На спадарожнікавых здымках ваколіц Марыупаля, як мяркуецца, выявілі ўжо трэцяе масавае пахаванне. На здымкі звярнулі ўвагу журналісты «Схемаў», праекта ўкраінскай службы Радыё Свабода.
Месца новага масавага пахавання — пасёлак Стары Крым. Яго з 10 сакавіка кантралююць расійскія войскі. Адлегласць да Марыупаля — каля 5 кіламетраў.
Першыя траншэі даўжынёй 60—70 метраў з'явіліся на Старакрымскіх могілках 24 сакавіка.
На спадарожнікавым здымку ад 7 красавіка месца пахавання павялічылася, а частка траншэй ужо была закапаная.
На здымку 24 красавіка з'явіліся новыя траншэі, а агульная працягласць пахавання стала больш за 200 метраў.
У каментары «Схемам» мэр Марыупаля Вадзім Бойчанка расказаў, што ўладам вядома пра тое, што расійскія вайскоўцы вывозяць целы загінулых жыхароў Марыупаля на тэрыторыю Старакрымскіх могілак, дзе хаваюць іх у месцах масавага пахавання.
«Нам вядома пра гэтыя брацкія магілы, таму што гэтыя фашысты — і ў мяне няма іншых слоў — прыцягваюць да справы пахавання мясцовае насельніцтва, за ежу. Яны нам і паведамілі, што трэба «працагадзін» напрацаваць, каб табе далі ежу, ваду… Цяпер у Марыупалі недастаткова гуманітаркі, якую яны завозяць, таму людзі вымушаныя гэта рабіць», — расказаў Вадзім Бойчанка.
Раней масавыя пахаванні марыупальцаў пабачылі каля акупаванай вёскі Вінаграднае і пасёлка Мангуш (даўжыня 300 мэтраў).
Каментары