэр, ён таксама дапамагаў парадамі лівійскаму дыктатару Муамару Кадафі.
Назарбаеў мае безліч узнагародаў. Яго пераемнік Такаеў як толькі стаў прэзідэнтам, зрабіў яго народным героем — гэта найвышэйшая ўзнагарода — з фармулёўкай «за гістарычны ўклад у будаўніцтва незалежнага Казахстана, за выбітную працу ў эканамічным, сацыяльным, гуманітарным развіцці, згуртаванні казахстанскага грамадства».
Прыхільнікі Назарбаева лічаць, што яму не хапае Нобелеўскай прэміі міру, хоць неаднаразова прапаноўвалі яго кандыдатуру.
Цікава, што замацаванню ва ўладзе Назарбаева папярэднічалі пратэсты. У 1986 годзе казахі абурыліся, што старшынём ЦК кампартыі Казахстана паставілі Генадзя Колбіна, якога прыслалі з Ульянаўска, ён і не жыў у Казахстане. Тады ў Алматы таксама праходзілі пратэсты, якія жорстка падаўлялі сілавікі — два чалавекі былі забітыя, 99 студэнтаў асудзілі, толькі ў 1989-1991 гадах яны былі рэабілітаваныя.
На месца Колбіна ў 1989-м прыйшоў Назарбаеў, які ўтрымліваў уладу 30 год, і нават пасля дабраахвотнай адстаўкі працягвае быць самым уплывовым чалавекам у краіне разам з членамі сям'і, якія «руляць» і ў палітыцы, і ў бізнэсе.
Каментары