У Нацыянальным гістарычным музеі прыбралі фігуры Вітаўта і Ягайлы
Таксама верагодна, што да канца года экспазіцыю пра шляхту заменяць на Расійскую імперыю.

«На Вітаўта і Ягайлу напісалі скаргу. Стыль скаргі быў такі: «што гэтыя польскія акупанты тут робяць?» — кажуць знаёмыя з сітуацыяй.
Пра тое, што збіраюцца прыбраць экспазіцыю, прысвечаную шляхце (яна ў секцыі геральдыкі), «НН» паведаміла адразу нелькі чалавек з культурнай сферы.
У Нацыянальным гістарычным музеі адказалі, што цяпер на месцы фігур Вітаўта і Ягайла рэканструкцыя Крэўскага замка.
«Экспазіцыя пра геральдыку ў нас на другім паверсе ёсць. Наконт таго, што заменяць на нешта, звязанае з Расіяй, — не ведаю. Магчыма», — адказалі ў музеі, куды мы патэлефанавалі як наведнікі.
Скульптуры вялікага князя літоўскага Вітаўта і караля Ягайлы былі ўсталяваныя ў музеі ў 2011 годзе.
Вонкавы вобраз Вітаўта быў адноўлены на аснове выявы з асабістай пячаткі князя. За аснову партрэтнай выявы Ягайлы ўзята пластыка надмагілля караля, гарнітур адноўлены па выяве з абраза «Пакланенне трох каралёў». Над партрэтнымі скульптурамі працавалі мастакі Павел Лук і Юры Піскун.
Вітаўт (1350-1430) з'яўляецца адным з самых вядомых кіраўнікоў ВКЛ. Пры ім тэрыторыя княства значна пашырылася — ад Балтыйскага да Чорнага мора. Разам са стрыечным братам, польскім каралём Ягайлам, Вітаўт узначаліў бітву пад Грунвальдам у 1410 годзе, у выніку якой быў разгромлены Тэўтонскі ордэн.
Ягайла (каля 1362-1434), каб даць рады ціску Тэўтонскага ордэна, вырашыў, што ВКЛ неабходны саюз з Польшчай. Дзеля гэтага ён пасватаўся да польскай каралевы Ядвігі. У 1386 годзе ў Кракаве ён быў ахрышчаны па каталіцкіх звычаях і абвянчаны з ёй. Пасля таго Ягайла ахрысціў паводле заходняга (рыма-каталіцкага) абраду і тых жыхароў ВКЛ, якія да таго часу захоўвалі паганства, у тым ліку на тэрыторыі сучаснай Беларусі.
Менавіта з Крэўскай уніі, заключанай Ягайлам у 1385 годзе, пачаліся стагоддзі інтэграцыі Вялікага Княства Літоўскага і Каралеўства Польскага, вынікам чаго стала стварэнне ў 1569 годзе Рэчы Паспалітай Абодвух Народаў.
Чытайце таксама:
«У мэтах адарвання ад Расіі». Царская Расія ці лукашэнкаўская РБ: дзе «Нашай Ніве» працавалася лягчэй
«Сістэма абароны Вялікага Княства Літоўскага ў XVI—XVII стагоддзях». Публічная лекцыя Міколы Волкава ВІДЭА
Замест парэшткаў Вітаўта за сцяной Віленскай катэдры знайшлі толькі кучу камянёў. Але ўлады Літвы гатовыя выдаткаваць на працяг пошукаў яшчэ 1,5 мільёна еўра
Каментары