Мітболы «Сытныя», біфштэкс «Цудоўны». Якія навінкі прапануе школьнае меню сёлета
У Нацыянальным прэс-цэнтры 23 жніўня прайшла прэс-канферэнцыя на тэму арганізацыі харчавання дзяцей і падлеткаў у новым навучальным годзе. Дырэктар «Камбіната школьнага харчавання Мінска» Надзея Лукашэвіч распавяла, якія навінкі з'явяцца ў меню ўстаноў адукацыі, паведамляюць «Мінск-навіны».

Надзея Лукашэвіч адзначыла, што камбінат школьнага харчавання ўсё лета працаваў над новым меню. Па традыцыі, яго мяняюць кожную чвэрць.
— Ужо распрацаванае меню на першую чвэрць, яно атрымала ацэнку ў Рэспубліканскім цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Дарэчы, пералік страў будзе выкарыстоўвацца не толькі ў школах, але і ў ліцэі МУС, а таксама ў кадэцкім вучылішчы. Пры складанні меню тэхнолагі надавалі вялікую ўвагу густам дзяцей. Мы пакінулі ў першай чвэрці ўжо ўпадабаныя прадукты: шашлычок «Школьны» з філе кураняці, перапёлчыны яйкі, тварожна-шакаладную запяканку.
Дырэктар камбіната згадала і пра навінкі ў сталовым меню. Зусім хутка мінскія школьнікі змогуць пакаштаваць мітболы «Сытныя», курачку «Пікантную», біфштэкс «Цудоўны», кракет «Асаблівы» і запяканку «Здаравёнак».
— У меню буфетнай прадукцыі распрацаваны новы пірог «Ягадны» з пясочнага цеста з дадаткам ягаднага прыпасу, гэта значыць, працёртых ягад. Думаю, гэта будзе смачна і сытна. Навучэнцам 5-11-х класаў мы прапануем абед на выбар: з супам або без. Яшчэ паступіў запыт зрабіць стравы больш духмянымі і прывабнымі, таму ў новым навучальным годзе будзем прымяняць не толькі зеляніну — але і папрыку, — дадала Н. Лукашэвіч.
У новым навучальным годзе камбінат школьнага харчавання таксама працягне акцыю «Чыстая талерка». Сутнасць простая: за з'едзены абед школьнікам прапануецца ўзяць невялікі прыз у выглядзе сцяжка, шарыка або шакаладкі з лагатыпам камбіната.
— У мінулым годзе мы заўважылі, што ў дні правядзення акцыі дзеці елі ахвотна, у нас практычна на нуль былі зведзеныя адходы. У вялікай школе ў Каменнай Горцы, дзе вучацца каля 2 тысяч дзяцей, бачылі толькі аднаго хлопчыка, які абыякава паставіўся да прапановы атрымаць падарунак за чыстую талерку. Так што абавязкова працягнем акцыю ў новым годзе, — распавяла аб планах Н. Лукашэвіч.
Таксама дырэктар камбіната адзначыла, што любы з бацькоў можа патэлефанаваць па тэлефоне гарачай лініі 8 (017) 323-12-56 па любых пытаннях.
-
У Маскве мужчыны масава спрабуюць знаёміцца, мацаючы дзяўчат за ягадзіцы. Так загадаў рабіць сэкс-коўч з Беларусі
-
З 1 верасня беларусам, што едуць у Латвію, трэба будзе зарэгістравацца на спецыяльным партале і запоўніць анкету
-
Спецслужбы пад выглядам «друку сімволікі і сцягоў» спрабуюць падбіць беларусаў замежжа перадаць свае асабістыя звесткі
Каментары