WSJ: Захад ведае слабыя месцы Расіі і здольны ўдарыць вельмі балюча
Пасля акупацыі Крыма ў 2014 годзе, Захад увёў супраць Расіі абмежаваныя санкцыі. Масква баранілася ад іх самаізалюючыся. Яна ўкладала грошы ў імпартазамяшчэнне і назапашвала золатавалютныя рэзервы. Акрамя таго, яна па магчымасці пераарыентоўвала свой экспарт з Захаду на Кітай. Але ёсць сферы, дзе такія стратэгіі Пуціну не дапамогуць. І Захад ведае гэтыя слабыя месцы Расіі, піша Wall Street Journal.
У аўторак Злучаныя Штаты заявілі, што гатовыя ўвесці суровыя сектаральныя санкцыі. Напрыклад, забараніць у Расію экспарт высокатэхналагічных тавараў з амерыканскай мікраэлектронікай і праграмным забеспячэннем (падобныя санкцыі ЗША ўводзілі раней супраць Кітая). Таксама сярод магчымых мер — абмежаванне для расійскіх банкаў на разлікі ў далярах, санкцыі на экспарт расійскіх энерганосьбітаў.
Расійскія чыноўнікі кажуць, што ўсё пад кантролем, і Расія гатовая.
Амерыканская прэса прызнае: Расія і праўда зменшыла за апошнія гады сваю залежнасць ад даляра і скараціла свой дзяржаўны доўг да 20% ад ВУП (для параўнання, у ЗША — 133%). Расія таксама назапасіла каласальныя міжнародныя рэзервы з золата і замежнай валюты. У снежні яны дасягнулі рэкорднага ўзроўню — 630 мільярдаў даляраў.
Таксама Расія дасягнула пэўных поспехаў з прадуктовым эмбарга — гэта стымулявала ўнутраную вытворчасць.
Для дыверсіфікацыі сваёй эканомікі Расія пачала развіваць адносіны з Кітаем. У 2019 годзе расіяне пабудавалі туды буйны газаправод, а тавараабарот між краінамі перавысіў 100 мільярдаў даляраў штогод.
Але ёсць адзін сектар расійскай эканомікі, які так і застаўся вельмі ўразлівым для санкцый — тэхналогіі. У сусветнай індустрыі мікрасхем у асноўным дамінуюць кампаніі з ЗША і іх саюзнікаў: ЕС, Тайваня і Паўднёвай Карэі. У Расіі ўсяго некалькі паўправадніковых заводаў, ды і тыя старыя і адсталыя. Краіна татальна залежыць ад камплектуючых і патэнтаў заходніх кампаній.
Кантроль за экспартам мікраэлектронікі, у выпадку ўвядзення санкцый, абмяжуе магчымасці Расіі купляць станкі, смартфоны і іншую бытавую электроніку. Санкцыі нанясуць вялікі ўрон расійскай эканоміцы і зробяць немагчымай яе мадэрнізацыю.
Хаця Расія і навучылася жыць ва ўмовах санкцый пасля 2014 года, амерыканскае выданне адзначае, што гэта дорага каштавала эканоміцы.
ВУП Расіі з 2014 года рос павольней, чым у сярэднім па свеце. Расейцы сталі бяднейшымі, чым да анексіі Крыма. Рэальныя даходы ўпалі на 9,3% у параўнанні з дакрымскімі часамі.
На думку аналітыкаў, намаганняў Расіі будзе недастаткова, каб змякчыць удар ад новых санкцый.
Хаця доля даляра ў экспарце тавараў і паслуг знізілася з 80% да 56%, амерыканская валюта па-ранейшаму дамінуе на мясцовым валютным рынку.
Браян О'Тул, эксперт па санкцыях у аналітычным цэнтры Atlantic Council, заявіў, што новыя санкцыі прывядуць да велізарных эканамічных наступстваў.
Новыя санкцыі яшчэ не пачалі дзейнічаць, а расійскія фондавыя рынкі і расійскі рубель ужо моцна праселі. Эканамічныя праблемы могуць яшчэ больш знізіць рэйтынг адабрэння Пуціна, які ўпаў з 90% у 2015 годзе да 65% у снежні 2021 года.
Калі адміністрацыя Байдэна перакрые доступ расійскім банкам да даляра, гэта абарве эканамічныя сувязі Расіі з астатнім светам і прывядзе да рэзкага скарачэння ВУП, кажа Яніс Клюге, эксперт па Усходняй Еўропе Нямецкага інстытута міжнародных адносін і бяспекі. Большая частка знешняга гандлю, уключаючы продаж нафты і газу, ажыццяўляецца ў далярах. Адбудзецца адток капіталу, абваліцца рубель, пачнецца шалёная інфляцыя.
На 9 з 12 фінансавых устаноў, пералічаных у законапраекце аб новых санкцыях, прыпадае больш за 40% мясцовага міжбанкаўскага рынку і да 80% карпаратыўнага крэдытавання і фінансавання. Калі на гэтыя банкі будуць накладзеныя санкцыі, гэта будзе вельмі балючая мера.
Абмежаванні ў дачыненні да расейскіх энэргетычных кампаній удараць непасрэдна па эканоміцы краіны. У Расіі нафтагазавы сектар складае да адной пятай ВУП. Горназдабыўныя і металургічныя кампаніі таксама могуць сутыкнуцца з каласальнымі праблемамі.
Каментары