Дзярждума Расіі збіраецца ўзаконіць крадзеж збожжа і іншай прадукцыі з Украіны
Да гэтага ўлады кожны раз адмаўлялі факты крадзяжу.

Законапраект будзе разгледжаны на экстранным пасяджэнні 15 ліпеня, паведаміла крыніца канала «Можем объяснить» у ніжняй палаце парламента. Каб спрасціць вываз сельгаспрадукцыі, дэпутаты вырашылі ўнесці змены ў закон «Аб мытным рэгуляванні». Як аказалася, цяпер вывазу тавараў і прадуктаў з непадкантрольных Кіеву рэгіёнаў перашкаджаюць мытнікі. У тлумачальнай запісцы гаворыцца, што яны «афармляюць харчовыя грузы з «ДНР», «ЛНР» і «вызваленых» тэрыторый Украіны на працягу доўгага часу».
«У выніку такіх мерапрыемстваў і неажыццяўлення свабоднага пропуску фермераў праз дзяржаўную мяжу, увоз грузаў, асабліва якія хутка псуюцца, становіцца бессэнсоўным», — сказана ў дакуменце.
Для змены сітуацыі ў мытны закон будзе дададзены асобны раздзел «Асаблівасці перамяшчэння праз мытную мяжу тавараў на ўчастках, якія прымыкаюць да раёнаў правядзення спецыяльнай ваеннай аперацыі на тэрыторыях «ДНР», «ЛНР» і Украіны». У ім з'явіцца артыкул, які прадугледжвае, што ўвоз тавараў у Расію з «ДНР», «ЛНР» і Украіны «ажыццяўляецца на аснове права Еўразійскага эканамічнага саюза».
Такім чынам, рашэнне аб вывазе тавараў з Украіны прымаецца фактычна ў аднабаковым парадку — у сакавіку Кіеў спыніў з Масквой любыя гандлёвыя адносіны. Пры гэтым, у 2021 годзе аб'ём імпарту з Украіны ў Расію складаў больш за $4 млрд. У ЕўрАзЭС Украіна, як вядома, не ўваходзіць. Аналагічныя правілы будуць дзейнічаць і на ўвоз прадукцыі ва Украіну і непрызнаныя рэспублікі.
Законапраект унесла група дэпутатаў на чале з Сяргеем Міронавым.
Улады Украіны неаднаразова заяўлялі аб крадзяжы збожжа і іншай прадукцыі з акупаваных тэрыторый краіны. У інтэрнэце публікаваліся відэа, на якіх былі фуры, меркавана, са збожжам, якія накіроўваюцца ў бок Расіі. Частку збожжа вывозяць з краіны па вадзе — запоўненыя ім судны траплялі на спадарожнікавыя здымкі. Паводле ацэнак аналітыкаў, расіяне ўжо вывезлі з акупаваных тэрыторый каля 220 тыс. тон збожжавых культур. Расія ж адмаўляе факт крадзяжу збожжа.
Каментары