Вайна

Як украінскія ўцякачкі становяцца ахвярамі сэкс-гандлю

Прайшло больш за месяц з пачатку нападу Расеі на Украіну — больш за месяц бамбаванняў і кровапраліцця. Па звестках ААН, дзесяць мільёнаў украінцаў ужо выехалі са сваіх гарадоў і мястэчак, ратуючыся ад гэтага жаху. Піша Бі-бі-сі.

Вакзал у Львове. Фота: Віктар Кавальчук, УНІАН

Большасць з іх шукае прытулку ў іншых рэгіёнах Украіны, якія лічацца больш бяспечнымі. Але больш за тры з паловай мільёны чалавек выехалі за мяжу.

У асноўным гэта жанчыны і дзеці, паколькі мужчыны ва ўзросце да 60 гадоў абавязаны заставацца ў краіне.

Дэзарыентаваныя, часта не ведаючы, куды ісці далей, бежанкі вымушаныя давяраць незнаёмцам.

Хаос вайны для іх ззаду, але рэч у тым, што за межамі Украіны яны таксама не ў поўнай бяспецы.

«Для драпежнікаў і гандляроў людзьмі вайна ва Украіне не з'яўляецца трагедыяй, — папярэдзіў генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрэш. — Гэта магчымасць, а жанчыны і дзеці — гэта мэты».

Нават у мірны час ва Украіне і суседніх краінах актыўна дзейнічаюць групоўкі, якія займаюцца гандлем людзьмі. Вайна стала ідэальным прыкрыццём для развіцця іх бізнэсу.

Караліна Вержбіньска, каардынатарка праваабарончай арганізацыі Homo Faber у Любліне, распавяла, што вялікую занепакоенасць выклікаюць дзеці.

Па яе словах, многія дзеці выязджалі з Украіны без суправаджэння. З-за нестабільных рэгістрацыйных працэсаў у Польшчы і іншых прыгранічных рэгіёнах — асабліва ў пачатку вайны — многія дзеці проста зніклі, і іх месцазнаходжанне невядома.

Бі-бі-сі накіравалася да польска-ўкраінскай мяжы, каб на свае вочы пераканацца ў тым, што там адбываецца.

На чыгуначнай станцыі, куды прыбываюць уцекачы, было людна — шакаваныя жанчыны і дзеці ў слязах.

Многіх з іх суцяшаюць і прапануюць гарачую ежу валанцёры ў яркіх камізэльках.

Здаецца, усё добра арганізавана? Не зусім.

Мы пазнаёміліся з Маргарытай Гусманавай, украінскай бежанкай з Кіева, якой крыху за 20. Яна прыехала на мяжу два тыдні таму, але вырашыла застацца, каб дапамагчы іншым жанчынам не патрапіць у рукі не тых людзей.

Маргарыта Гусманава

Пытаемся ў яе, ці адчувае яна сябе ўразлівай. «Так, — адказвае яна. — Таму я асабліва турбуюся пра бяспеку іншых».

«Жанчыны і дзеці прыязджаюць сюды са страшнай вайны. Яны не гавораць па-польску ці па-англійску, не ведаюць, што адбываецца, вераць у тое, што ім гавораць.

На гэтай станцыі можа з'явіцца любы. У першы дзень, калі я стала валанцёркай, мы ўбачылі трох мужчын з Італіі. Яны шукалі прыгожых жанчын, каб прадаць іх у сэкс-рабства.

Я выклікала паліцыю, і аказалася, што мела рацыю. Гэта не была параноя. Гэта жах».

Маргарыта кажа, што мясцовыя чыноўнікі цяпер крыху больш арганізаваныя. Паліцыя рэгулярна патрулюе станцыю. Людзі (пераважна мужчыны) з кардоннымі таблічкамі з назвамі прывабных месцаў, яны прысутнічалі ў першыя некалькі тыдняў пасля прыбыцця бежанцаў, але цяпер пераважна зніклі.

Але некаторыя цяпер выдаюць сябе за валанцёраў.

Алена Масквіціна напісала пра перажытае ў Фэйсбуку. Цяпер яна ў бяспецы ў Даніі. 

Алена з дзецьмі з'ехала з Украіны ў суседнюю Румынію. Яны шукалі транспарт ад мяжы.

Людзі, якія выдавалі сябе за валанцёраў у цэнтры для бежанцаў, спыталі, дзе яна спынілася.

Яны з'явіліся пазней у той жа дзень і агрэсіўна сказалі ёй, што лепш за ўсё ехаць у Швейцарыю, і што яны адвязуць яе туды фургонам разам з іншымі жанчынамі.

Алена распавяла, што мужчыны глядзелі на яе і яе дачку ацэньваюча.

Яны папрасілі яе паказаць сына, які быў у іншым пакоі. Яны аглядзелі яго з ног да галавы, кажа жанчына. Потым яны настойвалі, каб яна не ехала ні з кім, акрамя іх, і раззлаваліся, калі яна папрасіла паказаць іх пасведчанні асобы.

Каб пазбавіцца ад мужчын, Алена паабяцала сустрэцца з імі, калі іншыя жанчыны будуць у іх фургоне. Але як толькі яны сышлі, яна схапіла дзяцей і ўцякла.

Эльжбета Ярмульска, польская прадпрымальніца, з'яўляецца заснавальніцай ініцыятывы Women Take The Wheel Initiative. Яе мэта — стварыць для ўкраінскіх бежанак бяспечную прастору.

Эльжбета Ярмульска

«Тыя жанчыны ўжо праз многае прайшлі, калі ішлі ці ехалі цераз зону баявых дзеянняў, а потым тут адчуваць страх і эксплуатацыю? Нават не ўяўляю, як гэта», — кажа яна.

Мы з Эльжбетай ідзем у цэнтр для бежанцаў, дзе яна паказвае чыноўнікам сваё пасведчанне асобы і пацвярджэнне месца жыхарства, перш чым спытаць, ці трэба кагосьці падвезці да Варшавы.

Ужо праз лічаныя хвіліны ў яе машыне сядзяць бежанка Надзея і трое яе дзяцей.

Эла прапанавала маленькім дзецям ваду, шакалад і лекі.

Тым часам Надзея распавяла аб сваім небяспечным падарожжы з Харкава за межы Украіны. Цяпер у Польшчы, па яе словах, яна адчула палёгку ад таго, што ў яе ёсць жанчына-кіроўца.

Надзея

Пра рызыкі гандлю людзьмі і эксплуатацыі яна чула па ўкраінскім радыё. 

Праз месяц пасля пачатку вайны працэсы праверкі людзей, якія сцвярджаюць, што дапамагаюць украінскім уцекачам, у Еўропе яшчэ далёкія ад ідэалу.

Арганізаваная злачыннасць — не адзіная пагроза. Бежанцаў таксама эксплуатуюць асобныя людзі. Жыхары Польшчы, Германіі, Брытаніі і іншых краін адкрылі свае дамы для бежанцаў, і большасць з іх маюць добрыя намеры. Але, на жаль, не ўсе.

Ірэна Давід-Томчыкідс, выканаўчы дырэктар Варшаўскага аддзялення няўрадавай арганізацыі La Strada, кажа, што эксплуатацыя і гвалт адбываюцца не толькі падчас вайны. Але лавіна пацярпелых ад канфлікту жанчын і дзяцей, якія бягуць з Украіны, азначае павелічэнне колькасці такіх выпадкаў.

Каментары

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч26

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Гайдукевіч заклікаў не дапускаць да выбараў «здраднікаў» і «пятую калону»6

«Чорны» археолаг заявіў, што гэта ён знайшоў скарб вялікіх князёў у Кафедральным саборы — скандал у Вільні5

Меркаваны біёграф Ілана Маска лічыць, што мільярдэр уяўляе небяспеку для ўсяго свету8

МЗС Польшчы збіраецца ўзмацніць правілы выдачы віз

Трамп апублікаваў карту з Канадай, далучанай да ЗША23

У Энгельсе Саратаўскай вобласці пасля атакі беспілотнікаў адбыўся моцны пажар

Беларусь нарасціла вайсковую прысутнасць на ўкраінскай мяжы

Былы адказны за ахову ўсіх пасольстваў на тэрыторыі Беларусі атрымаў крымінальны тэрмін — але з нюансам4

Прэм'ер Даніі адказала наконт прапановы Трампа пра Грэнландыю2

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч26

Стала вядома, хто жаніх былой дэпутаткі Марыі Васілевіч

Галоўнае
Усе навіны →