Андрэй пачаў будаваць уласны дом некалькі гадоў таму. Тады малады чалавек марыў уладкаваць халасцяцкі куток, дзе будзе шмат месца для вялікай кампаніі сяброў. Жыццё яго планы крыху адкарэктавала — у гатовыя квадраты Андрэй заехаў ужо з жонкай Інай. Realt.by расказвае гісторыю дома з незвычайным аздабленнем, які каштаваў усяго 18 тысяч даляраў.
«Без сяброў я б не змог пабудаваць дом так танна»
Маладая сямʼя жыве недалёка ад цэнтра Брэста. Андрэй пабудаваў свой дом на дзедаўскім участку, а дакладней, на месцы хлява. Ён пачаў узводзіць яго ў 2017 годзе, калі яшчэ быў халасцяком, хацеў зрабіць месца, дзе можна збірацца з сябрамі і ладзіць тусоўкі. А вось заканчваў унутранае аздабленне ўжо разам з Інай. Яны спяшаліся, бо хацелі пасля вяселля адразу заехаць у новае жытло. Ім удалося ўсё скончыць у тэрмін.
— Мы праходзілі баявую школу рамонту і сямейнага жыцця адначасова. Засяляліся, калі яшчэ не была нават гатовая кухня. Цяпер засталіся толькі знешнія працы: фасаднае ўцяпленне і афарбоўка — паціху дарабляем, — адзначае Андрэй. — Я марыў аб прасторнай зале, каміне і спальні, без вялікай колькасці пакояў і ўсякіх камор. Так і атрымалася. Магчыма, камусьці ён здасца непрактычным, бо адразу людзі трапляюць у залу і кухню, няма ніякага гардэроба ці калідора, але нам дваім пакуль вельмі падабаецца.
У Андрэя не было вялікага бюджэту. Ён хацеў патраціць на дом 20 тысяч даляраў. Сябры казалі, што гэта нерэальна і фінальная сума заўсёды атрымліваецца вышэйшай, чым запланаваная. Але ў выніку малады чалавек патраціў усяго 18 тысяч: у гэтую суму таксама ўваходзіць аздабленне і мэбля.
Уладальнік катэджа прызнаецца, што нялёгкай задачай было вызначыцца з матэрыялам.
— Я люблю дрэва, але я не хацеў, каб дом быў падобны на прытулак лесніка ці лазню. Да таго ж, гэты матэрыял патрабуе шмат клопату. Таму спыніліся на газасілікатных блоках, — распавядае Андрэй. Ён раней працаваў на будаўнічых абʼектах, але займаўся больш унутранай апрацоўкай, таму ў працэсе ўзвядзення свайго катэджа шмат чаму прыйшлося навучыцца. — Без сяброў я б не змог пабудаваць яго так танна. Мы разам залівалі бетон. Адзін навучыў класці блокі — паказаў мне на прыкладзе, абклаўшы першы шэраг. З дахам дапамог мой дзядзька, які не ўзяў з мяне ні капейкі. Унутранае аздабленне, драўляную столь, сёе-тое з мэблі я ўжо рабіў сам.
У інтэр'еры — ложак, што лунае над падлогаю і люстэрка са спілу ясеня
Дом атрымаўся на 75 «квадратаў». Пакой на другім паверсе займае 26,5 м². Усё астатняе прыпадае на першы паверх: кухня-гасцёўня, санвузел з душам і спальня, дзе ў паветры лунае драўляны ложак.
— Сябар-зваршчык зрабіў металічны каркас, які мы прамацавалі да сцяны. Далей стаяла пытанне, як яго абшаляваць дрэвам. Падумаўшы, вырашыў выкарыстоўваць рэшткі з даху. Для падгалоўя спатрэбіліся неабразныя дошкі, якія злучыў эпаксіднай смалой.
На прылеглай да ложка сцяне ўсё абшыта бетоннымі плітамі. Іх зрабіў для Андрэя брат.
— Яны даволі вялікія, але дзе-нідзе я іх рэзаў і камбінаваў на сценцы, каб атрымаць патрэбны малюнак. На плітцы ёсць такія круглыя выемкі. З-за іх мая мама падумала, што я іх не тым бокам да сцяны прыклаў, — смяецца хлопец.
Андрэй кажа, што ў іх амаль атрымалася рэалізаваць стыль лофт: ёсць і бетон, і крыху металу. З агульнай канцэпцыі ўдала выбіваюцца драўляныя бэлькі і рэйкі на столі. Яны надаюць прасторы лёгкасці.
— Я не збіраўся рабіць такую столь, планаваў усё зашыць гіпсакардонам, пашпакляваць, пафарбаваць — усё стандартна. Але так было шкада іх хаваць! Да таго ж, каб дабіцца такога колеру бэлек, я абпальваў іх газавай гарэлкай. Было б гэта падчас усталёўкі, усё праходзіла бы куды лягчэй. Потым з дапамогай металічнай шчоткі вычышчаў увесь гар. У кухні я замарочыўся яшчэ больш і папрацаваў яшчэ і балгаркай. З-за гэтага бэлькі ў кожнай зоне адрозніваюцца адценнем.
Андрэй таксама вырашыў засцяліць столь светлымі драўлянымі рэйкамі, але перад гэтым нацягнуў звычайны чорны спанбонд, які бачны ў шчылінах.
— Баяўся, што з часам там будзе збірацца павуцінне, але пакуль не пашкадаваў.
У доме сумешчаны санвузел. Замест ванны зрабілі душ, які хутка дачакае сваёй шкляной пярэгарадкі, але і цяпер лужын нідзе няма, бо зліў знаходзіцца ў ледзь прыкметным паглыбленні.
Сцены душавой упрыгожваюць плітка і дробная мазаіка. Самым масіўным элементам у пакоі з'яўляецца люстэрка ручной працы са спілу ясеня.
Другі паверх атрымаўся адкрытым, але з дапамогай гіпсакардону яго з лёгкасцю можна будзе перарабіць у асобны дзіцячы.
— Мы тут таксама эксперыментавалі з дахам. У нас заставаліся дошкі, якія я хацеў прыстасаваць накшталт рэек, але ў рэальнасці здавалася — як у кароўніку, таму перарабілі. Сцены мы таксама бачылі драўлянымі, таму вырашылі адштукаваць ламінатам, — паказвае Андрэй. — Над падлогай мы яшчэ думаем. Старыя бабуліны дываны, дарэчы, вельмі прыйшліся да інтэрʼеру. Шафы я зрабіў уздоўж сцен.
Ацяпляецца дом з дапамогай газавага катла і цёплай падлогі па ўсім першым паверсе. На другім узроўні цяпла дастаткова, але Андрэй вывеў трубы, каб у будучым зрабіць тут батарэі. Яшчэ ёсць вялікі камін.
«Плітачнік прарэзаў сцяну і прабіў трубу з вадой»
Касякі ў будаўніцтве таксама былі.
— Шукаў плітачніка і даверыўся першым лепшым — дзядулю, які калісьці гэтай справай займаўся, — успамінае Андрэй. — Ён абяцаў мне ўсё зрабіць як трэба. Я на час з'ехаў і не мог кантраляваць увесь працэс. Прасіў, каб у выпадку памылкі ён не працягваў працу, што ён, канечне, не зрабіў. У выніку швы ў некаторых месцах не сыходзіліся. Гэты касяк выпраўляў потым муж маёй сястры. Куды больш сурʼёзнай была іншая праблема. Плітачнік замест таго, каб разрэзаць плітку і падагнаць яе да сцяны, прарэзаў сцяну. Мужчына не паглядзеў, што ў мяне там выведзеная труба з вадой і прабіў яе, уяўляеце? Мне прыйшлося плітку выразаць, каб перапаяць гэтыя трубы. Нібыта і зэканоміў на працы, але патраціў час на выпраўленне касякоў.
Сямʼя ўсё робіць паступова, па магчымасці. Вось-вось у доме з'явяцца барныя крэслы. Андрэй з сябрам ужо пачалі варыць аснову пад іх. Пасля пачнуць будаўніцтва тэрасы, дзе будзе добра ў любую пару года.
Каментары